“РЭЖЫМ ЯНУКОВІЧА ПАВІНЕН ПАНЕСЬЦІ АДКАЗНАСЬЦЬ ЗА КРЫВАВУЮ ПРАВАКАЦЫЮ СУПРАЦЬ УДЗЕЛЬНІКАЎ МІРНЫХ ПРАТЭСТАЎ”

Калі рэжым свавольна, незаконна і антыканстытуцыйна абвяшчае па-за законам усе цывілізаваныя формы мірнага пратэсту, то ён сам штурхае народ на пратэст нямірны. Такім чынам менавіта рэжым Януковіча цалкам і поўнасьцю адказны за крывавую правакацыю супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. Менавіта Віктар Януковіч, які падпісаў заведама неканстытуцыйныя законы, і ёсьць галоўным правакатарам, а зусім ня тыя маладыя ўкраінцы, якія выйшлі абараняць свае правы на вуліцу Грушэўскага ў Кіеве.

16 студзеня рэжым паўсюдна пачаў рэалізоўваць сцэнар пераводу мірных пратэстаў у выбуховую фазу, каб выкарыстаць перавагі, якімі ён валодае ў сілавым супрацьстаяньні. І ўсе пабачылі, што ўлада была гатовая задзейнічаць увесь свой карніцкі арсэнал. Рэжым ужыў супраць грамадзян Украіны ня толькі дубінкі і шчыты, як было раней — у ход пайшлі атрутныя газы, траўматычная аўтаматычная зброя, сьветла-шумавыя і траўматычныя гранаты, вадамёты і іншае. Гэта ўжо той крэс, за якім настаюць хіба што расстрэлы дэманстрантаў з стралковай зброі.

Асаблівае абурэньне выклікаюць варварства і садызм ахоўнікаў рэжыму падчас выкарыстаньня супраць дэманстрантаў сьмяротна небясьпечнай пры мінусавым надвор'і вадамётнай зброі, што забаронена ўсімі міжнароднымі канвэнцыямі і прыроўніваецца да катаваньняў; прыцэльны агонь на паражэньне ў галаву па журналістах і выпадковых відавочцах падзей. Тартуры і катаваньні супраць затрыманых грамадзян Украіны (уся краіна шакаваная кадрамі зьдзекаў над будаўнікамі з Кіраваграда) сьведчаць, што рэжым вядзе вайну без правіл супраць усяго ўкраінскага народа. Вось гэта й ёсьць сапраўдны фашызм у дзеяньні!

Уладзе ня ўдасца перавесьці супрацьстаяньне паміж рэжымам і ўкраінскім народам у грамадзянскую вайну. Увесь украінскі народ і сусьветная супольнасьць адзіныя ў сваёй ацэнцы злачынных дзеяньняў рэжыма Януковіча.

Усеўкраінскае аб'яднаньне “Свобода” лічыць, што якія-кольвечы перамовы з уладай немагчымыя да тае пары, пакуль ня будуць адсунутыя прычыны эскалацыі канфлікта — перш за ўсё да моманту тэрміновай адмовы ўвядзеньня антыканстытуцыйных законаў.

Першасныя нашы патрабаваньні застаюцца нязьменнымі: вызваленьне ад перасьледу ўсіх удзельнікаў акцый пратэста, прыцягненьне да адказнасьці ўсіх, хто біў мірных пратэстоўцаў, адстаўка ўраду Азарава і поўная перазагрузка ўлады — пазачарговыя прэзыдэнцкія і парляманцкія выбары.

І толькі гэта можа быць зьместам якіх-кольвечы перамоваў з уладай.

Заява УА “Свобода”

20 студзеня 2014 г.

Прэс-служба Ўсеўкраінскага аб'яднаньня “Свобода”

Пераклад з украінскай.

Крыніца: http://www.svoboda.org.ua/diyalnist/novyny/046632/