ЛЮДЗІ БАЧАЦЬ КОРАНЬ ЗЛА

(Студзеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

12 студзеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Накірунак на альтэрнатыву”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, і сп. Уладзімер Раманцоў, сябра Сойму Фронту і Партыі.

Яны зрабілі аналіз сытуацыі, што склалася ў Беларусі. Шматмільённыя масы беларускіх людзей убачылі, што ў нашай краіне валадарыць чужы, акупацыйны рэжым. Беларусы маўчаць, яны сьціснулі зубы — але яны разумеюць усё. Наш народ углядаецца ў тое, што вырабляюць акупанцкія структуры на нашай тэрыторыі, наш народ робіць высновы — Бацькаўшчына ў небясьпецы! Задача фронтаўскай эліты палягае ў тым, каб накіраваць памкненьне да нацыянальна-дзяржаўнага вызваленьня ў цывілізаваныя формы. Людзі ўбачылі корань нашай нацыянальнай бяды — дзейнасьць чужой усходняй імпэрыі. Беларусы энтузіястычна ўспрынялі падзеі ў братняй Украіне — там адбываецца важны этап вызваленьня ад Імпэрыі маскоўскага зла. Беларусы вітаюць актыўнасьць украінцаў у справе лівікдацыі ленінснкіх манумэнтаў. Хрысьціянская краіна павінна вызваляцца ад манумэнтальных знакаў чужынскай акупацыі і маскоўскага сатанізма.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра калапс сістэмы аховы здароўя па ўсёй нашай краіне. Маладзейшыя лекары звальняюцца з прафэсіі, якая не аплочваецца рэжымам і ўцякаюць. У той жа час (абсурд!) тэрыторыя Беларусі становіцца прывабнай для грамадзянаў Расеі. Тысячы расейскіх грамадзянаў з Масквы, Пецярбурга, Мурманска, Архангельска і іншых месцаў скупляюць дамы і кватэры ў нашых гарадах і мястэчках. Яны ня крыюцца з тым, што рыхтуюць сябе ня проста “дачныя ўчасткі”, але “логово на всякій случай”. Яны спадзяюцца ратавацца ў гэтых беларускіх дамах у выпадку нейкага сацыяльна-палітычнага катаклізма ў Расеі. Што ж, цікавыя працэсы.

Былі абмеркаваныя планы партыйнай працы на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

12 студзеня 2014 г.