КАНФЛІКТ ЧУЖЫХ. ЗМАГАНЬНЕ БЕЛАРУСАЎ НА ДВА БАКІ: З АНТЫБЕЛАРУСКАЙ УЛАДАЙ ЛУКАШЭНКІ І ЗЬ ЯЕ ГАЗПРАМ-КРАМЛЁЎСКАЙ АПАЗЫЦЫЯЙ.

На саміце НАТО 14-га чэрвеня гэтага года прагучэлі паведамленьні (міністар МЗС Латвіі) аб падрыхтоўцы Расеі да рэальнай анэксіі Беларусі і аб неабходнасьці Прыбалтыйскім краінам рыхтавацца да гэтай падзеі. Іронія ў тым, што самы Прыбалтыйскія краіны (спадзеючыся на парасон НАТО) спрыяюць анэксіі Беларусі Расеяй і падтрымліваюць эўрапейскую агрэсію санкцый.

Групоўка Латушкі-Ціханоўскай тут, фактычна, служыць шырмай (Траянскім канём) для эўрапейскай палітыкі пераразьмеркаваньня рынкаў і спрыяе інтарэсам нямецка-расейскай дамінацыі на кантынэнце.

Шкода ад ролі і рыторыкі гэтай групоўкі вялікая, бо калі б газпрам-крамлёўскі план цяпер быў бы рэалізаваны, ён паспрыяў бы рэальнаму аншлюсу Беларусі Расеяй, выклікаў бы небясьпечныя геапалітычныя перамены ва Ўсходняй Эўропе.

Ня выключана, што Пуцін у адпаведны момант можа скарыстаць гэтую групу непасрэдна ў наўпроставым дзеяньні, калі яму спатрэбіцца рэальна пазбавіцца ад Лукашэнкі. Магчыма, гэтым выклікана нядаўняе выключэньне Ціханоўскай з расейскай базы МУС міждзяржаўнага вышуку. (Крэмль на будучыню хацеў бы мець Ціханоўскую ўяздной у Расею дзеля магчымых захадаў па ажыцьцяўленьні газпрам-крамлёўскага электаральнага плану.)

Варыянтаў тут некалькі -- і ўсе злавесныя. Найбольш небясьпечным быў бы той, калі б крамлёўцам ўдалося стварыць востры крызіс ўлады ў Беларусі, прызнаць міфалогію аб Ціханоўскай, запрасіць яе ў Маскву (гэтая падзея пастаянна мадэліруецца ў прапуцінскай рыторыцы Ціханоўскай, значэньня якой яна, відаць, не разумее) і пераможна ўехаць у Беларусь, выстаўляючы Сьвету як плякат свабоды з усходу перад павержаным Лукашэнкам. Далейшыя падзеі: усеагульная любоў да Пуціна з боку "брацкіх" народаў, выбары Бабарыкі, пераразьмеркаваньне (забор) беларускай маёмасьці, русіфікацыя, аншлюс, стварэньне прадпасылак "канца беларускай гісторыі" (канца, праўда, ня будзе, але пра тое пакуль не гаворым).

Такая верагоднасьць авантурная, складаная і, з гледзішча абмежаваных эўрапейскіх уяўленьняў, нерэальная. Але для Масквы тое амаль руціна, усё магчыма. Нездарма там узьнікаюць разважаньні пра рэжым "ваеннага стану". Лукашэнка мячык злавіў. "Ваенны стан" быў бы крокам да краху дзяржавы (разам з сатрапам).

Да вар'яцкага намеру сатрапа ўвесьці ваенны стан трэба аднесьціся сур'ёзна. Па сваёй прыродзе Лукашэнка -- гэта забойца з хворай псіхікай апантаны нянавісьцю да беларускай нацыі. Трэба ведаць, што нянавісьць -- гэта паталагічны трансцэндэнтны стан душы. Нянавісьць безаблічная, існуе ў пацыенце сама па сабе як сутнасьць, але канцэнтруецца на канкрэтных раздражняльніках. Паталогія псіхікі павялічвае ўзровень нянавісьці да поўнага абсурду. Аб'ектам нянавісьці дзеля ўлады псіхапата могуць стаць групы людзей, цэлы народ і ўсё чалавецтва.

Беларусам (шмат каму) да сёньняшняга дня яшчэ цяжка ўявіць, каго яны пасадзілі сабе на галаву, бо, як недапалітычнае грамадзтва, яны любяць і абіраюць сабе ўладу, зыходзячы з сваіх прыемных ілюзій, з свайго хаценьня, але не з рэальнасьці (з Ціханоўскай дакладна такая ж праява ўяўленьняў. Адукаваныя людзі сантымэнтальна ўяўлялі яе Эміліяй Плятар, наўпрост ня бачачы, што за нацыянальна чужая і пустая істота ўсплыла перад імі на хвалі вады).

