МАБІЛІЗАЦЫЯ ПРАВАКАТАРАЎ У РАСЕІ

12-13 красавіка, на паўднёвым усходзе Украіны адбываліся акцыі з удзелам расейцаў, мэта якіх — справакаваць увядзеньне расейскіх войскаў, паведаміла расейская грамадзкая дзеячка Ларыса Трубіцына.

У Расеі вярбуюць нацыяналістаў для правядзеньня ў гэтыя выходныя маштабных “крывавых правакацый” на паўднёвым усходзе Украіны, паведаміла грамадзкая дзеячка Ларыса Трубіцына ў сваім блогу на “Эхо Москвы”.

“Сёньня майму знаёмаму нацыяналісту патэлефанавалі і запрапанавалі ўдзел у трэнінгу з наступным выездам на Украіну. Мяркуецца, што нацыяналісты настолькі тупыя, што павераць у міфічных бандэраўцаў на паўднёвым усходзе і паедуць абараняць там рускамоўных. Час “ч” — бліжэйшыя выходныя”, — напісала Трубіцына.

Па яе словах, у Расеі шырока раскінутая сетка вярбоўкі “радыкальных імпэрцаў” для правядзеньня правакацый на Украіне, мэта якіх — увядзеньне расейскіх войскаў. Актывістка мяркуе, што вярбоўшчыкам патрэбныя новыя твары, бо вядомыя расейскія нацыяналісты ўжо ўнесены ў “стоп-сьпісы” на ўкраінскай мяжы.

“Дзейнасьць сэпаратыстаў каардынуюць мутныя людзі, якія пераконваюць мітынгоўцаў у дзіўных лёзунгах тыпу вяртаньня Януковіча. У выніку расейскія нацыяналістычныя арганізацыі на Украіне (зь імі, зразумела, падтрымліваецца сувязь) у стане расколу. Ёсьць верагоднасьць, блізкая да 100%, што загады аддае ФСБ”, — выказвае сваю думку Трубіцына.

5 сакавіка на Украіне распачалася апэрацыя “Мяжа” з удзелам МУС і СБУ, мэта якой — не дапусьціць на тэрыторыю краіны арганізаваныя групы і паасобных грамадзянаў РФ, якія могуць удзельнічаць у экстрэмісцкіх мерапрыемствах на ўсходнім участку мяжы.

10 красавіка Служба бясьпекі Украіны паведаміла, што за апошні месяц на тэрыторыі Украіны было затрымана дзесяць расейскіх шпіёнаў-дывэрсантаў і каля 15 грамадзянаў Украіны, якія спрыялі іх працы.

11.04.2014

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://gordonua.com/news/worldnews/Rossiyskaya-aktivistka-V-Moskve-gotovyat-krovavye-provokacii-v-Ukraine-17849.html