РУХ “ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ”

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят "Вольная Беларусь" заклікае ствараць суполкі руху "Вольная Беларусь". На сёньняшні дзень лёзунгі руху такія:

-- Лукашэнка, прэч! (Гэта значыць – ліквідацыя ўлады Лукашэнкі);

-- Новыя выбары (Гэта значыць – выбары парляманта і прэзыдэнта згодна з Канстытуцыяй 1994 года).

Характар узаемаадносін – салідарнасьць.

Стварэньне суполак -- адзіна правільны мэтад у сёньняшніх умовах. Рух разьвіваецца гарызантальна. Стварайце суполкі па месцы жыхарства, ва ўніверсытэтах, прадпрыемствах, установах. Аб'ядноўвайцеся і салідарызуйцеся.

Потым (пры зьмене ўмоў) – ўстаноўчая канфэрэнцыя і структурная арганізацыя. Для суполкі на пачатак дастаткова трох чалавек.

Беларусы, гуртуймася ў рух пад нацыянальным сьцягам! Беларусь -- наша краіна! Будучыня -- наша!

7 верасень 2020 г.

БНС

Т л у м а ч э н ь н е

да звароту Рух «Вольная Беларусь»

Рэжым.

Мы жывем пад рэжымам унутраннай акупацыі, дзе Лукашэнка і ягоная "вертыкаль" праводзяць антыбеларускую палітыку чужой дзяржавы. Тут ня дзйнічаюць ні законы ні права, суды ператвораныя ў ворганы рэпрэсій. Адміністрацыя і выканаўчая ўлада выконвае антынародную палітыку ўзурпатара. Любога чалавека могуць схапіць на вуліцы, дома, у парку, у пад'езьдзе, у любым месцы, зьбіць, разьбіць галаву і нават, не дастаўляючы ў суд, асудзіць завочна за супраціў міліцыі, кінуць ў каталажку, прысудзіць штраф.

Лукашызм -- гэта крымінальна-мілітарыстскі антыбеларускі, антычалавечы рэжым, дзе ніводзін чалавек не можа адчуваць сябе абароненым ад уседазволу уладаў. Чалавека могуць, зьняважыць, скалечыць, забіць і злачынцы (АМАП, суддзі, пракуроры) не панясуць за гэта ніякай адказнасьці.

У краіне няма парляманта. У сурагатнай "палаце" няма апазыцыі. З 1994 года не было дэмакратычных выбараў. Усе выбары, што адбыліся, былі сфальшаваныя і не прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, бо недэмакратычныя.

З 2000 года Мінюстам не была зарэгістравана ніводная партыя. Партыі, якія ацалелі, сьпіхнутыя на поўлегальнае існаваньне, ім зачынены легальныя магчымасьці дзеяньня, сябры партыяў падвержаны рэпрэсіям і перасьледу. У такіх умовах стварэньне палітычнай арганізацыі і дзейнасьць яе па законнай працэдуры немагчымая. Мусяць быць іншыя мэтады і падыходы ў партыйнай працы з улікам рэпрэсій і несвабоды.

Рух

Бесперапынная, штодзённая пратэстная дэманстрацыя на вуліцах і страйк на сваіх працоўных месцах можа стаць адным з чыньнікаў, калі праз сталы ціск і прымус можна ўплываць на асновы дэструктыўнай улады.

У такіх умовах патрэбны народны рух, які ставіць адну задачу, зразумелую ўсім, і ня больш трох лёзунгаў для выкананьня задачы.

Мусіць быць зразумеласьць і прастата выкананьня. Арганізацыя руху адбываецца не па стандарту. Яна павінна (абавязкова) разьвівацца зьнізу і (абавязкова) па гарызантальнай сістэме. (Умоўная каардынацыя руху можа быць недасяжнай).

Пры цэнтралізаванай структуры руху рэпрэсіўныаму рэжыму лягчэй зьнішчыць такую сістэму, ліквідаваўшы кіраўніцтва і ведаючы ўсю структурную субардынацыю руху.

Пры гарызантальнай сістэме арганізацыі руху (і недасяжнай каардынацыі) рэжым можа зьнішчыць асобныя суполкі, але ня ўсю гарызантальную сістэму руху. Пры шырокім разьвіцьці руху і, галоўнае, пры зьмяненьні ўмоў можа адбыцца структураваньне руху па класічнай схеме з цэнтральным кіраваньнем.

