НАЗІРАЕЦЦА КРЫЗІС РАСЕЙСКАГА ГЭБІЗМУ

(Лютаўскі Сойм 2014 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

9 лютага ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Пратыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “Глядзім наперад”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту, і сп. Сяргей Папкоў, намеснік старшыні Партыі і Фронту.

Выступоўцы спыніліся на сытуацыі на Украіне. Беларусы ўражаны непараўнальнай гэбельсаўскай хлусьнёй маскоўскай і мясцовай рэжымнай прапаганды пра Майдан. Прапаганда сьцьвярджае, што ўкраінцы выступілі “за чарку і скварку”, што пратэсты маюць выключна сацыяльны характар. У той жа час Сеціва перапоўнена камэнтарамі і заявамі маскоўскай агентуры і шавіністаў ўсіх масьцяў пра “бандэраўцаў, якія на Майдане”. Значыць, імпэрцы добра разумеюць, што ўкраінскі народ вядзе палітычнае змаганьне за сваю дзяржаву, культуру і мову, супраць русіфікацыі, прамаскоўскага рэжыму і Імпэрыі Зла. Замест таго, каб разьвіваць эканоміку, рэалізаваць сацыяльныя праграмы ў расейскіх рэгіёнах (рэгіёнах сацыяльнай катастрофы) Масква арганізоўвае правакацыі на Украіне і прыкладае намаганьні для выратаваньня антынародных рэжымаў на постсавецкай прасторы і ня толькі.

Аднак, за траскучай дэмагогіяй ёсьць лічбы, якія сьведчаць аб тым, што многія з імпэрскіх элітаў разумеюць сытуацыю і робяць крокі, каб выратавацца самым. Крэмль запланаваў на гэты год уцечку капіталаў з Расеі ў замежжа не вышэй за 35 мільярдаў даляраў. Але гэты “ліміт уцёкаў” ужо вычэрпваецца ў першым квартале 2014 года. Алігархі розных узроўняў не разьлічваюць на стабільнасьць, вывозяць свае грошы і сем'і на Захад. Што будзе, калі Масква рашыцца распачаць інвазію супраць Украіны? Хто будзе ваяваць за крамлёўскую групоўку? Ужо цяпер многія тысячы расейскай моладзі хаваюцца ад прызыву ў расейскае войска, не жадаюць ваяваць і паміраць за Крэмль-Лубянку. А вось на Украіне ўвесь сьвет бачыць патрыятычны ўздым мільёнаў людзей, гатовых змагацца за волю і незалежнасьць.

Безумоўна, пачынаецца чарговы этап (апошні этап) развалу маскоўскай імпэрыі. Першы этап адбыўся ў 1991 годзе, калі была ліквідавана манаполія на ўладу КПСС і вызвалілася частка калёній Расеі. Камуністычныя аўтарытэты розных узроўняў спампавалі грашовыя сродкі багатай краіны ў свае бізнэсы і сталі бізнэсоўцамі (адначасова ўчорашнія ваяўнічыя атэісты-марксісты сталі “праваслаўнымі”). Для аховы сябе і сваіх нарабаваных капіталаў нуворышы нанялі лубянскія кадры. Прыкладна да 2000 года завершыўся ўнутраны пераварот. Тады лубянцы прыціснулі нуворышаў і занялі галоўныя месцы ў дзяржаве і бізнэсе. Каб ахоўваць сябе і свае капіталы, яны набралі новую ахову. Вынікі гэтых маштабных маніпуляцый мы назіраем цяпер — развал эканомікі, адставаньне ад шэрагу краін Азіі і Афрыкі, дэмаралізацыя грамадзтва, этнічная катастрофа ў Расеі. Сістэма відавочна загнівае і ня вытрымае маштабнага сацыяльна-палітычнага катаклізма. Правал наканаваны таксама й прамаскоўскім рэжымам. Народы, якія вызваляцца ад імпэрыі, будуць наладжваць нармальнае нацыянальна-дзяржаўнае жыцьцё ў сваіх краінах.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра кволую, мізэрную “выбарчую кампанію” наладжаную псэўдаапазыцыйнымі структуркамі на грантаўскія грошы. Людзі праходзяць міма гэтай публікі і гоняць яе ад сваіх парогаў, не выбіраючы лексікі. Беларусы зразумелі, што псэўдаапазыцыйныя дзеячыкі зьяўляюцца арганічнай часткай антыбеларускага рэжыму. Сябры выказвалі думку аб тым, што неабходна весьці беларускую асьветніцкую дзейнасьць, каб наша грамадзтва засвоіла канструктыўныя , станоўчыя ідэі супрацву акупацыі і абароны сваёй культуры, мовы і нацыянальнай маёмасьці.

Сойм разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

9 лютага 2014 г.