АКУПАНТЫ ІЗГАЛЯЮЦЦА АЛЬБО ВЫРАБЛЕНАЯ ДЗЕЙНАСЬЦЬ ГЭБІЗМУ

Маскоўскай акупанцкай ардзе важна ня толькі захапіць і паняволіць Беларусь. Ім хочацца пры гэтым паізгаляцца над беларусамі, над нашым нацыянальным і чалавечным гонарам. Гэта ня проста дзікая прыхамаць усходніх варвараў — ім трэба маральна растаптаць беларусаў, прызвычаіць наш народ да зьдзеку і прыніжэньня. Беларускія сьвятыні, беларуская мова, беларускія імёны, наша гісторыя і нашы традыцыі — усё гэта становіцца матэр'ялам для акупанцкіх садыстаў, якія ўпэўнены, што ніколі не атрымаюць адлуп за сваю мярзоту.

Мы ўжо бачылі гарэлку і пітную ваду “Бульбашъ”, глядзелі гнюсную кінапрадукцыю “Павлинка-New”, маем маскоўскі прытон “Булбашъ-хол” каля курапацкіх магіл нашых пакутнікаў, мы бачылі народны ансамбль “Бульбашы”, гарэлку “Сяброўка” (вось як!) і шмат чаго іншага. Днямі акупанцкая фантазія выдала ў вытворчасьць яшчэ адзін зьдзек — у крамах усё завалена скруткамі туалетнай паперы пад фірменным назовам “Yanka”. Зазначым, не “Иван”, а менавіта па-беларуску лацінскімі літарамі. Такога не дазвалялі сябе ні цары, ні саветы. Гэта ёсьць вырабленая творчасьць цяперашняга гэбізму.

Зразумела, што маецца на ўвазе “гігіенічнае выкарыстаньне” вялікага Купалы і ўсіх нас, беларусаў. Было б лагічным, каб усе беларусы, якія носяць імя Ян, зьвярнуліся ў пракуратуру і разам баранілі б свой чалавечы і нацыянальны гонар. Акупанцкая навалач павінна ведаць, што доўга куражыцца над намі на нашай зямлі яны ня будуць.

Янка Базыль