“У РАСЕІ ТОЛЬКІ ПА-РАСЕЙСКУ?”

12 сьнежня польская газэта “Rezczpospolita” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Два дэпутаты з нацыяналістычнай Лібэральна-Дэмакратычнай Партыі Расеі (ЛДПР) запрапанавалі, каб забараніць размовы на месцы працы на любой мове, акрамя расейскай.

“Замежнікі, што працуюць у Расеі, часта не размаўляюць па-расейску, а гэта можа прывесьці да сур'ёзных праблем, — аргумэнтавалі Ян Зялінскі і Алена Афанасьева. — Яны размаўляюць між сабой на роднай мове ў працоўны час, выклікаючы абразу мясцовых”, — сцьвярджалі дэпутаты.

Закон, які яны запрапанавалі, павінен абавязаць карыстацца на працоўным месцы расейскай мовай або афіцыйнай мовай дадзенага рэгіёна. Замежнік або асоба без грамадзянства перад прыёмам на працу павінны падпісаць дамову, якая абавязвае іх выконваць гэта.

Расейшчына ёсьць адзінай дзяржаўнай афіцыйнай мовай, але ў шматнацыянальных рэспубліках выкарыстоўваюцца больш за дваццаць іншых моваў, якія ў канкрэтных рэгіёнах роўныя з расейшчынай.

Заканадаўцы не ўдакладнілі, ці гэты закон будзе выкарыстоўвацца толькі па мове, а можа яшчэ й на пісьме, і як гэта паўплывае на функцыянаваньне замежных прадпрыемстваў ці, напрыклад, замежных прэсавых агенцый, якія дзейнічаюць у Расеі.

На працягу апошніх гадоў разам з масавым наплывам замежных работнікаў у Расеі ўвесь час расьце міжэтнічная напружаньне. Хаця непрыязь накіравана перш за ўсё на мігрантаў з Каўказу і імігрантаў з Сярэдняй Азіі ды з былых савецкіх рэспублік, зь недаверам прыймаюцца ўсе, каго разглядаюць як чужаніц.

Паводле кастрычніцкага зандажу незалежнага Цэнтра Лявады, 66% расейцаў ў пэўнай ступені пагаджаецца з ідэяй “Расеі для расейцаў” у параўнаньні з 55% у 2002 годзе.

Дырэктар Цэнтра Лявады Леў Гудкоў сказаў Радыё Свабода (фінансаванаму Кангрэсам ЗША і набліжанаму да расейскай апазыцыі), што на аснове дасьледваньняў мяркуецца, што ад 70 да 80% расейцаў зьяўляюцца ў пэўнай ступені ксэнафобамі.

Ежы Дудэк

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1072102-W-Rosji-tylko-po-rosyjsku-.html