АБ РЫТОРЫЦЫ АЛЬБО ЛЁГКАЕ ГУМАРЫСТЫЧНАЕ ЧЫТАНЬНЕ

Падзеі, якія ўплываюць на лёс Эўропы, -- гэта акупацыя Беларусі расейскім войскам, напад Расеі на Украіну, і ўкраінскі гераічны супраціў. Веданьне пра падзеі дае канкрэтная інфармацыя. Адначасна інфармацыйнае поле затлумлена прапагандай, фальшыўкамі, суб'ектыўнай рыторыкай і маргінальнымі разважаньнямі. У прынцыпе, усё гэта можна ня слухаць і не чытаць. Але яно, як патоп, -- даганяе само.

З расейскай будкі можна пачуць, што беларусы адмаўляюцца ад незалежнасьці і хочуць у Расею, што "белорусский язык" "придумали подонки" и "уголовники" і што гэта -- "диалект русской фени", а ўкраінскай мовы ўвогуле не існуе (і народу такога няма), бо суржык на якім размаўляюць бэндэраўцы, прыдумалі аўстрыйцы. А вось расейцы маюць лішнюю храмасому і ёсьць асаблівым імпэрскім глыбінным народам, які пакліканы панаваць над сьветам.

Нядаўна я выпадкова натрапіў на разважаньні ўкраінскіх "інтэлектуалаў" (прытым некаторыя -- з асяроддзя прэзыдэнта). Людзі начытаныя, адукаваныя, пра палітыку размаўляюць. Толькі нават для вельмі адукаваных небясьпечная тэма гэтая палітыка. І чуем тут той жа інфантыльны маргіналізм, прытым гэтыя дарослыя дзядзькі яшчэ і маскалям даюць фору.

Карацей, будучыня Украіны -- у імпэрыі. Украінская імпэрыя павінна быць ад Чорнага да Белага мора (уключаючы Беларусь, Польшчу і Прыбалтыку). Усе пяройдуць на ўкраінскую мову. Праўда, у Санкт-Пецярбургу могуць быць праблемы. Але моўная праблема будзе вырашана ў выніку высокага разьвіцьця інтэлекту ў новай Украіне. Тады ўсе захочуць прытуліцца да высокага ўкраінскага разьвіцьця і загавораць па-украінску, нават амэрыканцы. (Ня верыце -- вось спасылка, у каго цярпеньне будзе: https://www.youtube.com/watch?v=cyu4uPgJHZQ)

Добра яшчэ, што тая Эўропа і дэмзахад пакуль што ня надта разумеюць па-украінску, а то паслухалі б "інтэлектуалаў", спалохаліся б і спынілі б усю дапамогу Украіне -- і канец "імпэрыі".

Ізноў жа, халера, нашыя беларускія інтэлектуалы тут пралятаюць, як фанера: то ў турмах сядзяць, то санкцыяў просяць, то Сьвету валтузяць.

Ну, скажыце ж хто-небудзь на ўсю веліч, каб сьвет здрыгануўся, што беларуская імпэрыя будзе ад Варшавы да Уладзівастока, а хто супраць, -- адбярэм тэлефоны, і ўсе "пагибнуць"! Але ж маўчаць, каб іх...

31 ліпень 2022 г. Вядзьмак Лысагорскі