ПАДТРЫМАЦЬ ЗМАГАНЬНЕ СУПРАЦЬ ЗЛАЧЫННАЙ ПАЛІТЫКІ МАСКВЫ

(Ліпеньскі Сойм 2014 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

13 ліпеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту, і сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Сойму.

Выступоўцы прааналізавалі прычыны даволі шырокага ўзьдзеяньня на нашае грамадзтва агалцелай і хлусьлівай маскоўскай прапаганды. Галоўнай прычынай зьяўляецца шматгадовая разбуральная русіфікацыя беларускага грамадзтва, разбурэньне нацыянальнай культуры, школьніцтва і мовы. Людзі, гвалтоўна пазбаўленыя духоўнай арыентацыі, рэагуюць неадэкватна на падзеі рэчаіснасьці. Здаецца дзіўным і незразумелым, як многія тысячы дарослых людзей могуць верыць маскоўскай гёбельсаўшчыне, якая хлусіла і падманвала заўсёды, ва ўсе пэрыяды існаваньня імпэрыі. Адказнасьцю беларускіх патрыётаў ёсьць данясеньне праўды аб падзеях ва Украіне. Неабходна таксама давесьці нашаму грамадзтву інфармацыю пра крымінальныя планы Масквы па выкарыстаньні ў вайне супраць Украіны нашай дзяржаўнай тэрыторыі, беларускай арміі і нашых нацыянальных рэсурсаў. Нельга дапусьціць, каб антыўкраінская гістэрыя сталася грунтам для ўцягваньня нашага народу ў злачынную вайну супраць братняй Украіны.

Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра дзейнасьць агентуры рэжыму на ўсіх сацыяльных узроўнях. “Толькі б у нас не было Майдана!” – гукаюць аднолькавы тэкст у грамадзкіх месцах розныя гаварлівыя асобы. Потым яны распавядаюць “пра страшнае, што творыцца на Украіне”. Заўважна, што прамаскоўскаму рэжыму мала бруднай хлусьні, што льецца з расейскіх тэлеканалаў. Задзейнічаны шматлікія рэзэрвы аплочанай і кіруемай агентуры, якая культывуе нянавісьць да рэвалюцыйнага ўкраінскага народу і ягонага змаганьня за волю і незалежнасьць ад Масквы, апраўдвае і ўсхваляе імпэрскую агрэсію. Гэта ёсьць больш, чым ідэалагічны ўплыў. Гэта ёсьць гвалтоўная апрацоўка, “прамываньне мазгоў” з канкрэтнай мэтай – падрыхтаваць беларускае грамадзтва да ўдзелу ў расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Трэба ўсімі сіламі супраціўляцца гэтай злачыннай палітыцы.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

13 ліпеня 2014 г.