АБ ДАПАМОЗЕ БЕЛАРУСАМ ЗА МЯЖОЙ, ЯКІХ АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ ЛУКАШЭНКІ ПАЗБАВІЎ КОНСУЛЬСКАГА СПРЫЯНЬНЯ

Адмаўленьне беларусам ў консульскай дапамозе за мяжой, блакіроўка іхных банкаўскіх рахункаў у Беларусі, пазбаўленьне магчымасьцяў распараджэньня маёмасьцю — усё гэта засьведчыла акт гібрыднай вайны акупацыйнага рэжыму супраць беларускага народа. Рэжым Лукашэнкі разглядае беларусаў як ворагаў ягонай улады, мэтадычна зьнішчае і перасьледуе беларускіх людзей.

Каля мільёна беларусаў, што выехалі за мяжу, апынуліся ў цяжкім праўным і сацыяльным стане. Фактычна, рэжым пазбавіў іх грамадзянства краіны.

Беларусам цяпер масава патрэбная праўная дапамога, каб яны маглі нармальна сацыяльна існаваць у краінах, дзе апынуліся.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларусь” у асобах Зянона Пазьняка і Паўла Усава зьвярнуліся да кіраўніцтва Польшчы (спадара Прэзыдэнта Анджэя Дуды, спадара Прэм'ера Матэуша Маравецкага і спадарыні Маршалак Сэйму Альжбэты Вітэк) з просьбай аб праўнай дапамозе беларусам у Польшчы.

Абгрунтаваўшы неабходнасьць і магчымасьці дапамогі, складальнікі ліста прапанавалі кіраўнікам улады Рэспублікі Польшчы разглядзець акт стварэньня адмысловага польскага дзяржаўнага пашпарту для чужаземцаў, які запэўніў бы грамадзянам Беларусі, што выехалі зь Беларусі ў Польшчу, роўныя грамадзянскія правы з грамадзянамі Рэспублікі Польшчы, акрамя права галасаваць, выбіраць і быць выбранымі.

Адзначана, што такі крок “даў бы магчымасьць беларускім эмігрантам і ўцекачам сацыяльна існаваць у Польшчы з карысьцю для Польскай дзяржавы і грамадзтва. Гэта стала б сьведчаньнем гістарычнай салідарнасьці палякаў і беларусаў, якое не забываецца, спрыяла б сумеснай дэмакратычнай будучыні і агульнаму супрацоўніцтву нашых эўрапейскіх народаў”.

Ліст адасланы 18 верасьня гэтага году. Мы спадзяемся на станоўчае вырашэньне пытаньня.

Мы мяркуем, што ўсім беларусам за мяжой варта зьвяртацца з такой прапановай да кіраўніцтва ўлады тых краінаў, дзе беларусы ёсьць.

27 верасень 2023 г.
Зянон ПАЗЬНЯК