САМАСПАЛЕНЬНЕ ГРАНТАВАГА “ДЗЕЯЧА”

У Сеціве і нават “дэмСМІ” разгулялася лакальная бура. Вольга Карач напісала рознага ў Фэйсбуку пра беларускую мову і яе носьбітаў. Стыль і аргумэнтацыя “кандыдаткі ў прэзыдэнты” не арыгінальныя, усё гэта мы ўжо чулі ад розных запісных беларусафобаў. Цытуем:

“Я не хачу тут журыцца наконт беларускай мовы, але аб'ектыўна, на жаль, у сілу розных фактараў яна яшчэ недастаткова развітая”.

“Усё, што ёсць — гэта калькі з рускай мовы. У найлепшым выпадку — з польскай”.

“Хамства — гэта адметная рыса беларускамоўных людзей, у якіх нават аргументаў няма, а толькі знявагі і мат”.

“Тытульная мова тытульнае нацыі — тая, на якой размаўляе большасць. У Беларусі гэта азначае — расейская. А не беларуская”.

Публіка ашарашаная, некаторыя выдаляюць “кандыдатшу” з фрэндаў, некаторыя даюць строгія ацэнкі. Людзі пытаюцца: можа гэта такі спосаб прапіярыцца і заваяваць кандыдацкую папулярнасьць? А можа гэта спроба самаспаленьня?

Мы мяркуем, што ўсё далёка ня так драматычна і нават у рамках “штатного распісанія”. На працягу пэўнай колькасьці гадоў мадам Карач вялі па гарызантальнай плоскасьці “русскоязычной псэўдаапазыцыі”, ужывалі нават тэрмін “наш лидер”. У Расеі друкавалі газэтку “Наш дом” і ў ёй так жа сама “русскоязычно” даказвалі, што ў Беларусі ёсьць сапраўдныя дэпутаты, выбары і ўсё такое. Як аказалася, некаторыя паверылі ў гэты тэатрык правінцыйнай актрысы адной канторскай рэжысуры або зрабілі выгляд, што паверылі. Запісалі яе ў фэйсбук-фрэнды, дэкламавалі пра яе оды ў “дэмСМІ РБ”, намякалі на перамогу Жаны Д'арк пад Арлеанам. Прагучала нават, што “Лукашэнка ня здолее перамагчы жанчыну”. Апошнім часам “наш лідер” была заўважана ў палітгастролях і выступах у Варшаве, Празе, Стакгольме г.д. Потым мы чыталі, як яе сям'ю перасьледуюць “органы”. Мы парадваліся шчасьцю сп. Карач, паспадзяваліся, што яна сьпявае свайму нованароджанаму сыну беларускія калыханкі. І раптам вось такое, у манеры “Нашего дома”.

Падобна, што канторская рэжысура зрабіла пэўныя сцэнарныя карэктуры. У сувязі з апошнімі падзеямі ў сям'і, правінцыйная актрыса ўжо ня можа ў поўным аб'ёме выконваць галоўныя ролі ў пастаноўках. Мяняецца імідж і грым, здымаецца маскарадная маска, рэжысёры падказваюць новую лексіку, інтанацыі, жэсты і рухі. Мяркуем, што ў бліжэйшы час мадам нагадае пра сябе ў новым грамадзка-палітычным амплуа. І “дэмСМІ” яе не забудуць.

Янка Базыль