БЕЛАРУСКАЯ ЗБРОЯ Ў БАРАЦЬБЕ ЗА СЯБЕ

(Выступ на лістападаўскім 2013 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

За апошні час адбылося шмат падзей, выказана шмат думак і ідэй, якія закранаюць асновы нашага народнага існаваньня.

Найперш спынюся на галоўнай падзеі апошняга часу — на забойстве турэмнымі службамі рэжыму маладога чалавека ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Быў забіты 21-гадовы юнак Ігар Пцічкін, які не зрабіў ніякага злачынства, не займаўся палітыкай, не выступаў супраць вусатага рэжыму. Яго асудзілі на тры месяцы за парушэньне правілаў дарожнага руху — язду без правоў — і праз чатыры дні забілі ў СІЗА ў выніку жорсткасьці антычалавечай турэмнай сістэмы.

Антычалавечы рэжым цяпер хоча схаваць гэтае чарговае забойства чалавека і ўжывае рэпрэсіі супраць сваякоў, праваабаронцаў і сяброў забітага, якія пратэстуюць, патрабуюць рассьледваньня, суду і пакараньня забойцаў. Але замест пакараньня забойцаў, рэжым схапіў маці забітага і праваабаронцу і пачаў судзіць іх за патрабаваньні асудзіць злачынцаў.

Вось гэта і ёсьць антыбеларускі акупацыйны рэжым і акупацыйная палітыка, тыповыя адносіны да акупаванага насельніцтва. Беларус, беларускі чалавек для акупацыйнага рэжыму ёсьць ніхто і нішто. І няважна якога ўзроўню гэты беларус: ці ён просты чалавек Ігар Пцічкін, ці гэта вялікі пісьменьнік, знаны акадэмік, гонар нацыі. Для акупантаў не існуе гонару. Чужы гонар яны нішчаць. Ён для іх нішто. Так было арганізаванае рэжымам зьбіцьцё паважаных знакавых асобаў Беларусі — акадэміка Радзіма Гарэцкага, Адама Мальдзіса, Юрыя Хашчавацкага, Валерыя Мазынскага, Юрыя Беленькага, затачэньне ў турму мастака Аляксея Марачкіна, паэта Ўладзімера Някляева і інш. Грамадзтва выцерлася і змаўчала.

Антыбеларускі рэжым Лукашэнкі, будучы па сваёй прыродзе маскоўска-гэбісцкім, паўтарае тыповыя паводзіны гітлерскага акупацыйнага рэжыму на Беларусі. Акупаванае насельніцтва ў немцаў было непадзельным. Ніякія заслугі і ўзроўні акупаваных людзей для немцаў ня мелі значэньня. Усе былі “унтэрмэншы”. Для ўсіх аднолькавы рэжым, аднолькавая куля, пятля і газавая камэра. І калі сярод немцаў зьяўляўся які-небудзь наватар тыпу Вільгэльма Кубэ, які пачынаў цаніць культуру і прафэсіяналізм “недачалавекаў”, каб скарыстаць іх на службу Райху, то яго забівалі, як белую варону ў чорнай зграі.

Дакладна такая псіхалогія і справы ў антыбеларускім рэжыме пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Тут усе нармальныя людзі, што патрапілі ў лукашысцкія камэры, ёсьць палітычнымі пакутнікамі Беларусі. Бо яны “вінаватыя” у тым, што яны маладыя, як Ігар Пцічкін, што яны справядлівыя, як Мікола Аўтуховіч, што яны патрыятычныя, як Сяргей Каваленка, што яны звычайныя беларусы, якія маюць годнасьць і не схіляюцца перад паскудствам.

І такіх беларусаў шмат. Яны вырастаюць і ўздымаюць галаву. Ніколі ня будуць забытыя ахвяры і пакуты нашых простых людзей. Усё пераменіцца. І тады — забойцы і злачынцы будуць пакараныя і адкажуць за ўсё.

