ФАЛЬШЫВЫЯ БЛЮЗЬНЕРАЦЬ У ГОМЕЛІ

Белрэдакцыя Радыё Свабода падала гэтае паведамленьне пад ідыёцкім (слова “ідыёцкі” — гэта звыклая лексіка радыё Свабода) тытулам “Ленін і Пушкін у Гомелі падтрымалі кіеўскі Эўрамайдан”. Рэдакцыя, відаць, недалёка адышла ад тых, якія вырабляліся ў горадзе над Сожам у ноч на 19 сьнежня. Невядомыя “праявілі ініцыятыву” і накінулі нацыянальна-дзяржаўныя сьцягі Ўкраіны на мясцовыя небеларускія помнікі — сьляды савецка-маскоўскай акупацыі Беларусі.

Нармальныя людзі ў нас ня могуць зразумець “логіку” гэтых дзеяньняў, бо ведаюць, што патрыёты ў Кіеве ў сапраўднасьці зрабілі з сымваламі акупацыі. А логікі тут няма. Сэнс дзеяньняў у Гомелі — апалогія абсурда і вульгарная прафанацыя (у дадзеным выпадку з сымволікай, сьвятой для суседняга, братняга народа). Але паводле гэтай “логікі” мяркуецца, што менавіта так трэба рабіць таксама й з сымволікай, сьвятой для беларусаў. Вось, што называецца, “і прыехалі”.

У Віцебску раптам узьнікае генсек нейкай раней невядомай “Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі — Белая Русь” (камфортна зарэгістраванай уладамі), у Берасьці — “прарок” з БХД аблівае сябе чырвонай фарбай каля аблвыканкама, у Гомелі — вось што. Бачна, што рэжымныя рэжысёры выдаюць цэлую сэрыю пад дэвізам “А ў нас у абласным горадзе...” і наладжваюць спаборніцтва мясцовай сумніўнай самадзейнасьці — хто каго пераплюне ў блюзьнерскай справе. Хто на чарзе? Горадзенскія, а можа магілеўскія салісты арыгінальнага жанру?

Сымон Рудзік