Беларусы, магчыма, ўжо забыліся пра пагрозу пацыента роўна год таму перад выбарамі. Яна гучэла так: "Забыліся, як былы прэзідэнт Карымаў у Андыжане задушыў путч, расстраляўшы тысячы чалавек? Ну дык мы нагадаем!”

На жаль, маё веданьне і сьведчаньне пра гэтага пацыента, якому беларусы (пры ўдзеле і задуме Масквы) далі ў рукі абсалютную ўладу над сабой, гэтак жа як і 27 гадоў таму, наўрад ці прымусіць каго задумацца. Надта ж "невераятна" здаецца тое, што пацыент можа расстраляць народ. Хаця ў рэальнасьці ня толькі можа, але і хоча, каб адпомсьціць, і рыхтуецца да таго. Калі тое пачнецца, то спыніць генацыд зможа толькі ліквідацыя вар'ята. А гэта дрэнны варыянт, бо павінна абавязваць права і суд над злачыннай зьявай нянавісььці да народа.

Супрацьстаяць маскоўскім планам ня проста з прычыны страты за гады рэжыму беларускага нацыянальна-дэмакратычнага палітычнага класу. Рэшта яго цяпер у турме, у падпольлі, альбо выгнана за межы краіны.

Адсутнічаюць беларускія нацыянальна-дэмакратычныя сродкі масавай інфармацыі. Тыя фармальна беларускія СМІ, што яшчэ засталіся ў Беларусі (і якія, практычна, падтрымліваюць газпрам-крамлёўскі праект) рэжым ліквідуе поўнасьцю (канфармізм ім не дапаможа). СМІ за мяжой існуюць па-за нацыянальна-адраджэнскай палітыкай Беларусі і таксама прапагандуюць газпрам-крамлёўскую групрўку апазыцыі рэжыму.

Гэтым найперш тлумачыцца пашырэньне чужой рыторыкі і прапаганды нацыянальна забойчай пэрспэктывы.

У нацыі парушаны імунітэт супраць варожага і чужога. Сімвалам такога стану, амаль метафарай, мог бы стаць факт абыманьня і цалаваньня бандытаў спэцназу жанчынамі пратэсту (калі толькі гэта ні была варожая задумка і не адмысловае апаганьваньне Народнага руху).

А тым часам усё рабілася адкрыта: і Бабарыка, і ягоная сакратарка, і Ціханоўская, і ўся група, і ўсе невядомыя людзі, што павыскоквалі, як чэрці з табакеркі ў "каардынацыйную раду", -- усе яны ад пачатку адзінадушна і рытарычна сьведчылі сваю накіраванасьць пад Маскву і адмаўлялі базавыя каштоўнасьці беларускай нацыі, яе гісторыі і барацьбы за незалежнасьць.

Ёсьць тэставыя прыкметы для варожых і чужых. Калі людзі ахайваюць і не прызнаюць барацьбу і гістарычны подзьвіг Беларускага Народнага Фронта "Адраджэньне" ў перамозе над камунізмам, у дасягненьні незалежнасьці Беларусі, у стварэньні заканадаўчых асноў незалежнай беларускай дзяржавы, калі такія людзі не прызнаюць гэтыя заканадаўчыя асновы і ўсю гісторыю ахвярнага змаганьня беларусаў, пачынаючы ад стварэньня БНР, калі ўрэшце яны не прызнаюць законнай Канстытуцыі 1994 года, дзяржаўнай Беларускай мовы і дэманстратыўна не карыстаюцца ёй, -- гэта ёсьць суб'екты, варожыя Беларусі.

Апазыцыя супраць Лукашэнкі, створаная з такіх людзей пры дапамозе Масквы, такая ж чужая для Беларусі, як і лукашысцкі рэжым. Яна мосьціць дарогу Маскве. Зь ёй трэба змагацца гэтак жа, як і з рэжымам.

Не забывайма, што пазбаўленьне ад Лукашэнкі гэта яшчэ не канец рэжыму, але пачатак падзей, якія (калі імі не апанаваць) могуць стацца фатальнымі для Беларусі. Туды, у постлукашызм, павінна быць заранёў накіравана беларуская думка, дзейнасьць і сіла. Інакш -- параза. Інакш беларусаў скарыстаюць для расчысткі дарогі Маскве (чым і займаюцца групоўкі газпрам-крамлёўскіх "невераятных").

Шмат каму ў Беларусі трэба хутчэй абуджацца і абараняць беларускія асновы нацыі, дзяржавы, волі і незалежнасьці нашай краіны. Стварайма суполкі "Вольнай Беларусі". Будзьма гатовыя да мабілізацыі і сур'ёзнай барацьбы з ворагамі нацыі і свабоды нашай Айчыны.

25 чэрвень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК