НАТАТКА

На пачатку жніўня нешта ўзбудзіліся імітатары і кантора. На беларускі асяродак “невераятных” у Варшаве пад дзікай назвай “Хаб” (слова не беларускае) адбыўся напад. Група ўзломшчыкаў, сярод якіх пазналі вядомага Сяргея Чыслава (псеўданім “Бульба”) і яшчэ некалькі асобаў, выламалі замкі ў памяшканьні пад адрасам пляц Канстытуцыі, 6 і паставілі свае замкі. Зьявілася паліцыя. Аказалася, што таемна была зроблена замена кіраўніцтва арэнды гэтага памяшканьня і пры гэтым, як сцьвярджае сапраўднае кіраўніцтва, падрабілі подпіс кіраўніка. Гаспадаром памяшканьня, значыцца, зьбіраецца стаць спадар Чыслаў (Бульба).

Прычыны “рэйдэра” пакрытыя таямніцай. Які сэнс у гэтым для нападнікаў? Пакуль што невядома. Для маладзёвага Збору вынік праглядаецца толькі такі: Збору там ня будзе. Прынамсі ў бліжэйшым часе.

У гэтыя ж дні так званыя “дэмсмі” распаўсюдзілі інфармацыю пра “грандыёзную падзею”, якую прадставілі як “гістарычны паварот” (так і напісалі). “Паварот” заключаўся ў тым, што спадары Латушка, Франак, яшчэ нехта з гэтай групы і Сьвятлана Ціханоўская, якая камунікавала па “Зуму”, захацелі спаткацца з кіраўніцтвам палка імя Каліноўскага. Спаткаліся. Пагаварылі. Кіраўніцтва палка ў чарговы раз паведаміла ім, што лічыць групу зь Вільні правальным праектам і не зьбіраецыца яе ў нечым падтрымліваць,

Тым часам спадарства Франак, Латушка і Ціханоўская па “Зуму” атрымалі магчымасьць зрабіць сумесныя фоткі і пусьціць у “дэмсмі” інфармацыю пра “вялікую падзею” і “гістарычны паварот”, а палітыкі Эўразьвязу, што за гэтым стаяць, — атрымалі пачуцьцё задавальненьня, што “беларуская дэмакратыя” (якую яны фінансуюць) дзейнічае заадно з палком Каліноўскага і трымае ўсё на кантролі.

Такі ёсьць выдуманы быт імітатараў, пачынаючы з 2000-га года, калі пасьля расколу БНФ яны пад кіраўніцтвам немцаў і КГБ утварылі псэўдаапазыцыю ў Беларусі. Мэтадалёгія акасьцянела. Зьмяняюць толькі лялек.

4 жнівень 2023.
З.П.