КАЛІ АРАБСКАЯ НАФТА ЛІНЕЦЦА НА РЫНАК, РАСЕЯ ЎПАДЗЕ

Савецкі саюз распаўся пасьля падзеньня сусьветных коштаў на нафту ў выніку ціску ЗША. Сучасную Расею можа чакаць той самы лёс.

Пра гэта карэспандэнту Gordonua.com распавёў былы савецкі выведчык, гісторык і пісьменьнік Віктар Сувораў.

“Што сказаў Абама Пуціну, я ня ведаю, але магу меркаваць, зыходзячы з гістарычных паралеляў. У Савецкага Саюза была агрэсіўная зьнешняя палітыка, ён увёў войскі ў Аўганістан і ўяўляўся ўсяму сьвету звышдзяржавай. Тады 40-вы прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган сабраў сваіх дарадцаў і прыняў рашэньне націснуць на Савудаўскую Аравію, каб яна скінула кошты на нафту — а рычагі ціску ў Амэрыкі былі: яна пастаўляла туды шмат зброі. Акрамя таго, у ЗША захоўваліся актывы Савудаўскай Аравіі”, — нагадаў падзеі 30-гадовай даўніны гісторык.

У выніку зьменаў у здабычы нафты ў Савудаўскай Аравіі ўпалі сусьветныя кошты на энэрганосьбіт, бо ўсім астатнім краінам таксама давялося павялічваць здабычу нафты.

“Савудаўская Аравія пачала ўзмоцненую здабычу нафты і, адпаведна, кошты на “чорнае золата” на сусьветным рынку зьнізіліся. Астатнім краінам, каб кампэнсаваць свае страты, давялося гнацца за Савудаўскай Аравіяй і павялічваць вытворчасьць уласнай нафты. У выніку, кошты на нафту абваліліся, а сьледам за імі абваліўся й СССР”, — распавёў Сувораў аб эканамічнай прычыне падзеньня Савецкага Саюза.

Савецкую дзяржаву былы выведчык параўнаў з казачным Касьцянам Несьмяротным, сьмерць якога захоўваецца на кончыку нафтавай іголкі.

“У Касьцяна Несьмяротнага сьмерць захоўваецца на кончыку нафтавай іголкі, і Рэйган гэта ведаў. Мяркую, і Абама ведае. У любым выпадку сцэнар супадае на 100 адсоткаў. Калі на сусьветным рынку абваляцца кошты на нафту, — абваліцца й Расея, таму што нічога, акрамя нафты, газа і матрошак, яна не вытварае. Калі арабская нафта лінецца на сусьветны рынак, абвал Расейскай Фэдэрацыі гарантавана адбудзецца праз год”, — упэўнены Сувораў.

Гісторык таксама дапусьціў, што Пуцін пралічыўся, спадзяючыся на нерашучасьць Абамы ў зьнешняй палітыцы.

“Відавочна, у распрацоўцы плана захопу Украіны Пуцін зыходзіў з таго, што Абама ў пытаньнях зьнешняй палітыкі нерашучы і не пакарыстаецца мэтадам Рэйгана. А ён, падобна, пакарыстаўся. Прычым зьвярніце ўвагу: ЗША не дубінай дзейнічаюць, хаця яна ў іх вялікая-вялікая, а проста дамаўляюцца з Савудаўскай Аравіяй”, — удакладніў Сувораў.

30.03.2014

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/politics/Suvorov-Esli-arabskaya-neft-hlynet-na-rynok-Rossiya-garantirovanno-upadet-cherez-god-16025.html