ІМПЭРЫЯ БАІЦЦА РАССЫПАЦЦА

17 сьнежня расейская інтэрнэт-газэта “Русская планета” апублікавала артыкул пад тытулам “Дзярждума адобрыла законапраект аб адказнасьці ў выглядзе пяці гадоў калёніі за заклікі да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны”. Вось гэты артыкул:

Дэпутаты Дзярждумы прынялі ў першым чытаньні праект закона, які прадугледжвае пакараньне да пяці гадоў пазбаўленьня волі за заклікі да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі, паведамляе РІА “Новості”.

За прыняцьце законапраекта дэпутаты прагаласавалі адзінагалосна. Раней канцэпцыю дакумэнта адобрыў профільны камітэт ніжняй палаты парляманта.

Ініцыятыва, падрыхтаваная дэпутатамі ад КПРФ, прадугледжвае дадатак у Крымінальны кодэкс артыкулам 280. 1, у адпаведнасьці зь якім за такія заклікі ўводзіцца штраф да 300 тысячаў рублёў або ў памеры двухгадовага прыбытка асуджанага, прымусовыя працы да 300 гадзін або пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў. За заклікі да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны, зьдзейсьненыя з выкарыстаньнем СМІ або інтэрнэта, пагражаюць прымусовыя працы на тэрмін да 480 гадзін або пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.

“Уводзімыя нормы дазволяць запабягаць магчымым сэпаратысцкім тэндэнцыям і заклікам да дзеяньняў па саступцы частак тэрыторыі Расеі замежным дзяржавам, а таксама спыняць распаўсюджваньне зьвестак, што апраўдваюць такія дзеяньні”, — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да дакумэнта.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://rusplt.ru/news/gosduma-odobrila-zakonoproekt-ob-otvetstvennosti-za-prizyivyi-k-narusheniyu-territorialnoy-tselostnosti-stranyi.html

Вось якія патрыёты Расеі маскоўскія камуністы ў Дзярждуме! Памятаем, што нешта такое яны ўжо прымалі зь вялікай помпай. Ага, у канцы 1980-х — на пачатку 90-х шмат чаго напрымалі былі супраць мільёнаў грамадзянаў, якія расхіствалі СССР. Якая там Летува, якая Грузія! Выходзіць з Саюза забаронена, немагчыма! А потым настаў дзень 19 жніўня 1991 года, і ўсё пасыпалася. Ніхто не зважаў на бальшавіцка-імпэрскія галасаваньні “адзінагалосна”, іхнія законы і іхнюю помпу. Будзе тое ж самае і гэтым разам. І нарэшце канчаткова і назаўжды.

Ян Булыга