ПАДТРЫМЛІВАЕМ ВОЛЬНУЮ УКРАІНУ

(Рэзалюцыя)

На Украіне адбылася нацыянальна-дэмакратычная рэвалюцыя. Народ выступіў супраць карумпаванага прамаскоўскага рэжыму прэзыдэнта Януковіча, дамогся перамены ўлады і аб'яўленьня новых выбараў прэзыдэнта дзяржавы. Усьлед за гэтым пачалася агрэсія Расеі супраць рэвалюцыйнай Украіны. Расейцы ўвялі войскі ў Крым, захапілі і анэксавалі гэтую тэрыторыю Украінскай дзяржавы, працягваюць паўзучую акупацыю паўднёва-ўсходніх вобласьцяў Украіны, засылаюць туды ўзброеных дыверсантаў ГРУ, масы баевікоў і правакатараў. Мэта расейскіх акупантаў — расчляніць краіну і ліквідаваць Украінскую дзяржаву, тэрыторыі далучыць да Расеі, а ўкраінцаў перасяліць на Далёкі Ўсход у Сібір. Расея плянуе таксама перасьлед і новае перасяленьне крымскіх татараў. У сваіх дзеяньнях рускія акупанты кіруюцца фашысцкай дактрынай “русский мир” і мэтай тэрытарыяльнага аднаўленьня абшараў і межаў СССР — былой савецкай імпэрыі.

Гэтымі дзеяньнямі Расея зламала міжнародныя законы і правілы, выпрацаваныя і прынятыя пасьля 2-й Сусьветнай вайны, Гэльсінгскія пагадненьні аб непарушнасьці межаў, аб гарантыях суверэнітэту за адмову ад ядзернай зброі і інш. Палітыка Пуціна адкінула Расею на ўзровень паняцьцяў 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Такая палітыка стварае непасрэдную пагрозу краінам Усходняй Эўропы і дачыненьням ва ўсім сьвеце.

Нападзеньне на Украіну, прапаганда, дыпляматыя і псіхапатычная рэакцыя рускага грамадзтва канстатавалі ўсяму сьвету, што ў Расеі ў выніку мэтанакіраванай гэбісцкай палітыкі правячага рэжыму сфармавалася ўлада, ідэалёгія і грамадзтва імпэрскага нацыянал-фашызму як вынік перараджэньня савецкай камуністычнай ідэалёгіі.

Гэтым тлумачыцца найперш вялікая небясьпека для ўсяго сьвету самога факту існаваньня такой агрэсыўнай ядзернай дзяржавы.

Мы падтрымліваем вольны і свабодалюбны ўкраінскі народ у яго змаганьні з акупантамі і навалай з Усходу. Украіна павінна быць вольнай, незалежнай, адзінай і дэмакратычнай дзяржавай. Украінскі Крым, захоплены рускімі акупантамі, мусіць быцйь вернуты Украіне з выплатай усіх рэпарацый за зьнішчэньне і прысваенеьне украінскай маёмасьці.

Крымска-татарскі народ мусіць стацца праўным гаспадаром на сваёй спрадвечнай крымскай зямлі ў статусе аўтаноміі ў вольнай Украіне. Расея, якая аб'явіла сябе насьледніцай СССР, мусіць выплаціць кампэнсацыю крымска-татарскаму народу за дэпартацыю, матэрыяльныя, марльныя і культурныя страты. Так павінна стацца, згодна гістарычнай справядлівасьці.

Слава Украіне!

Жыве Беларусь!

(Х Зьезд КХП-БНФ і ХІІ Зьезд БНФ “Адраджэньне”)

г. Менск, 27 красавіка 2014 г.


Праект

Аб рэвалюцыі на Украіне

(Рэзалюцыя)

Народная рэвалюцыя на Украіне (лістапад 2013 — люты 2014) абазначыла крах сістэмы карумпаванага гэбізму, выбудаванага ва Ўкраіне, ў Беларусі і Расеі ў выніку захопу ўлады савецкімі спэцслужбамі КГБ. Крымінальнаму антынароднаму рэжыму на Украіне, падтрыманаму Крамлём, надыходзіць канец.

Схіляем галаву перад героямі-украінцамі і беларусамі, якія загінулі і ахвяраваліся жыцьцямі дзеля сьветлай будучыні народа і вольнай Украіны.

Мы спадзяёмся на працяг вызвольнай украінскай рэвалюцыі ў суседніх краінах, што існуюць пад прыгнётам расейскага гэбізму і яго стаўленьнікаў. І ніякая агрэсія пуцінскай Расеі, ніякая яе брудная вайна ня спыніць барацьбы за свабоду.

Мы мяркуем, што сьвежы вецер украінскай народнай рэвалюцыі будзе распаўсюджвацца, пашырацца на іншыя краіны, перакуліць і здзьме небясьпеку народам, што зыходзіць ад расейскага імпэрыялізму і заходняга лібэралізму, паспрыяе адраджэньню вольнай Усходняй Эўропы ад Балтыкі да Чорнага мора.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Х Зьезд КХП-БНФ і ХІІ Зьезд БНФ “Адраджэньне”)

г. Менск, 27 красавіка 2014 г.