ДА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ 34-Й СУСТРЭЧЫ БЕЛАРУСАЎ ПАЎНОЧНАЙ АМЭРЫКІ

Дарагія землякі, паважаныя беларусы Амэрыкі і Канады, паважаныя госьці, спадарыні і спадары, вітаю Вас на 34-й Сустрэчы беларусаў тут, у горадзе Саўт-Рывэры, у разбудову якога шмат працы ўклалі беларускія эмігранты мінулых часоў.

Гэта вельмі добрая традыцыя, калі беларусы амэрыканскага замежжа зьбіраюцца разам. Тым больш гэта важна цяпер, у вельмі цяжкі для Беларусі час, калі маскоўскі вораг збройна акупаваў Беларусь і напаў на Украіну, калі ўнутраныя і зьнешнія акупанты разбурылі беларускую грамадзянскую супольнасьць, беларускія арганізацыі і беларускія асяродкі, калі ворагі ў асобах міліцыі і КГБ кідаюцца на вуліцах на гук Беларускай мовы, хапаюць беларусаў, б'юць, цягнуць у суд і кідаюць за краты. Дзясяткі тысячаў беларусаў цяпер у турмах акупацыйнага рэжыму. Зь іх больш за паўтары тысячы — палітычныя вязьні, зь якіх адмыслова зьдзекваюцца і катуюць за Беларусь.

Цяпер для беларусаў няма больш важнага пытаньня, як задача барацьбы з акупантамі, падрыхтоўка беларускага партызанскага руху і падтрымка Украіны. Вайна расстаўляе прыярытэты. Беларусам, здольным да барацьбы, трэба ўступаць у беларускія вайсковыя аддзелы, што ваююць у шэрагах украінскай арміі супраць рашысцкіх агрэсараў. Расейскі фашызм павінен быць разгромлены на Украіне і выгнаны зь Беларусі, разам з лукашысцкімі здраднікамі і забойцамі народа.

Цяпер, у час сьмяртэльнай небясьпекі для Беларускай нацыі, наш лёзунг павінен гучэць так, як гучэў некалі ў час народнага змаганьня з маскоўскімі ворагамі чалавецтва: “БЕЛАРУСЬ ПЕРАД УСІМ!” Усё для Беларусі! Усё дзеля яе вызваленьня з-пад маскоўскай акупацыі, з-пад цемры прамаскоўскага рэжыму!

Стварайма паўсюдна суполкі Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларсь”. Падтрымлівайма вызвольную палітыку Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту! Шануйма нашу сьвятую Беларускую мову, якая мусіць гучэць паўсюль, дзе ёсьць беларусы. Беларуская мова ёсьць наша найвялікшая ідэйная, культурная і сацыяльная зброя супраць расейскага фашызму і расейскіх ворагаў чалавецтва.

Не змарнуйма гэты час. Усё — на алтар нацыі, яе волі, свабоды і перамогі, бо кожны — можа.

Няхай жыве вольная, сьветлая Беларусь! Няхай жыве вольная Украіна і вольная Польшча! Няхай жыве час, калі мы прамаўляем разам: Слава Айчыне!

3 всерасень 2022 г.

Зянон ПАЗЬНЯК