РУСКАЯ ТЭХНАЛЁГІЯ

Руская агентура прафэсійна працуе на эмацыйны раскол беларускага грамадзтва, ужываючы ўсюды аднолькавыя прыёмы.

Расколу беларускага грамадзтва на аснове нянавісьці Лукашэнка прысьвяціў 26 гадоў сваёй улады. Ягоны лексічны запас ненавісных і зьневажальных слоў дзеля ацэнак розных груп і праслоек беларускага грамадзтва сягае на больш за сотню тэрмінаў (гэта ўжо сабрана).

Тым часам людзям, якія цікавяцца тэхналёгіямі масавага ўзьдзеяньня, раіў бы паглядзець запіс відэа жаночага форуму і канцэрту ў падтрымку Лукашэнкі, які адбыўся 17 верасьня ў горадзе Менску.

На выбарчых мітынгах у ліпені-жніўні гэтага года з удзелам С. Ціханоўскай, і штабістак групы Газпрама-ФСБ і на жаночым форуме 17-га верасьня выкарыстаны аднолькавыя тэхналёгіі, над якімі працавалі адны і тыя ж расейскія тэхнолагі.

Гэта відавочна. Толькі на форуме ўсё выкананьне было бяздарным, пошлым і фальшывым. Відаць былі тыя ж самыя штучныя ўстаноўкі на запал эмоцыяў, на пытаньні са сцэны і адказы хорам, на экзальтацыю і сантыменты, на камплімэнты і ўхваленьне публікі.

Тут ужывалася ўся лексіка штабістак: "вы -- невероятные", "я вас люблю", "я вас всех очень люблю", "мы вас очень любим", "вы -- самые лучшие", "мы с вами", "спасибо всем вам", "вы добрые, отзывчивые, трудолюбивые", "вы сегодня хозяйки этой страны", "такой канцентрацыи красоты, как здесь, нет ни в одном уголке земного шара" (да спадарынь з начосамі і высокім бюстам) і г. д. Пры гэтым адна дама з рэзкім закусам закрычала, што "муж офицер костьми ляжет, но над нашей любимой страной не будет бчб флаг!" "За Беларусь"! -- скамандавалі падцягнутыя вядучыя. "За Беларусь"! -- падхапілі жанчыны. Рэдкаснае відовішча, сага пра словы любові на чужой мове, сказаныя зь нянавісьцю.

19 верасень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК