“ЗАПАХЛА ІМПІЧМЭНТАМ?”

14 лістапада польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Усплыла тэчка савецкай дзяржбясьпекі. У самы важны момант старшынства Летувы ў Эўразьвязе.

Ці прэзыдэнт Даля Грыбоўскайтэ падчас вучобы ўступіла ў супрацоўніцтва з КГБ? — такую тэму падкінулі летувіскай грамадзкай думцы публічныя расейскія крыніцы.

Гэта адбылося за пару тыдняў да надзвычай важнага для ўсяго рэгіёна саміта Усходняга Партнёрства ў Вільні, які павінен стацца ўкаранаваньнем (першага) летувіскага старшынства ў Эўразьвязе. Гаспадыня саміта Грыбаўскайтэ павінна была ў атачэньні Ангелы Мэркэль, Франсуа Аланда і Дэвіда Кэмэрана назіраць, як прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч паставіць свой подпіс пад дамовай аб супрацоўніцтве з Эўразьвязам. Крэмль шмат робіць, каб гэта не адбылося.

Але ў справе ачарненьня летувіскіх палітыкаў Крамлю ня трэба так моцна высільвацца. Усё пачалося 31 кастрычніка з інфармацыі зь летувіскіх спэцслужбаў, якая працекла ў прэсавую агенцыю BNS. Уцечка інфармацыі была папярэджаньнем аб тым, што Даля Грыбаўскайтэ станецца мэтай “атакі дэзынфармацыі”.

Як апісаў гэта журналіст партала Business New Europe, гэта адбылося ў дзень, калі яна брала ўдзел у сустрэчы з прэзыдэнтамі Эстоніі і Латвіі ў латвійскім замку. І яна казала там, што назіраецца беспрэцэдэнтны ціск з боку Масквы, якая разьвязвае гандлёвыя і прапагандысцкія войны супраць дзяржаваў, што шмат чакаюць ад віленскага саміта Партнёрства. Раней расейская санэпідэмслужба — як яна гэта зазвычай робіць у дачыненьні да краін, на якія акрысілася Масква — заблакавала імпарт летувіскіх сыроў. А па расейскаму тэлебачаньню, якое прымаецца ў Летуве, паказалі правакацыйны фільм пра падзеі 13 студзеня 1991 г., вырашальных для разьвітаньня з савецкай дамінацыяй.

Праз колькі дзён ужо было вядома, што атаку правёў партал Rubaltic.ru з расейскага Калінінграда. Там прагучала меркаваньне, што падчас навучаньня эканоміцы ў Ленінградзе, якое працягвалася падазрона даўжэй за стандартныя пяць гадоў (з 1976 па 1983 г.), цяперашняя прэзыдэнт Летувы зьвязалася з КГБ.

— Такая інфармацыя ўсё яшчэ мае ўплыў на выбаршчыкаў, напэўна праз колькі гадоў так ужо ня будзе. Хаця прамінулі два дзесяцігоддзя з часу атрыманьня незалежнасьці, мы яшчэ ня можам супрацьстаяць такім правакацыям. Ня трэба адмыслова высільвацца, каб выклікаць вэрхал у Летуве. — кажа “Rz” Анджэй Пукшта, палітолаг з Унівэрсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне, і дадае, што напэўна йшлося “пра згушчэньне хмараў” перад самітам Партнёрства.

Апошнім важным палітыкам, якому нанесла шкоду адкрыцьцё, што ён працаваў на КГБ, быў Антанас Валёніс, кіраўнік МЗС у 2000-2006 гадах, а раней быў амбасадарам у Варшаве.

Аўдрус Бачуліс, вядомы публіцыст штотыднёвіка “Veidas”, мяркуе аднак, што зацікаўленасьць тэмай савецкага мінулага пані прэзыдэнт невялікая, нягледзячы на запланаваныя на наступны год выбары, на якіх яна будзе імкнуцца пераабрацца. — Яны жыруюць на тым, што нямногія памятаюць падрабязнасьці савецкай рэчаіснасьці. Паўстае пытаньне, што яна рабіла на вучобе ў Ленінградзе на працягу сямі гадоў? А ў гэтым няма нічога дзіўнага, гэта былі вячэрнія заняткі, а такія працягваліся шэсьць гадоў. Грыбаўскайтэ пачынала вучобу з такзванага рабфака, а гэта яшчэ дадатковы год. — патлумачыў “Rz” Бачуліс.

Падобнае адбываецца таксама, як мяркуе ён, з тэчкай на бацьку пані прэзыдэнт, падкінутай летувіскім журналістам расейцамі. Некаторыя прышлі да высновы, што ён быў агентам НКВД (папярэдніка КГБ), хаця — як сьцьвярджае публіцыст “Veidas” — быў ён усяго толькі кіроўцам пажарнай машыны, а пажарная служба была ў падпарадкаваньні гэтых службаў.

— Уцечка пра набліжэньне расейскай уцечкі паходзіць ад летувіскіх службаў. Яны, як я пачуў ад калегаў па пяру з Вільні, падкідваюць гарачыя матэр'ялы ў СМІ прынамсі па некалькі разоў на год. Левыя праціўнікі пані прэзыдэнт зацікавіліся не зьместам, а самым фактам уцечкі. Яны запатрабавалі тэрміновага адкрыцьця сьледства і пакараньня вінаватых. Бо службы падпарадкаваны пані прэзыдэнт, а не левацэнтрысцкаму ўраду.

— Я ўжо падумаў, што распачнецца новы імпічмэнт. — іранізаваў на тэму ўцечак і падрыхтоўкі правакацый публіцыст Віргіліюс Савукінас. Імпічмэнтам скончылася ў 2004 г. прэзыдэнцтва Раландаса Паксаса, якога абвінавацілі ў блізкіх кантактах з расейцамі.

Ежы Гашчыньскі

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/38,1064881-Zapachnialo-impeachmentem.html