“КОШТ УКРАІНСКАЙ СВАБОДЫ”

4 сьнежня польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Пуцін не стрымае рэвалюцыю. — кажа “Rz” Каардынатар Пратэстнай Акцыі Аляксандр Турчынаў.

Журналіст: Апазыцыя прайграла галасаваньне ў парляманце. Што далей?

Турчынаў: Сёньня Віктар Януковіч згубіў шанец вырашэньня канфлікта палітычным шляхам. Да гэтага не дайшло б, калі б ён пагадзіўся ня толькі на адстаўку каманды (прэм'ера — рэд.) Азарава, але таксама абвясьціў бы датэрміновыя парляманцкія выбары. На жаль, ён не захацеў пайсьці насустрач жаданьням народа. Яму здаецца, што ён здолее сьцішыць навальніцу, якая выбухнула ва Ўкраіне, абапіраючыся на падтрымку Расейскай Фэдэрацыі і іншых рэжымаў, якія супрацоўнічаюць з Масквой. Ён мяркуе, што змусіць украінцаў падпарадкавацца. Таму ня хоча пагадзіцца на саступкі. Да гэтай пары ніхто не адказаў за зьбіцьцё дзяцей, якія бралі ўдзел у маніфэстацыях у нядзелю. Нікога не арыштавалі, нікому ня выставілі абвінавачваньняў.

Журналіст: Аднак, Януковіч паабяцаў аднавіць перамовы з Эўразьвязам аб асацыятыўнай дамове.

Турчынаў: Пакуль урад Азарава будзе ва ўладзе, эўрапейская пэрспэктыва немагчымая. Таму сёньня Майдан прыняў рашэньне заблакаваць ужо ня толькі сядзібу ўрада, які ашукаў украінцаў, але таксама й сядзібу прэзыдэнта, які ня хоча слухаць народ.

Журналіст: Як доўга вы будзеце блакаваць доступ да прэзыдэнцкага палаца?

Турчынаў: Так доўга, аж пакуль ня будуць прынятыя пастулаты: адстаўка ўрада і прэзыдэнта, а таксама абвяшчэньне датэрміновых прэзыдэнцкіх і парляманцкіх выбараў.

Журналіст: Гэта можа працягвацца месяцамі. На двары зіма. Ці сапраўды людзям хопіць рашучасьці, каб вытрымаць столькі часу?

Турчынаў: Я ня думаю, каб спатрэбіліся месяцы. Паўстаў ня толькі Кіеў, паўстала ўся Ўкраіна! У большасьці рэгіёнаў адбываецца тое самае, што ў сталіцы. Людзі ня хочуць, каб імі нехта варочаў. Ня хочуць, каб зноў у іх за плячыма і іхным коштам адбудоўвалася савецкая імпэрыя. Людзі хочуць жыць у эўрапейскай, цывілізаванай краіне. Яны прагнуць гэтага для сябе і перш за ўсё для сваіх дзяцей. Таму я перакананы: калі ўжо паўстане ўся Ўкраіна, калі ўсе далучацца да нас, разьвязка настане вельмі хутка.

Журналіст: Як будзе выглядаць гэтае паўстаньне?

Турчынаў: Гэта перш за ўсё агульнанацыянальны страйк, але таксама палітычныя дэманстрацыі ў вялікіх гарадах, ва ўсіх рэгіёнах. На працягу колькіх дзён гэта адбываецца ў заходняй Украіне. А цяпер мы бачым, што і Ўсход пачынае падымацца з каленяў.

Журналіст: А Вы не баіцеся рэакцыі Януковіча?

Турчынаў: Ён спрабуе мабілізаваць паўкрымінальны сьвет. Падчас парляманцкай сэсіі ён хацеў арганізаваць альтэрнатыўны мітынг насупраць Майдана. Ды толькі яму ўдалося сабраць можа з 500 хлапцоў, зь якіх — як аказалася пазьней — частка былі міліцыянты ў цывільнай вопратцы, што прыбылі з Крыма. Ну і пяць тысяч людзей з “Беркута”. Вось уся яго сіла. А за дэмакратыю сотні тысячаў, мільёны.

Журналіст: У Польшчы ў 1980 г. “Салідарнасьць” была яшчэ больш колькаснай, але нягледзячы на гэта генэрал Ярузэльскі ўжыў армію. Ці не баіцеся Вы падобнага сцэнару тут?

Турчынаў: Гісторыя Польшчы паказала, што ваеннае становішча не спыніла марш краіны да дэмакратыі, у Эўропу. Зразумела, я не магу выключаць, што Януковіч возьмецца за сілавыя мэтады, выведзе танкі на вуліцы. Але такім чынам можна здушыць пяць, дзесяць тысяч чалавек. Аднак ня ўдасца арыштаваць усю Ўкраіну. Мы гэта ўжо праходзілі. Такая акцыя магчымая толькі тады, калі рэжым у Кіеве мае падтрымку Крамля. А калі вернецца дэмакратыя, Пуцін панясе паразу, павінен будзе адступіць, як гэта ўжо было ў 2004 г. пасьля перамогі аранжавай рэвалюцыі.

Журналіст: Пуцін мае таксама іншыя магчымасьці ціску. Можа спыніць пастаўкі газа, закрыць увесь расейскі рынак для ўкраінскіх экспарцёраў, штурхнуць эканоміку на ўскраек банкруцтва.

Турчынаў: Ня думаю, што ён мог бы значна паўплываць на сытуацыю ва Ўкраіне. Людзі паўсталі ў імя свабоды. І няма такога кошту, які яны не заплацілі б, каб здабыць свабоду.

Размаўляў Енджэй Белецкі

Пераклаў з польскай В. Буйвал.

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1069734-Turczynow--Putin-nie-powstrzyma-rewolucji.html