“ДЭМАНСТРАЦЫЙНАЕ АМПЛУА”

29 ліпеня “дэмСМІ” РБ паведамілі пра затрыманьне “актывіста “Альтэрнатывы” Ільлі Дабратвора”. Яго апэратыўна судзілі ў судзе Маскоўскага раёну і далі 14 сутак адміністрацыйнага арышту. Кіраўнік гэтай “Альтэрнатывы” Алег Корбан выказаў меркаваньне, што Дабратвора затрымалі ў Доме правасуддзя, куды ён зьявіўся на працэс над А. Бандарэнкам і меў на сабе майку з выявай Пагоні і надпісам “Свабоду палітвязьням”.

Гэта ўжо ня першы такі “подзьвіг” дзеячаў згаданай “Альтэрнатывы”. Дагэтуль, праўда, невядома, што за “альтэрнатыву” прапануюць А. Корбан з сваімі падначаленымі беларускаму грамадзтву. Але гэта ня важна. Важна, што іх хапаюць і судзяць. Ёсьць пра што пісаць згаданым “дэмСМІ”. “У страны есть героі” і г.д. Паводзіны гэтай маладзёвай публікі можна кваліфікаваць (паводле псіхіятрычнай лексікі) як “дэманстрацыйныя”. Гэта значыць як разьлічаныя на выключна зьнешні эфэкт – такое ў народзе называецца “пшыкам”. Зразумела, што маладзён Дабратвор адмыслова зьявіўся ў залі суда, каб яго заўважылі, схапілі і пасадзілі. Ён прыйшоў туды не для таго, каб падтрымаць праваабаронцу А. Бандарэнку, а каб засьвяціцца самому. Яго й засьвяцілі.

Нагадаем перадгісторыю гэтай “Альтэрнатывы”. А. Корбан вырас з маладзёвай арганізацыі Лябедзькаўскай АГП, раней быў у структуры пад назовам “Малады Фронт” (як вядома, даўно інфільтраванай і разваленай агентурай рэжыму). Хто і што кіруе гэтымі структурамі, даўно вядома. Адсюль і бязглуздыя (на першы погляд) дзеяньні, заявы і спэцэфэкты. Сутнасьць дзейнасьці гэтай публікі заключаецца ў стварэньні стэрэатыпаў для патрыятычнай беларускай моладзі. Замест таго, каб распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю пра падзеі ва Украіне (самая актуальная цяпер тэма) сярод падманутага маскоўскай гёбэльсаўшчынай беларускага грамадзтва, корбаны-дабратворы раскручваюць сваю “гульню Зарніцу” і заклікаюць далучацца да яе юнакам і дзяўчатам. Замест арганізаваных, дыскрэтных дзеяньняў, патрыётам прапануюцца эгсгібіцыянісцкія дзеі, якія абавязкава завяршаюцца арыштам і адсідкай. Зашмальцаваную калоду “дэманстрацыйных герояў” увесь час тусуюць. Даўно ўжо нешта не чуваць пра маскоўскага гастралёра Макса Вінярскага, пра “чалавека-майку” з Гомеля і некаторых іншых. Палачка ад папа-Гапона перадаецца наступным удзельнікам спаборніцтва-забегу на кароткай дыстанцыі. Яны прабягуцца на хвалі “дэмСМІ” і зьнікнуць на пэўны час, саступіўшы месца такім жа падсадным і фальшывым.

Беларуская моладзь, ёсьць просьба трымацца падалей ад гэтых правакатараў.

Сяргей Камароўскі