ГУЛЬНІ НА ЧАРКЕСКІХ МАГІЛАХ

У Нальчыку затрыманыя больш за 30 пратэстоўцаў супраць Алімпіяды.

У Нальчыку, сталіцы Кабардзіна-Балкарыі, у пятніцу былі затрыманыя больш за 30 пратэстоўцаў супраць сочынскай алімпіяды. Пра гэта паведамляе “Кавказский узел” са спасылкай на актывістаў чаркескіх нацыянальных арганізацый. Большасьць з затрыманых — маладыя людзі ва ўзросьце да 30 гадоў, якія не зьяўляюцца сябрамі якіх-кольвечы грамадзкіх аб'яднаньняў.

У гарадзкі аддзел паліцыі-1 даставілі 27 чалавек, у АП-2 — як мінімум 10, у тым ліку адну жанчыну, а таксама выпадковых мінакоў — рэпатрыянтаў з Сірыі.

Як сьцьвярджаецца, удзельнікі акцыі самаарганізаваліся, дамовіўшыся аб сустрэчы ў Фэйсбуку. Днём у пятніцу яны выйшлі на плошчу Марыі, адкуль у аўтакалёне рушылі па горадзе з чаркескімі нацыянальнымі сьцягамі, а таксама банэрамі з тэкстам “Сочы — зямля генацыду”. Пазьней пачаліся затрыманьні. Паліцыянты адбіралі ў дэманстрантаў сьцягі і расьцяжкі, а таксама здымалі нумары з іхных машын.

“Акцыя дастаткова мірная, — расказаў выданьню старшыня грамадзкага аб'яднаньня “Кабардзінскі кангрэс” Аслан Бэшто. — Максімум, што можна ім (удзельнікам — рэд.) закінуць, — гэта парушэньне правілаў перавозкі буйнагабарытных грузаў.

Кабардзінцы, чаркесы і адыгейцы зьяўляюцца адным народам. Часьцей яны называюць сябе адыгамі, радзей — чаркесамі. Сочы пабудаваны на спрадвечных землях адыгаў. У 19-м стагоддзі пасьля заканчэньня Каўказкай вайны сотні тысячаў мясцовых жыхароў адплылі ў Асманскую імпэрыю, многія загінулі ў дарозе. Адыгскія актывісты дамагаюцца прызнаньня генацыду чаркесаў расейскімі ўладамі. У 2011 годзе парлямант Грузіі прызнаў дзеяньні Расейскай імпэрыі ў адносінах да адыгаў генацыдам.

Ва ўрочышчы Кбаада (сучасная Красная Паляна) у 1864 годзе расейцам здаўся апошні адыгскі атрад. Зь яго капітуляцыяй Каўказкая вайна завяршылася. Пазьней пры пабудове алімпійскіх аб'ектаў, у Краснай Паляне былі зьнішчаны старажытныя могілкі чаркесаў.

Усё гэта абумовіла рэзка адмоўныя адносіны адыгскіх інтэлектуалаў і грамадзкіх дзеячаў да Алімпіяды ў Сочах. У дзень адкрыцьця гульняў акцыі пратэсту правялі прадстаўнікі чаркескіх дыяспар у Ізраілі, Іарданіі і Сірыі, а таксама адыгі, што жывуць у Лёндане і Берліне.

8 лютага 2014 г.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://grani.ru/tags/sochi/m.224295.html