* * *

Другая тэма, на якой я хачу засяродзіцца, — гэта тыя ідэі абароны нашай мовы, якія агучыў у час адзначэньня Дзядоў Юры Адамавіч Беленькі. Беларуская нацыя трымаецца на беларускай мове і на гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Таму мова ёсьць галоўным пытаньнем нашай абароны і галоўнай задачай зьнішчэньня з боку маскоўскіх ворагаў чалавецтва. Істэрыка агентуры пасьля выступу Юры Беленькага ўскосна ўсё тое пацьвярджае.

Беларуская мова ёсьць наша ўсеагульная нацыянальная каштоўнасьць незалежна ад палітычных і сацыяльных падзелаў. Мова аб'ядноўвае ўсіх нас, беларусаў, усю нацыю.

Адначасна наша беларуская мова ёсьць наймагутнейшая зброя ў змаганьні з антыбеларускім рэжымам, зарукай перамогі над ім, чыньнікам нашай сьветлай будучыні. Гэтай зброяй-мовай можа карыстацца кожны беларус. Дастаткова толькі пачаць усюды ў сваёй краіне на ёй гаварыць і пісаць. Рэжым адразу стане панікаваць, курчыцца, пачне палохаць, перасьледваць, забараняць. Ня трэба баяцца. Бо мова — гэта такая зброя, перад якой рэжым бяссільны. Толькі трэба за зброю ўзяцца.

Для шмат якіх ужо зрусіфікаваных па мове беларусаў такое рашэньне будзе няпростым і нават нялёгкім. Але не бяда. Пачынайма ад самага простага — пасылаем нашых дзяцей у беларускую школу. Паверце, што будзе, як напісана, — дзеці дапамогуць бацькам і адродзяць моўную Беларусь. Трэба толькі спрыяць нацыянальнаму беларускаму навучаньню. А дзе ўжо нішчыцелі пазачынялі і ліквідавалі беларускія школы, патрабуйце іх адчыніць і адначасна мусіць быць патрабаваньне, каб вышэйшая і спэцыяльная прафэсійная адукацыя таксама была беларускай. Дзеці мусяць мець магчымасьць вучыцца далей.

У нас, у беларусах, у нашым грамадзтве дрэмле вялікая нацыянальна-культурная сіла, якую трэба разьняволіць і даць ёй дарогу.

У пачатку 90-х, калі стаяла задача хуткай пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы, галоўную ўвагу Народны Фронт канцэнтраваў на эканоміцы, фінансах, банкаўскай сістэме, нацыянальным войску, нацыянальнай валюце, межах, міжнароднай палітыцы, вольных сродках масавай інфармацыі і на беларускай школе і адукацыі. Канцэпцыя БНФ адраджэньня мовы, беларускай школы і адукацыі выдатна апраўдала сябе нават у тых умовах. Быў рэалізаваны спакойны вольны падыход. Грамадзтва само імкнулася да беларускай мовы і адукацыі. Справа ішла спрыяльна, няцяжка і з прыхільнасьцю. І ўжо праз тры гады дала добрыя вынікі.

Цяпер маскоўская агентура аж шалее, каб усё тое абпляваць, прыдумвае фантастычныя прапагандысцкія небыліцы, на якія нават было няёмка рэагаваць. Такая ўжо гэта прымітыўная гёбэльсаўшчына пра “чамаданы на вакзале” ды пра тое, як беларусы “душылі рускіх”. Не душылі, бо рускія самы ішлі ў беларускія школы і бачылі сябе інтэграванымі ў Рэспубліку Беларусь.

У плане працы Ценявога Кабінэту я падсумаваў некаторыя тэзісы нашай фронтаўскай моўнай палітыкі, якія, на маю думку, варта будзе ажыцьцяўляць пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму. Пры ўмове, вядома, што беларускае нацыянальна-дэмакратычнае Адраджэньне будзе мець магчымасьць прысутнічаць ва ўладзе і ўплываць на палітыку беларускай дэмакратычнай дзяржавы. Гэтыя тэзісы адлюстраваны ў артыкуле “Вяртаньне мовы і свабоды”, які тут публікуецца.

Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

17 лістапада 2013 г.