НЕКАЛЬКІ ЗАЦЕМАК ПРА ЦЯПЕРАШНЯЕ І БЫЛОЕ

15 студзеня 1994 года адбыўся афіцыйны візіт прэзыдэнта ЗША Уільяма Клінтана ў Менск. Было запланавана афіцыйнае спатканьне прэзыдэнта з кіраўніцтвам парляманцкай Апазыцыі БНФ і з дэмакратычнай супольнасьцю.

Спатканьне адбылося ў першай палове дня ва ўрадавай рэзыдэнцыі афіцыйных прыёмаў. Ад дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце былі: кіраўнік Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк, Уладзімер Заблоцкі -- прэм'ер-міністар Ценявога ўраду БНФ; ад дэмакратычнай супольнасьці -- Аляксандар Дабравольскі. З амэрыканскага боку быў прэзыдэнт Клінтан (і перакладчык). Размова доўжылася паўгадзіны. Асноўныя пытаньні -- вывад ядзернай зброі зь Беларусі, Чарнобыльская катастрофа, дэмакратызацыя і свабода друку.

Клінтан быў стрыманы, ветлівы, нідзе не выступаў за рамкі дзелавога дыялогу. Індывідуальных пачуцьцёвых зрухаў я ў ім не заўважыў, нават калі расказваў яму пра Чарнобыль.

У гэты ж дзень я спатыкаўся з Клінтанам яшчэ раз у Курапатах (нягледзячы на адчайны супраціў прэм'ер-міністра Кебіча і КГБ; потым пра гэта не далі інфармацыі). У Курапатах я чакаў прэзыдэнта каля Крыжа Пакуты. Ён падыйшоў з перакладчыцай (уся дэлегацыя засталася ля машынаў на шашы). Я павітаў прэзыдэнта, коратка паведаміў, што гэта за месца і гісторыю Крыжа Пакуты. Потым выказаў яму спачуваньне з прычыны нядаўняй сьмерці ягонай маці, сказаў, што Курапаты ёсьць месцам жалобы ўсёй Беларусі. Прэзыдэнт Клінтан падышоў да Крыжа, схіліў галаву ў жалобе і стаяў так больш хвіліны. Па дарозе на курапацкую "Галгофу" Клінтан спытаў у мяне, чаму Курапаты не выглядаюць мэмарыялам. Я адказаў: "Таму што ў Беларусі засталіся кіраваць нашчадкі тых, што расстрэльвалі народ."

Пра той дзень можна б было расказаць шмат цікавага і павучальнага. Але крочым наперад.

Інаўгурацыя прэзыдэнта Клінтана адбылася 20 студзеня 1993 года. У ёй удзельнічала 800 тысячаў чалавек, у тым ліку ад парляманцкай Апазыцыі БНФ быў запрошаны прэм'ер-міністр Ценевага ўраду БНФ Уладзімер Заблоцкі. Тысячы гасьцей з усяго сьвету былі запрошаныя на гэтае мерапрыемства, якое адбываецца ўрачыста, з прамовамі, балямі, файервэркамі, танцамі, прысягай прэзыдэнта на Бібліі і г. д.

Ул. Заблоцкі прысутнічаў на адным з прыёмаў, ручкаўся з Клінтанам, перакінуліся дзяжурнымі фразамі. Увогуле, інаўгурацыя ў ЗША -- гэта сьвята, помпа і ўрачыстасьць. На некаторых інаўгурацыях прысутнічала да 2-х мільёнаў чалавек. Традыцыі вельмі цікавыя і падрабязна пратакольна расьпісаныя. Пасьля прыняцьця прысягі новым прэзыдэнтам, адыходзячы прэзыдэнт сядае з жонкай у верталёт і проста з Капіталійскага ўзгорку адлятае на вайсковую базу ЗША, разьвітаўшыся зь Белым домам. Так вось яно дзеецца ў людзей.

Зь Беларусі, на колькі мне вядома на сёньняшні дзень, на мяркуемую інаўгурацыю Байдэна не запрасілі нікога. Ня надта верыцца, што амэрыканцы пачнуць, як эўрапейцы, гуляць у прафанацыю з Ціханоўскай. Тым часам журналісты з "Вашынгтон пост" ужо выказалі жаданьне, каб яе запрасілі.

У 1996 годзе мне і Сяргею Навумчыку прыходзілася спатыкацца з сенатарам Джо Байдэнам у яго сенацкім офісе міжнароднай палітыкі. Гаворка з нашага боку ішла пра геапалітыку і небясьпеку для Беларусі з боку Расеі. Амэрыканцы тады былі занепакоены адмоўнай пазыцыяй Расеі ў сувязі з пашырэньнем НАТО (трэба было "ўламаць" Крэмль) і праблемы зь Беларусяй амэрыканцам маглі ў гэтым толькі перашкодзіць.

За апошнія 10-15 гадоў я чуў ня раз пра крытычнае стаўленьне Байдэна да Расеі. Якія дачыненьні будуць цяпер (у выпадку калі пацьвердзіцца выбраньне Байдэна), гадаць не прыходзіцца. Але абапірацца беларусам трэба толькі на сябе. Бяда, праўда, у тым, што ў Беларусі беларусам спадзявацца яшчэ няма на каго. Чужыя сілы штурхаюцца за ўладу ў Беларусі.

29 лістапад 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК