ДЗЕНЬ ВОЛІ Ў МЕНСКУ

25 сакавіка беларускія патрыёты адзначылі Дзень Волі. Людзі вырашылі не ісьці на бангалорскае месца для выгула сабак пад кіраўніцтвам псэўдаапазыцыйных дзеячаў і накіраваліся на тэрыторыю Нацыянальнага Мэмарыялу ў Курапатах. Каля Трох Крыжоў Кальварыі беларусы ўзьнялі свае нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі і засьпявалі гімн “Магутны Божа”. Грамада заслухала зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Полымя волі”. Потым выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ.

Выступовец заклікаў ушанаваць памяць ўсіх змагароў за волю і незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны, прадстаўнікоў усіх змагарных пакаленьняў. Дзякуючы ім мы здолелі аднавіць сваю нацыянальную Дзяржаву ў 1991 годзе. Без подзьвіга беларускай нацыянальнай эліты 1918 года, без 25 Сакавіка не было б 25 жніўня. Духоўная повязь пакаленьняў — вось што было, ёсьць і будзе грунтам нашага нацыянальнага і дзяржаўнага існаваньня. А духоўнасьць — гэта родная мова, культура, традыцыя і нацыянальная салідарнасьць. Гэтаму вучыць нас таксама рэвалюцыйная Україна. Украінцы не баяцца ўсходняй варварскай імпэрыі, яе колькаснай перавагі, яе ваеншчыны, тэхнікі і ўзбраеньняў. Украінцы моцна стаяць на сваёй зямлі, яны адданыя роднай мове і культуры. У іх ёсьць сапраўдная эліта і гістарычныя аўтарытэты. А што ёсьць у маскоўскай арды? Традыцыя мангольскага дэспатызму, царскага абсалютызму, бальшавіцкай тыраніі, крамлёўска-лубянскага гэбізму. Ёсьць цяперашняя псэўдаэліта — генэралы і лейтэнанты Лубянкі, фінансавыя гангстэры, якія абрабоўваюць свой і чужыя народы і вывозяць капіталы замяжу. Не выпадкова ўся фальшывая і агрэсіўная маскоўская прапаганда з асаблівай нянавісьцю спрабуе абылгаць, ачарніць і растаптаць вобраз Стэпана Бандэры? Чаму менавіта яго ў першую чаргу, а не іншых лідэраў і генэралаў украінскага змаганьня? А таму што менавіта Бандэра быў ідэолагам, інтэлектам нацыянальнага адраджэньня ўкраінскай нацыі. Яго найбольш баяцца і ненавідзяць маскоўскія імпэрцы. Таму яны падступна забілі 15 гадоў таму Вячаслава Чарнавіла, лідэра сучаснай адраджэнскай Украіны, вялікага сябра беларускага народу. Імпэрцам важна, каб народ ня меў інтэлектуальнай эліты, правадыроў духа, сумленьня нацыі. Змаганьне нашых народаў уступае ў вырашальную стадыю. Імпэрыя Зла рыхтуецца да скачка і разбурэньня нацыянальных дзяржаваў, якія паўсталі ў 1991 годзе ў выніку паўраспаду савецкай імпэрыі. Але і народы гатовыя да супраціву. Перамога будзе народная, а не імпэрская. І ўсходняя імпэрыя загіне, рассыпецца, вызваліць для народаў шлях для цывілізаванага разьвіцьця. Але гэта не атрымаецца само сабой, без удзелу людзей. Трэба быць гатовым да абароны Бацькаўшычы.

Грамада гукала “Жыве Беларусь! Слава Украіне! Героям слава!”

25 сакавіка 2014 г.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