СУТНАСЬЦЬ РАСЕЙСКАЙ АГРЭСІІ

Ёсьць праўда, якую павінен ведаць кожны беларус і кожны ўкраінец. Вайна, якую вядзе Расея ўжо некалькі стагоддзяў супраць беларускага і ўкраінскага народаў, мае імпэрска-цывілізацыйны характар і накіраваная на вынішчэньне і ліквідацыю беларускага і ўкраінскага народаў.

Дактрына ліквідацыі пачалася з сярэдзіны 17-га стагоддзя і вядзецца рознымі спосабамі:
1. Захоп і падпарадкаваньне тэрыторыі;
2. Зьнішчэньне асяродкаў адукацыі;
3. Зьнішчэньне кніг, архіваў і бібліятэк;
4. Ліквідацыя Уніі, храмаў, кляштараў і ўніяцкіх рэлігійных цэнтраў;
5. Разбурэньне і перабудова гарадоў;
6. Забарона мовы;
7. Русіфікацыя;
8. Фізічнае масавае вынішчэньне маёмных пластоў насельніцтва, адміністратараў, інтэлігенцыі;
9. Засяленьне тэрыторыі чужым насельніцтвам.

На працягу гісторыі апошніх двухсот гадоў гэтая расейская палітыка ішла хвалямі, з пэўнымі паўзамі, але ніколі не спынялася.

На 2022 год маем цалкам вынішчаную Беларусь шляхам унутранай акупацыі і стварэньне антыбеларускага рэжыму ўнутранай акупацыі (А. Лукашэнкі), які падрыхтаваў увод расейскіх войскаў на тэрыторыі краіны і масавыя рэпрэсіі беларусаў.

Расейская пэрспэктыва для акупаванай Беларусі такая: ліквідацыя незалежнай дзяржавы, поўная русіфікацыя, вынішчэньне ўсіх патэнцыйна самастойных людзей, масавы вываз насельніцтва ў Сібір, выкарыстаньне тэрыторыі ў якасьці ваеннага плацдарму і агрэсіі супраць вольных краінаў, рабаваньне прыродных, эканамічных і сацыяльных рэсурсаў, засьведчаньне сьмерці і неіснаваньне беларускай нацыі ў сьвеце.

Ваенная агрэсія супраць Украіны прадугледжвала такі ж расьцягнуты ў часе сцэнар ліквідацыі ўкраінцаў. Але план забуксаваў у сувязі з нечакана для маскалёў моцным супрацівам украінцаў, няўдачай рускага наступу на Кіеў і правалам намеру імгненнай перамогі (бліц-крыгу). Антычалавечыя, людабойчыя, зьвярыныя планы і мэтады Масквы сталі бачныя ўсім, былі вывернутыя навідавок, і цяпер вайна ўкраінцаў з Масквой — гэта ёсьць вайна за фізічнае існаваньне народа на сваёй украінскай зямлі. Вайна супраць Масквы стала для ўкраінцаў больш чым айчыннай вайной.

Шлях да ацаленьня беларусаў — гэта таксама вайна супраць Масквы на баку Украіны. Тут — генэральны шлях. Усе, хто здольныя, усе — на дапамогу ўкраінцам. Усе, хто хоча выжыць цэлым народам, — усе на барацьбу з маскалём!

Рыхтуйма нашых добраахвотнікаў, жаўнераў, афіцэраў, нашыя вайсковыя аддзелы і фармаваньні. Сьмерць рускаму фашызму! Сьмерць расейскім акупантам!

Жыве Беларусь! Слава Украіне!

23 ліпень 2022 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

(Ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту “Вольная Беларусь”)