АБАРОНЦЫ БЕЛАРУСІ, НЕ ВАЮЙЦЕ СУПРАЦЬ УКРАІНЦАЎ!

(Зварот)

Братні ўкраінскі народ зьдзейсьніў народную рэвалюцыю і вызваліўся ад крымінальнага прамаскоўскага рэжыму Януковіча. Україна праходзіць цяжкі этап рэформаў і станаўленьня дэмакратычнага ладу. Дэмакратычныя сілы ўсяго сьвету вітаюць і падтрымліваюць цывілізацыйны выбар украінскага народу. Толькі імпэрская Расея, якая прыгнятае народы на ўласнай тэрыторыі, робіць усё для таго, каб спыніць дэмакратычнае разьвіцьцё Украіны, падпарадкаваць украінскую дзяржаву і ўрэшце захапіць і ліквідаваць яе. Захоп украінскай тэрыторыі, канцэнтрацыя расейскіх войскаў на яе дзяржаўных межах з мэтай разгортваньня паўнамаштабнага ваеннага ўварваньня, правакацыі на тэрыторыі Украіны — усё гэта зьяўляецца грубым парушэньнем міжнародных законаў дзяржаўнага суіснаваньня і актам ваеннай агрэсіі з боку Расеі супраць сувэрэннай Украіны.

Ня выключана, што імпэрская Масква паспрабуе выкарыстаць рэжым унутранай акупацыі ў Беларусі і антызаконную залежнасьць нашай краіны ад сваёй шалёнай захопніцкай палітыкі. Цалкам магчыма, што Крэмль захоча выкарыстаць Узброеныя Сілы Беларусі, нашых афіцэраў і жаўнераў у ваеннай агрэсіі ва Украіне. Нельга дапусьціць, каб чужая імпэрская авантура абярнулася гібельлю і пакутамі тысячаў беларускіх і ўкраінскіх вайскоўцаў.

Украінскі народ, украінская армія гатовыя даць адлуп маскоўскаму агрэсару. Калі імпэрыя зла пасунецца са сваёй ваеншчынай на ўкраінскую зямлю, то яна знойдзе там сябе магілу. Нельга дапусьціць, каб беларускія вайскоўцы патрапілі ў гэты крывавы разлом. Нельга страляць ў братоў-украінцаў. Яны бароняць сваю Радзіму. Нельга дапамагаць агрэсару — ён падпальшчык вайны. Дапамагаць можна абаронцам Айчыны. Гэта маральны і правільны выбар.

Абаронцы Беларусі, не ваюйце супраць украінцаў! Беларусы, не дапусьцім уцягваньня нашай краіны ў злачынную вайну супраць братняй Украіны!

(Х Зьезд КХП-БНФ і ХІІ Зьезд БНФ “Адраджэньне”)

г. Менск, 27 красавіка 2014 г.