ПАСЛАНЕЦ РПЦ

Беларускія каталікі і пратэстанты 25 сьнежня сьвяткуюць Нараджэньне Хрыста. Гэта ёсьць дзяржаўнае сьвята нашай краіны. Калі б яно нават не было дзяржаўным, мільёны беларусаў усяроўна сьвяткавалі б гэтае хрысьціянскае сьвята. Краіна наша, як вядома, вызначаецца як “шматканфэсійная” (хаця гэта сфармулявана, як нам падаецца, надта ўжо ў множным ліку, дзьве асноўныя канфэсіі Хрысьціянства — гэта ня так ужо й “шмат”). У нацыянальных грамадзтвах у эўрапейскіх краінах у такія дні прынята праяўляць узаемную павагу і асабліва падкрэсьліваць еднасьць народа ў сваёй дзяржаве. На полі міжчалавечых адносінаў гэта выяўляецца ў тым, што ў так званых “мяшаных сем'ях” (дзе палова каталікі, а палова праваслаўныя) гэты дзень сьвяточны і ўсе радуюцца разам, і будуць радавацца разам яшчэ й 7 студзеня. Праваслаўныя ідуць у госьці да каталікоў і г.д. На ўзроўні міжканфэсійных афіцыйных адносінаў паміж рэлігійнымі структурамі ў ідэале адбываецца нешта падобнае. Ксяндзы запрашаюць на багаслужбу і сьвяткаваньне праваслаўных калег і дэманструюць узаемную любоў і згоду на карысьць народнай еднасьці і міру ў дзяржаве. Але гэта ўсё ў ідэале. У акупаванай Беларусі — як у частушках расейскай шпаны: “А это был воскресный день, но мусора не отдыхали...” У грубай лексіцы выведзена маскоўская формула няроўных адносінаў паміж грамадзтвам і прадстаўнікамі існуючага рэжыму.

Ці можна ўявіць сабе, каб нехта з каталіцкіх герархаў Беларусі заявіў пра сваю адстаўку менавіта ў дзень праваслаўных Калядаў? Не, такога ніколі не было і быць ня можа. А вось у РПЦ зрабілі такі дэманстрацыйны крок ды паведамілі, што да нас едзе на мясцовую пасаду арцыбацюшка не адкуль-небудзь, а з самой Разані. Сярод водгукаў у СМІ сур'ёзнай аналітыкай гэтай зьявы, на наш погляд, ёсьць толькі выступ Сяргея Навумчыка на Радыё Свабода, у якім падкрэсьлена галоўнае — гогалеўскае “к нам едет ревизор...” А як яшчэ можна назваць зьяўленьне абсалютна небеларускай асобы на першай пазыцыі мясцовай філіі РПЦ? Адно добра вядома, што новы экзарх (як і ўсе асноўныя фігуры ў цяперашняй РПЦ) доўга служыў у аддзеле “внешніх сношеній” РПЦ. Што гэта значыць, дарослыя людзі разумеюць з паўслова.

Скончыць нам хацелася б не гогалеўскай прозай, а разанскімі вершамі. Ну, каб лепш уяўляць сабе характар зьявы:

Рязань (канцоўка)

Древнее ядро Рязани — там, в Рязанском же Кремле.
И поэт Сергей Есенин на Рязанской жил земле.
Жил писатель Паустовский, Солженицын тоже жил.
Симонов, Полонский, Маркин, ну, и Салтыков-Щедрин.

Взгляни над берегом Оки — цепь храмовых распятий.
Стоит красавица Рязань средь парковых объятий.

(Тулупов А.Д.)

Павел Гулевіч