(ЗАЎВАГА. Па аналагічнай схеме разьвіваецца цяпер Беларускі пратэстны рух. Лідар -- увесь народ. Астатняе -- самаарганізацыя. Адзін з лёзунгаў руху: "Нас нельга забіць!").

Арганізацыя апазыцыйнай партыі, платформы, згуртаванья, саюзу і іншых палітычных формаў супраціву ва ўмовах крымінальна-паліцэйскага рэжыму, практычна, немагчымая, праблематычная і лакальная. Але нават калі б нешта часткова і ўдалося запачаткаваць, то ўтварэньні павінны б былі стаць часткай агульнага народнага руху.

Праграма і задача

Нацыянальны вызвольны рух "Вольная Беларусь"павінен быць адзіны і салідарны, бо ён пакліканы для вырашэньня першачарговай агульнанацыянальнай задачы -- ліквідацыі ўлады Лукашэнкі і правядзеньня новых выбараў (парляманту і прэзыдэнта) згодна Канстытуцыі 1994 года. Гэта галоўная агульнанацыянальная задача і агульнанацыянальная праца.

Тым часам суполкі руху вольныя ў дзейнасьці і могуць працаваць па ўсёй праграме Беларускага Адраджэньня. Дзеля гэтага супольнай групай Дэпутатаў Незалежнасьці і іншых адмыслоўцаў у 2017 годзе створаны праект новай Беларусі -- праграма, якая называецца "Вольная Беларусь", якая абмеркавана грамадзтвам і можа стаць дзейнай асновай шырокага руху "Вольная Беларусь" і ўсяго новага Беларускага Адраджэньня. ( http://www.bielarus.net/pdf/Program_Bolnaja_Bielarus_internet.pdf )

Працоўныя людзі

Гаворачы пра стварэньне грамадзка-палітычнага вызвольнага руху "Вольная Беларусь", мы разумеем, што рэальную сілу для руху могуць найперш надаць салідарныя дзеяньні працоўных людзей, занятых у вытворчасьці і эканоміцы. Таму галоўная задача і апора на грамадзкую сілу мусіць быць ськіравана на стварэньне незалежных прафсаюзаў і пастаянна дзеючых страйкамаў на прадпрыемствах. Арганізацыя страйкамаў працаёмкая, вымагае дапамогі беларусаў усяго сьвету (што датычыць фондаў матар'яльнай дапамогі ). Але ва ўмовах антынароднага рэжыму так трэба рабіць, каб зьмяніць нашае жыцьцё да лепшага.

Удакладненьне пра выбары

Новыя выбары не павінны адбывацца па лукашысцкай канстытуцыі, таму што гэта збочаная канстытуцыя дыктатуры. Яна незаконная. Уведзена Лукашэнкам насуперак праву пасьля лістападаўскага дзяржаўнага перавароту 1996 года. Народ ня мусіць выбіраць сабе новага дыктатара. Пасьля сканчэньня ўлады Лукашэнкі, яго незаконная канстытуцыя адмяняецца і аўтаматычна вяртаецца Канстытуцыя 1994 года. Па гэтай Канстытуцыі выбіраецца парлямант і прэзыдэнт.

Праз год парлямант можа удакладніць функцыі прэзыдэнта, унесьці папраўкі ў тэкст Канстытуцыі і перадаць ажыцьцяўленьне выканаўчай улады прэм'ер-міністру.

Канцэнтрацыя ўсёй выканаўчай улады ў руках прэзыдэнта ёсьць антыдэмакратычны прынцып улады. Пры такім прынцыпе магчымыя цяжкія электаральныя памылкі і ўплыў чужой дзяржавы на выбарах. Пры абсалютным бескантрольным кіраўніцтве непазьбежныя памылкі ў палітыцы і (што асабліва істотна для Беларусі) на адзіналічнага кіраўніка лягчэй уплываць з боку чужой дзяржавы (паставіць ў залежнасьць, падкупіць, штурхнуць на памылковыя дзеяньні і т.п.). Парляманцкая форма ўлады, практычна, выключае зьнешні ўплыў (на 260 дэпутатаў уплываць немагчыма, да таго ж дэпутаты выбіраюць і зьмяняюць прэм'ера).

7 верасень 2020 г.

БНС