УГОДКІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ




Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ правяла мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар 93-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. 24 лістапада аўтобус з менскімі сябрамі Партыі ад'ехаў на Случчыну. Патрыёты наведалі мясьціны, дзе адбываліся галоўныя падзеі Слуцкага Збройнага Чыну: вёскі Грозаў і Семежава і мястэчка Вызну (цяпер Чырвоная Слабада). У мерапрыемствах удзельнічалі таксама фронтаўцы з Салігорска, Слуцка, Баранавічаў, Клецка. Людзі сьпявалі рэлігійныя і ваярскія гімны, гукалі “Слава героям!” і “Жыве Беларусь!” Мітынгі і шэсьці ў кожнай мясьціне адбываліся пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і транспаратамі “Слуцкі Збройны Чын. 1920 год”, “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!” Да Крыжоў, пастаўленых фронтаўцамі яшчэ ў 1990-я гады, былі ўскладзены кветкі. Прысутныя маліліся, запальвалі сьвечкі і зьнічкі. Разам з сталымі фронтаўцамі на Случчыну прыехалі таксама маладыя людзі. Многія зь юнакоў і дзяўчат упершыню наведалі гэтую змагарную зямлю.

На мітынгах у розных мясьцінах быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронта “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Слава слуцкім змагарам!” (публікуецца). Выступалі Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, а таксама Алесь Чахольскі, адказны сакратар Управы Фронту і Партыі. Выступоўцы адзначылі, што самаахвярны подзьвіг герояў-случакоў ня быў дарэмным. Яны ўступілі ў няроўны бой з магутнымі сіламі лютага ворага. Выйграць вайну з бпльшавіцкай ардой тады не ўдалося. Але без Слуцкага Збройнага Чыну, без гераізма беларускіх патрыётаў у 1920 годзе цяжэй было б потым змагацца фронтаўскаму рушэньню за незалежную Беларусь. Слуцкі змагарны чын натхняў змагароў у 1980-1990-х гадах.

У 1991 годзе была зьдзейсьнена мара слуцкіх змагароў і абаронцаў Беларусі ўсіх пакаленьняў — адраджэньне Беларускай дзяржавы. Не выпадкова найбольш грунтоўна і пасьлядоўна расейскія акупанты нашай зямлі ўвесь час нявечылі і нішчылі духоўнае жыцьцё беларускага народа — гістарычную памяць, нацыянальную традыцыю, ваярскі дух, нашу прыўкрасную мову. Яны й цяпер праз марыянэткавы рэжым імкнуцца працягнуць гэтае разбурэньне, каб канчаткова ліквідаваць наш народ і захапіць-апаганіць нашу краіну. Апошнім часам акупанты праз свае падстаўныя структуры і наймітаў спрабуюць дыскрэдытаваць памяць аб вялікіх людзях Беларусі, аб іх змаганьні і творчых зьдзяйсьненьнях. Замахнуліся і на Янку Купалу, і на Кастуся Каліноўскага, і на Слуцкі Збройны Чын. Хочуць вытравіць зь беларускай душы ўсё сьвятое і пакінуць у ёй толькі русіфікатарскі сурагат. Усё робіцца для таго, каб беларусы сталіся рабамі. Мы не дапусьцім гэтага, мы будзем бараніць нашу духоўнасьць і традыцыю. Не дапусьцім, каб родная Беларусь растварылася ў імпэрска-маскоўскім балоце. Подзьвіг случакоў натхняе на змаганьне за Радзіму. Слава героям! Жыве Беларусь!

Людзі прайшлі шэсьцем праз цэнтар Слуцка. Перад гістарычным будынкам, дзе ў 1920 годзе адбыўся Зьезд Случчыны, быў праведзены мітынг. Да ўдзельнікаў шэсьця далучылася шмат мясцовых жыхароў. На ўсім шляху Слуцкага Збройнага Чыну людзі сьпявалі гімн “Магутны Божа”. Гучалі беларускія патрыятычныя песьні і ваярскія гімны.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

24 лістапада 2013 г.