ЖАХІ ПАЎНОЧНАЙ КАРЭІ

11 лістапада нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” апублікавала артыкул пад тытулам “Мяркуецца, што 80 чалавек былі публічна пакараныя сьмерцю”. Вось гэты артыкул:

У Паўночнай Карэі, паводле паведамленьня паўднёвакарэйскай газэты, 80 чалавек былі публічна пакараныя сьмерцю за валоданьне забароненымі тэлесэрыяламі або па абвінавачваньні ў прастытуцыі.

У Паўночнай Карэі, паводле паведамленьня, да 80 чалавек былі публічна пакараныя сьмерцю. Большасьць зь іх былі асуджаныя на сьмерць за тое, што валодалі забароненымі тэлесэрыяламі з Паўднёвай Карэі або абвінавачваліся ў прастытуцыі, як паведаміла паўднёвакарэйская газэта “JoongAng Ilbo” са спасылкай на неназваную па імені крыніцу.

Паводле інфарматара, які ад нядаўняга часу знаходзіцца ў камуністычнай краіне, пакараньні сьмерцю адбыліся 3 лістапада ў сямі гарадах. Ва ўсходнім партовым горадзе Васан улады сабралі 10000 гледачоў на стадыёне, дзе потым былі расстраляныя восем чалавек.

З колаў паўночнакарэйскіх уцекачоў паступілі зьвесткі, што паведамленьне супадае з чуткамі, якія даходзяць з краіны. Урад у Пхэньяне відавочна баіцца перавароту ў грамадзтве і хоча запалохаць насельніцтва, — сказаў супрацоўнік аднаго вэб-сайта актывістаў. Іншая група паўночнакарэйскіх праціўнікаў рэжыму не магла, аднак, пацьвердзіць паведамленьне. Прагляд замежных сэрыялаў або фільмаў ў Паўночнай Карэі вельмі строга забаронены. Але дзякуючы падпольнай лічбавай тэхніцы гандаль нелегальнымі відэа квітнее.

AFP

Пераклаў зь нямецкай В. Буйвал

Крыніца: http://www.faz.net/aktuell/politik/ausland/asien/nordkorea-angeblich-80-menschen-oeffentlich-hingerichtet-12658089.html

Вядома, што апошні раскошны палац начальніка антыбеларускага рэжыму ў Менску будавалі некалькі сотняў рабоў, прывезеных рэжымам з Паўночнай Карэі. Нічога не вядома, у якіх умовах працавалі гэтыя няшчасныя людзі, як яны жылі, харчаваліся і г.д. Не вядома, што цяпер зь імі. З будоўлі толькі даходзілі зьвесткі аб тым, што рабы заяўлялі: мала працы, давайце яшчэ! Беларусы, ведаючы камуністычнае рабства, добра разумеюць, што значыць такая інфармацыя.

Выкарыстаньне на будоўлі дыктатарскага палаца карэйскіх рабоў ёсьць ня толькі дзікім амаральным учынкам, які сьведчыць пра духоўны стан рэжыму і яго начальнікаў. Гэта ёсьць злачынства супраць чалавечнасьці. Да такога стану акупацыйная хунта хоча давесьці наш народ.

Сымон Рудзік