ПЛАНАМЕРНАЯ ПАЛІТЫКА НЕНАВІСЬНІКАЎ БЕЛАРУСІ БУДЗЕ ЛІКВІДАВАНА

(Лістападаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

17 лістапада сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, — “Беларуская зброя ў барацьбе за сябе” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Дакладчыкі казалі пра крызісныя працэсы, якія набіраюць моц у акупаванай прамаскоўскім рэжымам Беларусі. Многія людзі ўжо даюць адэкватныя ацэнкі таго, што адбываецца зь імі і вакол іх. Многія задаюцца пытаньнямі, ад якіх спрабавалі адмахнуцца на працягу гадоў, і шукаюць адказаў на іх, шукаюць праўдзівай інфармацыі. Апошнім часам фронтаўскае кіраўніцтва выступіла з заявамі, якія знайшлі водгук у сэрцах беларусаў. Нездарма былі мабілізаваныя некаторыя асобы, якія дзейнічалі пад прыкрыцьцём пэўны пэрыяд. Яны паспрабавалі супрацьдзейнічаць праўдзе аб значэньні беларускай мовы ў адраджэньні Беларусі і нашым дзяржаўным разьвіцьці. Людзі называюць цяпер гэтых гукальшчыкаў “спаленымі” і “праваленымі”. Яны сапраўды раскрыліся.

Няма будучыні ў тых, хто спрабуе затаптаць нашу мову і культуру, хто фальшыва бачыць пэрспэктыву Беларусі ў злачыннай палітыцы русіфікацыі і падпарадкаваньні варварскай маскоўскай імпэрыі. Фронтаўцы па ўсёй краіне тлумачаць актыўным і прадпрымальным людзям, што адбываецца зь імі і іхняй маёмасьцю. Хваля канфіскацый і рэпрэсій супраць прадпрымальнікаў, супраць тых, хто спрабуе наладзіць прыбытковую справу, жыць заможна, займаецца стваральнай працай, гэтая хваля толькі набірае абароты. Рэжыму патрэбныя грошы. Да таго ж, акупацыйны рэжым існуе для таго, каб не даць беларусам падняць галавы, узбагаціцца, стаць на ногі, быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Рэжым будзе адбіраць тое, што беларусы нажылі сваёй працай, кемлівасьцю і актыўнасьцю, таму што няма палітычных гарантый нацыянальнай бясьпекі. Фронтаўцы даўно папярэджвалі: “Калі аддасьцё мову і культуру, то забяруць і маёмасьць”. Падзеі пацьвярджаюць праўдзівасьць гэтага папярэджаньня. Выйсьце з гэтага тупіка можа быць толькі палітычнае. З усталяваньнем беларускай улады будзе спынены працэс крымінальнага абрабаваньня беларусаў.

Два бакі рэжыму (уласна рэжымны і псэўдаапазыцыйны) заранёў пачалі дэмагагічную кампанію на тэму “выбараў”. Актывізаваліся вядомыя асобы, якія ўжо вадзілі беларусаў на псэўдавыбарчыя фарсы і такім чынам ратавалі дыктатуру і яе начальніка. Яны спрабуюць і гэтым разам дэзарыентаваць наша грамадзтва і прымусіць яго браць удзел у чарговых фарсах. Салідарным адказам грамадзтва на гэтыя правакацыі павінен быць усенародны Байкот рэжымных псэўдавыбараў. Прамаскоўскі рэжым баіцца толькі Байкота і таму сьпяшаецца прыняць чарговыя рэпрэсіўныя папраўкі ў заканадаўства, каб згвалціць людзей і прымусіць іх выконваць свой сцэнар. Але гэтыя спробы сьведчаць толькі аб страху рэжыма перад народным супрацівам і набліжэньне яго краху.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра разгром, наладжаны антыбеларускім рэжымам на вёсцы. Гаспадаркі распадаюцца, людзі ня маюць працы і заробкаў, ідзе алкагалізацыя насельніцтва. Але гэта толькі зьнешне “натуральны працэс заняпаду”. Ва ўсім адчуваецца планамерная палітыка ненавісьнікаў Беларусі. Унівэрсальнай практыкай зьяўляецца наступнае: рэжым зачыняе беларускія школы ў вёсках і дзяцей возяць у аддаленыя мястэчкі і большыя вёскі, дзе школы функцыянуюць у расейскай мове. Па ўсёй краіне можна назіраць крызіс даверу да рэжыма і ягоных кіраўнікоў. Людзі спрабуюць наладзіць “паралельнае жыцьцё”, як мага менш залежаць ад уладаў, успрымаюць рэжым як нешта чужое і варожае. Што б ні заяўляла рэжымная прапаганда і ўзурпатар улады, як бы эфэктна гэта ні гучала, людзі перасталі заўважаць гэтую дэмагогію і абмяркоўваць яе. Паступова рэжым застаецца сам-на-сам з самым сабой. Такі рэжым ня мае будучыні.

Сойм абмеркаваў пытаньні асьветніцкай і палітычнай працы.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

17 лістапада 2013 г.