ІГУМЕНСКІ ШЛЯХ. ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ РАСЕЙСКАГА ТЭРОРУ

28 чэрвеня група сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ накіравалася з Менску ў горад Чэрвень Менскай вобласьці. На ўскраіне горада людзі распачалі мэмарыяльнае шэсьце, ускладаючы кветкі і запальваючы зьнічкі пад крыжамі і помнікамі ў памяць ахвяраў расейскага тэрору.

22 чэрвеня 1941 года канвой НКВД пагнаў з менскай турмы тысячы вязьняў на Усход, у Расею. 26 чэрвеня ў Чэрвені акупанты адпусьцілі на волю частку вязьняў – “класава блізкіх”, асуджаных па крымінальных артыкулах. А калёну палітычных вязьняў пагналі далей. З Масквы ўжо быў атрыманы загад для аховы ўсіх савецкіх лягяроў і турмаў, што знаходзіліся ў заходніх рэгіёнах Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны і Малдовы, -- “ликвидировать врагов народа в связи с продвижением немецких войск”. У тыя дні НКВД расстраляў дзесяткі тысячаў палітычных вязьняў і закладнікаў, мужчын і жанчын, уключна зь дзецьмі і падлеткамі. Адзін з актаў гэтага злачынства адбыўся на дарозе за Чэрвенем. Чэкісты адкрылі агонь па безабаронных вязьнях і забілі сотні людзей. Выратаваліся ўсяго некалькі чалавек. З 1991 года патрыёты-фронтаўцы арганізоўваюць у гэтых мясьцінах мэмарыяльныя мерапрыемствы. Беларусы, летувісы і палякі паставілі крыжы і помнікі ў памяць сваіх палеглых.

На сёлетніх мерапрыемствах фронтаўцы, як заўжды, спыняліся і паміналі ахвяры народа каля крыжоў і помнікаў. Людзі сьпявалі наш нацыянальны гімн “Магутны Божа”. Выступоўцы казалі пра неўмяручую народную памяць, якая ёсьць падмуркам цывілізаванага, культурнага жыцьця новых пакаленьняў. Расейскім акупантам хацелася б сьцерці гэтую памяць, забараніць і растаптаць яе. Але гэта ім не ўдалося і ня ўдасца. Беларусы будуць вяртацца ў сьвятыя месцы і не пакінуць сваіх палеглых. Крамлёўска-лубянская акупацыйная сістэма і сама імпэрыя зла, якія забівалі людзей у 1941 годзе, у адрозьненьні ад разгромленага нямецкага фашызма яшчэ існуюць. І твораць яны тое ж самае, што тварылі тады і заўсёды. Мы ведаем, што ў захопленых Масквой раёнах Украіны расейскія акупанты катуюць і забіваюць ваеннапалонных, закладнікаў, рабуюць, гвалцяць, паляць і разбураюць. Прырода маскоўскай імпэрыі не зьмянілася. Украінскі народ змагаецца за сваю волю і таму беларускія патрыёты стаяць на баку ўкраінскіх герояў-абаронцаў. Народы ведаюць: гніеньне і распад маскоўскай імпэрыі дасягнулі найвышэйшай кропкі. Гэтага, на жаль, ня бачыць сам расейскі народ, які ў бальшыні сваёй падтрымлівае крамлёўска-лубянскую ўладу і свайго “лідэра”. Але блізкі дзень вызваленьня народаў ад імпэрыі, стварэньне нацыянальных дзяржаў і нармалізацыя народнага і чалавечага жыцьця. Спрабуючы выратавацца, Масква і антыбеларускі рэжым не хаваюць свае планы па выкарыстаньні сотняў тысячаў беларускіх юнакоў і мужчын у якасьці “гарматнага мяса” у агрэсіі супраць братняй нам Украіны. Беларусы ужо зразумелі гэта і многія сем’і жывуць з трывогай за сваіх мужчын.

Тут, над магіламі нашых бязьвінных пакутнікаў, мы заяўляем: маскоўскі акупант больш ня будзе беспакарана забіваць бяззбройных беларусаў і пасылаць іх на сьмерць на свае брудныя войны. Няхай паспрабуюць кінуць беларусаў у атаку на Украіну і тады яны атрымаюць магутны народны супраціў. Беларусы будуць абараняць сябе і сваю краіну ўсімі сродкамі, у адпаведнасьці з нашай Канстытуцыяй, традыцыямі і прыродным правам. Тады імпэрыя зла можа скончыцца менавіта ў Беларусі, а не ва Украіне.

Грамада гукала “Жыве Беларусь!”, “Слава Украіне!”

28 чэрвеня 2015 г.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