АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (23.07–25.07.2014)

Бізнэс для іх важней

23 ліпеня 2014 г. французкая газэта “Le Figaro” напісала: “Дэвід Кэмэран ушчуваў Францыю за продаж ваенных караблёў Расеі, але брытанская парляманцкая справаздача раскрыла, што Злучанае Каралеўства не распаўсюдзіла эмбарга на продаж узбраеньняў Маскве нягледзячы на абяцаньне прэм’ер-міністра, зробленае ў сакавіку”.

Наш камэнтар: Французы здалі брытанцаў, як школьных хуліганаў. Вось вам і ўся “антымаскоўская пазыцыя” лібэральнага Захаду. Бізнэс для іх важней.

Алесь Хадасевіч

Ня любяць хрысьціянства

24 ліпеня 2014 г. італьянская газэта “La Repubblica” паведаміла з Нарвэгіі. Спэцслужбы гэтай краіны паведамілі пра падрыхтоўку тэракта. Выканаўцамі павінны быць джыхадзісты, якія ваявалі ў Сірыі і вернуцца ў Нарвэгію. Іх ад 40 да 50 чалавек. Спэцслужбы вяртаюць з адпачынкаў сваіх супрацоўнікаў.

Наш камэнтар: Лібэральная Эўропа дорага плоціць за ператварэньне сваёй тэрыторыі ў камфортны прытулак для сотняў і сотняў тысячаў экзотаў у чалмах, якія ненавідзяць эўрапейскую, хрысьціянскую цывілізацыю і яе людзей, гэтак жа як і лібэралы.

Алесь Хадасевіч

Пасадзілі “праціўнікаў рэжыму”

24 ліпеня 2014 г. нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” паведаміла пра заканчэньне працэсу ў Маскве. Маскоўскі суд прысудзіў да 8 гадоў турмы “праціўніка рэжыму Удальцова і яго калегу Разважаева”. Іх абвінавацілі ў арганізацыі забурэньняў у Маскве ў дзень інаўгурацыі Пуціна 6 траўня 2012 г.

Наш камэнтар: Аналіз дзеяньняў і палітбіяграфіі гэтых двух “праціўнікаў рэжыму” даўно паказаў, што яны зьяўляюцца лубянскімі правакатарамі і дэскрыдытатарамі самога паняцьця супраціву. Маскоўскай юстыцыі спатрэбілася ажно два гады зь лішнім, каб завяршыць гэты працэс прысудам. Чаму менавіта цяпер? Мяркуем, што на прыкладзе папоў-гапонаў Масква хоча запалохаць сваё насельніцтва. Эйфарыя ад “крымнаш” яшчэ застаецца ў расейскім грамадзтве. Але маскоўскія банды церпяць паразу на Данбасе, Украінская армія паступова наступае і зьнішчае іх. Масква рыхтуецца да паўнамаштабнай інвазіі ва Украіну і хоча ўзяць пад жалезны кантроль сваё насельніцтва, не дапусьціць ніякіх пратэстаў.

Юрка Марозаў

Палохаюць Расею

25 ліпеня 2014 г. дацкая газэта “Berlingske” апублікавала артыкул пад тытулам “Расея можа апынуцца ў ізаляцыі на шмат гадоў”. Паведамляецца пра абмеркаваньне міністрамі 28 краінаў Эўразьвязу санкцый супраць Расеі за яе дзеяньні ва Украіне.

Наш камэнтар: Апісваючы гэтыя абмеркаваньні і пытаньне “ізаляцыі” заходнія назіральнікі і экспэрты нават не задумваюцца над адным важнейшым чыньнікам гэтай тэмы. Логіка паводзінаў Крамля сьведчыць аб тым, што Масква сама імкнецца да ізаляцыі Расеі. Насоўваецца эканамічная катастрофа, лубянцам трэба ратаваць сваю ўладу ў імпэрыі. Таму Крэмль выбірае вайну і закрыцьцё дзяржаўных межаў. Гэта яшчэ не задэкляравана з трыбунаў, але ўжо адчуваецца ў стратэгіі паводзінаў – агрэсіўных і нахабных. Толькі такім чынам крамлёўская хунта спадзяецца выратавацца (маўляў, яны не вінаватыя, Захад нагадзіў). Але гэта таксама ёсьць шлях да распаду імпэрыі.

Юрка Марозаў

“Не атрымалася”

25 ліпеня 2014 г. славацкая газэта “SME” напісала, што ўкраінскія спэцслужбы затрымалі ў аэрапорце Данецка брытанскага рэдактара ангельскай вэрсіі расейскага тэлеканала RT Грэхама Вільяма Філіпса, а потым выдалілі яго з краіны. Там жа раней затрымалі некалькіх іншых расейскіх журналістаў. Спэцслужбы дапыталі іх і выдалілі, спасылаючыся на “пагрозу дзяржаўным інтарэсам Украіны”.

Наш камэнтар: Хлусы і дэзынфарматары хацелі камфортна займацца сваёй антыўкраінскай справай на Данбасе. Не атрымалася.

Юрка Марозаў

Крамлёўская гёбэльсаўшчына вякае

25 ліпеня 2014 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра заяву расейскіх уладаў. Аб тым, што каля 40 снарадаў, выстраляных з тэрыторыі Украіны, выбухнулі ў Растоўскай вобласьці. Прадстаўнік памежнай службы ў Растоўскай вобласьці Малаеў заявіў, што паведамленьняў пра чалавечыя страты ў гэтай сувязі няма.

Наш камэнтар: Расейскія тэлеканалы накляпалі шэраг сюжэтаў са “сьведкамі”, у гародах якіх нібыта ўпалі ўкраінскія снарады. Гэтыя “сьведчаньні” прымітыўныя і спрэпараваныя. Украінская армія нясе страты ад масіраваных абстрэлаў з тэрыторыі Расеі па яе пазыцыях, але выконвае загад камандваньня – не адказваць на гэты агонь. “Сьведчаньні” і заявы – чарговая мана крамлёўскай гёбэльсаўшчыны.

Юрка Марозаў