ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ЧАСОПІС АДРАДЖЭНЬНЯ

Часопісам “Беларускія Ведамасьці” я цяпер карыстаюся як энцыкляпэдыяй беларускага палітычнага змаганьня канца 20-га і пачатку 21 стагоддзяў. Адчуваю, што чым далей аддаляецца час, тым больш узрастае для мяне інфармацыйная роля гэтага выданьня.

Успамінаю, што калісьці гадоў 10 таму, Вітаўт Кіпель неяк сказаў у сваім выступе, што “Беларускія Ведамасьці” — гэта цяпер адзіны адраджэнскі часопіс, і роля яго ў гісторыі будзе толькі ўзрастаць.

Мінуў час — і сапраўды пагаджаюся з гэтай высновай і пачынаю думаць аб зьберажэньні таго, што ёсьць. У Сеціве “Беларускія Ведамасьці” існуюць толькі напалову — №№ 31–68 — (“Беларуская Салідарнасьць” — http://www.bielarus.net/archives/category/bielaruskija-viedamasci/). У бібліятэках цалкам яго няма нідзе. Асобныя гадавікі і экзэмпляры ёсьць у бібліятэцы ў Лодзі і ў Варшаве, часткова (найбольш) — у Публічнай бібліятэцы ў Нью-Ёрку і, магчыма, нешта ў Вільні.

У Беларусі ўсё зьнікла. Папоўніць Сеціва маглі б энтузіясты (што пры цяперашнім часе малаверагодна).

З 1996 па 2013 выйшла 70 нумароў. Рабілі і выдавалі яго ў Варшаве (на зьбіраныя сродкі беларусаў Амэрыкі) Зянон Пазьняк і Галіна Палачаніна (пра падтрымцы карэспандэнтаў БНФ). Асноўная прычына спыненьня выданьня — немагчымасьць дастаўкі ў Беларусь. (Рэжым арганізаваў вельмі жорсткія меры, замовілі нямецкую тэхніку для кантролю над мяжой, пачаліся суды над людзьмі за правоз літаратуры, мае выданьні былі аб'яўлены “экстрэмісцкімі”, “тэрарыстычнымі” і г. д.)

Нядаўна я зрабіў кніжную аправу гадавікоў часопіса. Праміне час — і ён стане памятным чыньнікам цяжкога і ганебнага часу ў нашай гісторыі.

НА ЗДЫМКУ: разварот адчынены на тытульнай вокладцы часопіса № 5 за 1997 год. Фота — фрагмэнт з дэманстрацыі БНФ у Менску ў 1997 годзе. Пасьля лістападаўскага дзяржаўнага перавароту Лукашэнкі ў 1996 г., зьдзейсненага пры непасрэднай дапамозе кіраўніцтва Расеі, паграза расейскага захопу Беларусі (інтэграцыі) стала рэальнай палітыкай Масквы. Барацьбу супраць маскоўска-нямецкіх планаў анэксіі пад Расею і акупацыі Беларусі ўзначальваў Народны Фронт. Тыя падзеі зь беларускага гледзішча адлюстраваны ў часопісе “Адраджэньня”.