БУДАЎНІЦТВА Ў БЕЛАРУСІ АТАМНАЙ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ — НАЙВЯЛІКШАЕ ЗЛАЧЫНСТВА СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ

(Заява)

Кіруючы антыбеларускі рэжым, выконваючы волю сваіх маскоўскіх начальнікаў, насуперак нацыянальным інтарэсам беларускага народу, будуе ў нашай краіне па сумніўнай расійскай тэхналёгіі атамную электрастанцыю.

У той жа час рэжым абыякава ставіцца да ўзнаўляемых крыніц энэргіі, патэнцыял якіх у Беларусі значна перавышае сёньняшні і прагназуемы аб'ём спажываньня энэргіі ў краіне. Выкарыстаньне ўзнаўляемых крыніц энэргіі дазваляе нашай краіне ўжо ў хуткім часе значна скараціць аб'ёмы імпартуемага з Расіі прыроднага газу, што адпавядае патрабаваньням энэргетычнай і экалагічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Сусьветныя тэндэнцыі разьвіцьця энергетыкі пераканаўча сьведчаць аб беспэрспектыўнасьці атамных электрастанцый (АЭС). Доля электраэнэргіі, вырабляемай на АЭС, у сусьветным энергетычным балансе ў 1993 годзе складала 17 %, да канца 2012 года яна зьменьшылася да 11 працэнтаў. Па прагнозах міжнародных экспертаў у 2030 годзе доля АЭС у сусьветным энергабалансе будзе складаць не больш за 5 працэнтаў.

У той жа час доля ўзнаўляемых крыніц энэргіі ў сьвеце пастаянна павялічваецца. У 2008 годзе, з улікам гідраэнэргетыкі, яна складала 18 %, сёньня яна дасягнула 20 %, а ў 2035 годзе будзе складаць амаль 33 адсоткі. Пры гэтым доля электраэнэргіі, вырабляемай з біямасы і адходаў павялічыцца ў 4 разы, а доля ветраэнэргетыкі — у 8 разоў.

Усё гэта яскрава сьведчыць пра непатрэбнасьць будаўніцтва АЭС у Беларусі — краіне, якая яшчэ шмат гадоў будзе зь вялікімі стратамі перажываць цяжкія наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пабудаванай таксама па расейскаму праекту.

Непатрэбнасьць, і нават шкоднасьць, будаўніцтва ў Беларусі АЭС грунтуецца на наступных фактах:

1. АЭС не толькі ня вырашыць праблемы энэргетычнай залежнасьці Беларусі ад Расеі, але яшчэ больш павялічыць гэту залежнасьць, бо ў Беларусі прыродны уран не здабываецца. Яго давядзецца купляць ў Расеі па пастаянна ўзрастаючых цэнах.

2. Атамная энэргія ніколі не была таннай. Кошт 1 кВт·г электраэнэргіі, вырабленай на АЭС, перавышае кошт электраэнэргіі, вырабленай на:
— парасілавых станцыях у 2,3 — 2,8 раза;
— газа мазутных станцыях у 1,9 — 2,3 раза;
— вугальных станцыях у 1,5 — 1,9 раза;
— комплексу малых ГЭС, або комплексу ветраэнергетычных станцый у 1,6 — 2,8 раза.

3. Будаўніцтва АЭС ажыцьцяўляецца ў сэйсмічна неспакойным месцы. Па дадзеных беларускіх вучоных ў галіне геалогіі ў гэтым месцы ў 1908 годзе адбыўся моцны землятрус сілай каля 7 балаў. Няма ніякіх гарантый, што падобны землятрус у тым месцы не паўторыцца.

4. На кожнай АЭС у выніку рашчапленьня ядра ўранавыя стрыжні ператвараюцца ў высокарадыяактыўныя адходы, якія ўяўляюць вялікую небясьпеку для жыцьця. Таму на працягу многіх соцен гадоў яны павінны захоўвацца ў магільніках, надзейна абароненых ад людзей, жывёл і раслін.

АЭС эксплуатуюцца ўжо больш за 50 гадоў, але яшчэ ніхто не прапанаваў надзейнага спосабу пахаваньня радыяактыўных адходаў.

5. З улікам таго, хто і як будуе Астравецкую АЭС, ня выключана верагоднасьць аварыі, падобнай да Чарнобыльскай. А з улікам пагрозы разанскага епіскапа пра “магчымасьць адкрыць Чарнобыльскі кранік”, такая верагоднасьць яшчэ больш узрастае.

6. Страшэнныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы кожны дзень нагадваюць, што спыніць атамна-анкалагічную трагедыю людзям не пад сілу.

7. З эканамічнага пункту гледжаньня, шматмільярдны крэдыт на будаўніцтва АЭС — гэта цяжкі хамут на шыю беларускага народа.

8. Мясцовасьць, на якой будуецца АЭС, найбольш экалагічна чыстая. Тут захавалася багатая культурная, духоўная і дойлідская спадчына, якую стварылі і пакінулі нашыя продкі. У гэтай мясцовасьці захаваліся вялікія прыродныя багацьці. Эфектыўнае выкарыстаньне гэтай спадчыны і прыродных багацьцяў можа прынесьці нашай краіне значна больш карысьці, чым рэалізацыя электраэнергіі, вырабляемай на АЭС.

9. З уводам у эксплуатацыю будуемай АЭС зьявіцца вялікая небясьпека страты ўсёй нашай краіны, бо другога Чарнобыля наш народ ужо не перажыве.

У сувязі з гэтым Сойм Кансэрватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ заяўляе, што будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі ёсьць найвялікшае злачынства супраць беларускага народу, а ўся адказнасьць за магчымыя і вельмі верагодныя цяжкія наступствы гэтага злачынства поўнасьцю кладзецца на кіруючы антыбеларускі рэжым Лукашэнкі і яго маскоўскіх начальнікаў і натхніцеляў. Беларусам трэба змагацца за сваё жыцьцё і за сваю будучыню.

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

13 красавіка 2014 г. Менск