АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (01.08–06.08.2014)

Адцягваючы манеўр Масквы

2 жніўня 2014 г. славацкая газэта “SME” праведаміла пра баі паміж азэрбайджанскімі і армянскімі войскамі ў Нагорным Карабаху. Загінулі 12 азэрбайджанскіх вайскоўцаў. Расея ўжо заклікала да спыненьня агню і замірэньня.

Наш камэнтар: Вось і яшчэ адзін ваенны канфлікт, дзе Масква выступае “міратворцам”. Колькі яшчэ распаліць Крэмль крывавых войнаў, каб зацямніць сваю агрэсію супраць Украіны?

Юрка Марозаў

Як умеюць так і пішуць

4 жніўня 2014 г. дацкая газэта “Berlingske” апублікавала артыкул пад тытулам “Беларусь дае паліва Украіне”. Там напісана сярод іншага: “Беларусь, якую называюць апошняй дыктатурай Эўропы па прычыне прыгнятальнай улады Лукашэнкі, мае два нафтаперагонныя заводы, якія атрымліваюць расейскую нафту і пасылаюць назад розныя нафтавыя прадукты”.

Наш камэнтар: У тэксьце стала зразумела, што Лукашэнка яшчэ толькі паабяцаў даць нафту Украіне. Так што хлёсткі тытул артыкула зусім не да месца. Да таго ж датчане і іншыя на Захадзе забываюцца, што згаданыя два заводы даўно ўжо належаць расейскай акупанцкай дзяржмафіі, а не народу Беларусі.

Юрка Марозаў

Зь імі нічога не здарыцца

5 жніўня 2014 г. летувіская газэта “Kauno Diena” напісала: “Расея прыгразіла заблакаваць доступ да партала расейскай службы навінаў ВВС, які транслюецца зь Вялікай Брытаніі за інтэрв’ю з адным сібірскім актывістам, які заклікаў людзей паўдзельнічаць у несанкцыянаваным пратэсьце ў аўторак, як паведаміла газэта “Ізвестія”.

Наш камэнтар: Так зазвычай бывае з сапраўды дэмакратычнымі і прафэсійнымі журналістамі, якія працуюць ва ўмовах дыктатуры. Мы радыя за “дэмСМІ РБ”. Яны паводзяць сябе так, што іх нішто і ніхто ніколі не заблакуе. Зь імі нічога не здарыцца. Ну, хіба што ордэн ад Лукашэнкі атрымаюць.

Алесь Хадасевіч

Пасунуліся на курорты

5 жніўня 2014 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала пра калапс чацьвертай па ліку вялікай расейскай турыстычнай кампаніі ў выніку падзеяў ва Украіне і падзеньня плацёжнай здольнасьці рубля. 27 тысячаў расейскіх турыстаў застралі ў замежжы і ня могуць вярнуцца ў РФ. Турцыя высяляе іх з гатэляў, Грэцыя і Баўгарыя пакуль “праяўляюць цярпімасьць”. Турыстычнае начальства прызнае, што гэта толькі пачатак праблемаў.

Наш камэнтар: Паваяваць захацелася “дорогім россіянам”, “крымнаш” і г.д. Але замест таго, каб сьпяваючы “Вставай, страна огромная…”, пасунуцца мільёнамі запісвацца ў армію, яны пасунуліся на курорты. Вось і ня выйшла: ні на курортах, ні на данбаскім фронце.

Алесь Хадасевіч

Праблема войска

6 жніўня 2014 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” апублікавала інтэрв’ю з чэшскім русістам Маркам Пржыгодай. Русіст сказаў, што на пачатку вайны дыверсанты, маючы падтрымку Расеі, супрацьстаялі слабой украінскай арміі. Пасьля некалькіх месяцаў баёў, аднак, украінскія ўзброеныя сілы бяруць верх. Бо палепшылі тактыку і каардынацыю, мабілізавалі тэхніку. Экспэрт дадаў, што Масква недаацаніла Украіну. Нагадаў таксама, як рэжым Януковіча гробіў нацыянальную армію.

Наш камэнтар: Ва Украіне, як вядома, разбурэньне арміі пры прамаскоўскім рэжыме адбывалася паводле апрабаванай Масквой мадэлі разбурэньня, падпарадкаваньня і русіфікацыі беларускай арміі. Вызваленай Беларусі таксама прыйдзецца аднаўляць сваю армію.

Алесь Хадасевіч

Абазваўся Лужкоў

1 жніўня 2014 г. латвійская газэта “Diena” паведаміла пра справу Лужкова. Былы мэр Масквы ўшчаў чарговую судовую справу ў Рызе з патрабаваньнем адмяніць дазвол на ягоны ўезд у Латвію. Ягонае імя было ўнесена ў сьпіс неўязных у 2011 г. Да гэтага Лужкоў пасьпеў наведацm Латвію і нават выказваўся за наданьне расейшчыне статуса дзяржаўнай мовы.

Наш камэнтар: Дэмакратычная краіна бароніцца ад вядомага маскоўскага мафіёзы. Але нахабнік, яшчэ выступаў за дзяржаўнасьць расейшчыны! Няхай бы ў свой час падтрымаў русіфікацыю мусульманскай Масквы. Наш час поўны парадоксаў!

Алесь Хадасевіч