СПЭЦЭФЭКТЫ НА СЦЭНЕ ЧУЧХЭ

Вядома, што ідэалогія чучхэ (паўночнакарэйскі варыянт марксізма-ленінізма з экзатычнай тэорыяй і жудаснай практыкай) зьяўляецца ідэалам антыбеларускага рэжыма. Не выпадкова, што вельмі шчыльна разьвіваюцца ўзаемныя адносіны паміж дзьвюма гэтымі сацыяльна-палітычнымі анамаліямі сучаснага сьвету. Настолькі шчыльна, што менскі палац мясцовага дыктатара прыслалі будаваць некалькі сотняў рабоў з паўночнакарэйскага кашмара. Яны палац пабудавалі, што зь няшчаснымі людзьмі цяпер, невядома. Прамаскоўскі рэжым робіць усё дзеля набліжэньня нашага беларускага жыцьця да нормаў пхэньянскага чучхэ. Але і там — на могілках дэмакратыі — адбываюцца часам дынамічныя падзеі.

Днямі паўночнакарэйскае тэлебачаньне паказала, а СМІ розных краін рэпрадукавалі, як у Пхэньяне адбываецца “зьмена пакаленьняў”. Дыктатар Кім Ён-Ун загадаў арыштаваць роднага дзядзьку і асобу №2 у рэжымнай гэрархіі — Ян Сон-тхэка. Яго ўзялі пад рукі і скруцілі падчас партыйна-гаспадарчага актыву на вачах сотняў начальнікаў і мільёнаў тэлегледачоў. Афіцыёз адразу ж абвясьціў тав. Яна “ідэалагічна хворым” і абвінаваціў яго ў спажываньні наркотыкаў, захапленьні слабым полам і гульнямі ў казіно.

Вось гэта спэцэфэкт на сцэне нацыянальнага паліттэатру! Ёсьць, што абмеркаваць. Гэта вам не карцінныя “я вам голавы паадкручваю і так будзеце хадзіць!..” ад начальніка менскага чучхэ. Апошнім часам ён разгортвае такія сцэны на экранах БТ амаль штовечар. Начальства апускае галовы, нешта старанна канспэктуе ў нататніках і ў сваю чаргу ўдае трымценьне ад “гнева гасударавага”. І вось жа дзіва. Яны так стараюцца, а публіка тэлевізар выключае. На наступны дзень, практычна, ніхто ў нашай краіне не абмяркоўвае чарговыя грамы і маланкі на лукашыстоўскім алімпе. Нікога ўжо гэта не цікавіць. Мільёны людзей разабраліся, што маюць справу з тэатрам абрыдлых сцэнароў. Беларусы ахвотней глядзяць тэлепаведамленьні з кіеўскага Майдана. Усе разумеюць, што там ёсьць праўда жыцьця.

Сяргей Камароўскі