ХАРАКТЭРНЫ ПРЫКЛАД

2-га кастрычніка з ініцыятывы Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту адбыўся Вальны Сойм беларускіх суполак Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларусь”, які аб'ядноўвае беларусаў некалькіх краін і працягвае разьвівацца.

Створаныя неабходныя ворганы Руху, аформленая структура, прыняты Статут і Палітычныя Прынцыпы. Працягваецца рэальная справа па дапамозе беларускім ваярам, што ваююць разам з украінцамі супраць расейскіх агрэсараў.

У аснове Руху вядомыя беларускія палітыкі і нацыянальна-дэмакратычныя дзеячы, што эмігравалі за мяжу з-пад рэпрэсіяў акупацыйнага рэжыму.

Існуе масава абмеркаваная, публічна апробаваная Праграма разьвіцьця будучай Вольнай Беларусі. Прыняты шэраг практычных дакумантаў. Шмат што выкладзена ў інфармацыйную прастору Інтэрнэта. Усё робіцца. Ёсьць рухаўскія старонкі і відэа. Беларусы далучаюцца.

Словам, я тут не паведамляю нічога новага, пра ўсё сказана. Але ёсьць адзін вельмі сімптаматычны нюанс, належны для разуменьня сітуацыі, у якіх умовах разьвіваецца сапраўды дэмакратычнае змаганьне за вызваленьне Беларусі.

Мінуў тыдзень пасьля Вальнага Сойму Руху і пры дастатква шырокай рухаўскай інфармацыі ні адзін ворган (акрамя Белсату, які ўзяў у мяне інтэрв'ю), ні адзін “ворганчык” так званых “беларускіх” так званых “дэмсмі” не абмовіўся нідзе ні адным словам аб гэтай істотнай падзеі ў беларускай палітыцы (хоць гэтая падзея сядзела ў іх проста на носе).

Вельмі наглядна. Лепшага прыкладу для характарыстыкі гэтых “дэмсмі” не прыдумаеш.

Зразумела, што задача стварэньня беларускіх незалежных дэмакратычных сродкаў масавай інфармацыі, без прафанатараў і без агентуры, вельмі важная, яна стаіць даўно і за вырашэньне гэтай задачы беларусам трэба брацца, чаго б тое не каштавала.

9 кастрычнік 2022 г.

Зянон Пазьняк