УСХВАЛЯЮЦЬ УЗУРПАТАРА

Так пісалі пра будучыню ў савецкіх фантастычных раманах. СССР будзе ССКР (Саюзам Савецкіх Камуністычных Рэспублік), есьці і піць будзе бясплатна, усе на вуліцах будуць шчасьлівыя. Ну, і г.д. Аўтар тэксту “Беларусь удалася” В. Марціновіч у газэце, якая прысабечыла гістарычны лагатып “Нашай Нівы”, недалёка пайшоў ад гэтых вобразаў “камуністычнай халявы будучыні” (як гэта называлі падлеткі 50-60-х гадоў). Розьніца толькі ў тым, што псэўда-нашанівец выступае ў амплуа “госьця зь мінуўшчыны”, які прызямліўся ў Беларусі 2014 года і ўбачыў ТАКОЕ!..

Тэкст спрэпараваны ў рамках жанру энтузіястычнага “комсомольского задора”. З такім “задорам” журналісты камсамольскай прэсы пісалі з БАМа і іншых “пяцігодак”. З гэтага стылю пакпілі ў “Залатым цяляці” Ільф і Пятроў (першы за гэта і іншае заплаціў жыцьцём у 1937 годзе). З такой жа гарачнасьцю кляпалі сваю дэзу майстры зь ведамства доктара Гёбэльса. Яны здолелі ачмурыць мільёны немцаў і нават прадстаўнікоў іншых народаў.

На думку аўтара, Марк Шагал зрабіўся трэцім сымвалам РБ, разам са сьцягам “ранак над балотам” і гэрбам-капустай. Класік (вядомы сваім вострым пачуцьцем гумару), калі б даведаўся пра гэта, то сьмяяўся б да сьлёз. Для “нашаніўца” і ягоных рэдактараў і 3 ліпеня – гэта Дзень незалежнасьці, і Чаргінец – сэнатар, і “помнік Альгерду” у Віцебску – не абы што з драпежнай птушкай, а нешта сапраўднае. Самае пацешнае ў пераліку – згадка пра курсы беларускай мовы, “на якіх зьбіраюцца сотні людзей”. Пацешна, бо памятаем, як гэтымі курсамі кіравалі Кібальчыч (раскрытая і праваленая агентка Масквы) і Франак Вячорка. І наогул, “улада праз зьбег абставін, далёкіх ад пытаньняў Адраджэньня, павольна зрабілася нацыянальна арыентаванай сілай”. Што называецца, дапісаліся. Ня хочацца паўтарацца, але трэба. Газэта нібыта ня бачыць разбурэньня беларускага школьніцтва, звыродлівай русіфікацыі ўсяго жывога і нерухомага ў нашай краіне, запаўненьня Беларусі расейскім охласам, яго арміяй і спэцслужбамі, зьнішчэньня нацыянальнай эканомікі і г.д.

Нядумаем што яны асьлеплі ў сваім выданьні. Фактычна, вядзецца праца на акупантаў. Аднак ўсе павінны ведаць, што пасьля падзеньня акупацыйнага рэжыму шмат пераменіцца, але адказнасьць ня зьнікне. Напісанае застанецца.

Сяргей Камароўскі