РУСІФІКАТАРСКАЕ ВЫНІШЧЭНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ

Настаў рамантычны пэрыяд для самых юных у нашай Беларусі – пара апошніх званкоў, школьных іспытаў, выпускных баляў. Аднак, беларусам, неабыякавым да лёсу акупаванай радзімы, не да рамантыкі. Акупанцкая расейшчына зноў паказала свой дзікі і агрэсіўны нораў. З розных куткоў Беларусі паступаюць зьвесткі пра сьвяточныя мерапрыемствы ў школах з афіцыйным статусам “школа зь беларускай мовай навучаньня”.

Гучыць музыка, выпускнікі і настаўнікі выступаюць з прамовамі і песьнямі, іх вітаюць малодшыя школьнікі. На ўсім працягу мерапрыемстваў не гучыць ніводнае беларускае слова, ніводная песьня на роднай мове, ніводная беларуская мелодыя. Усё чужое, накінутае: руская папса, адпаведная стылістыка і вобразнасьць. Неабазнаны ў месцазнаходжаньні сьведка мог бы падумаць, што патрапіў у Сольвычагодск або Урупінск, а можа ў прыгарад Масквы. Калі беларусы пыталіся пра тое, што адбывалася, у настаўнікаў, тыя (ужо падрыхтаваныя) рэзка гукалі: “А у нас два языка!” На пытаньне -- “а куды ж тады падзеўся “второй язык”? – школьныя даглядчыкі нічога не адказвалі і адварочваліся ад беларусаў.

Зразумела, што ўсё гэта (гэтак сінхронна) прыдумалі не самы школьныя адміністрацыі па ўсяе краіне. Яны атрымалі чарговы рэскрыпт зь міністэрства, якое заслугоўвае тытула “міністэрства зьнішчэньня беларускай асьветы”. Акупанцкія структуры перайшлі да чарговай стадыі ліквідацыі мовы карэннага народа нашай краіны. Русіфікацыя становіцца ўсё больш адкрытай, цынічнай і нахабнай. Зразумела, што акупанты сьпяшаюцца. Ім трэба як мага хутчэй спляжыць цяперашняе маладое беларускае пакаленьне. Каб канчаткова і беспаваротна завалодаць нашай краінай ды перайсьці да яе фізічнага разгрому.

Але ня ўдасца русіфікатарскай мярцьвячыне назаўжды атруціць і паняволіць душы беларускай моладзі. Імпэрыя Зла гніе і валіцца на вачах. Яны не пасьпеюць завершыць сваю ганебную справу. Але каб ацалець, беларусам трэба супраціўляцца русіфікатарскаму гвалту, вучыць дзяцей у роднай мове, вучыць шанаваць яе (у сям’і, дома, у коле сяброў-аднадумцаў, на вуліцах, ва ўстановах, паўсюдна).

Сымон Рудзік