КАНФЭРЭНЦЫЯ

29 лістапада ў Кіеве адбылася канфэрэнцыя беларускіх апазыцыйных да рэжыму Лукашэнкі арганізацыяў і палітыкаў “Шлях да волі”, арганізаваная прадстаўнікамі палка імя Кастуся Каліноўскага. Ставілася задача знайсьці шырокую падтрымку ў барацьбе за волю і незалежнасьць Беларусі ў змаганьні супраць прамаскоўскай дыктатуры і расейскага акупанта. Такая падтрымка фармальна была засьведчана. Упершыню сабраліся людзі і блізкія, і далёкія ад нацыянальных інтарэсаў, каб абмяняцца думкамі перад небясьпекай зьнішчэньня Беларускай дзяржавы і нацыі.

На канфэрэнцыю прыехалі прадстаўнікі ад бальшыні палітычных груповак, актывісты і прыхільнікі свабоды Беларусі.

Нацыянальна-Вызвольны Рух “Вольная Беларусь” падпісаў выніковыя дэклярацыйныя дакуманты і падтрымаў пазыцыю палка Каліноўскага. Прадстаўнікі НВР “Вольнай Беларусі” ўдзельнічалі ў рабочай групе па падрыхтоўцы рэзалюцыяў канфэрэнцыі.

Станоўчы вынік канфэрэнцыі “Шлях да волі” відавочны, бо засьведчана агульная занепакоенасьць лёсам Бацькаўшчыны. Але зразумела, што ва ўмовах вайны і агентурнага асяроддзя, немагчыма было пазьбегнуць ілжывай інфармацыі і перакрутаў. Так яно і сталася.

Першае, што было запушчана, гэта тое, што быццам бы НВР “Вольная Беларусь” не падпісала дакумантаў канфэрэнцыі (ў падрыхтоўцы якіх, паўтаруся, сама ўдзельнічала). Гэтая “качка”, аднак, — на пяць хвілін. Магчыма, яна была зьвязана з маімі заўвагамі па тэксту дакуманта “Стратэгія вызваленьня”. Гэты тэкст ня быў прапанаваны для прыняцьця на канфэрэнцыі як выніковы дакумант і прадугледжваў магчымасьць для дыскусіі і заўваг.

Але, відаць, нашае беларускае разуменьне палітычнай дыскусіі істотна розьніцца ад кіеўскага (пра сутнасьць яго тут не ўдакладняю). Некаторыя нашыя ўкраінскія сябры потым нават казалі ў Сеціве пра свай нейкі “асадак”, які ў іх застаўся. Адзін сябра нават паведаміў, што, маўляў, усе маўчалі з-за павагі да выступоўца (гэта значыць, да мяне). Нічога сабе “рэзюмэ”.

Прытым, што тыя, што быццам бы “маўчалі з-за павагі”, у канцы знайшлі прычыны не падпісываць выніковыя дакуманты (маецца на ўвазе А. Лябедзька, А. Ягораў і іншыя).

Ня буду засяроджвацца на паводзінах гэтых асобаў, але адзначу адну дэталь, якая, праўда, ня мае адносінаў да канфэрэнцыі.

Агент “Раймон” (ён жа Лябедзька) чамусьці заявіў прысутным на канфэрэнцыі, што ён ёсьць Дэпутат Незалежнасьці. Ілжа і нахабства тут “невераятныя”.

Дэпутатамі Незалежнасьці зьяўляюцца 27 дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ-га скліканьня, якія вызначылі і асэнсавалі ідэю незалежнасьці Беларусі, пасьлядоўна змагаліся за яе супраць камуністаў і дасягнулі аб'яўленьня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь 25 Жніўня 1991 года. Гэта знакавыя ганаровыя гістарычныя асобы ў беларускай гісторыі змаганьня за незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Агента Лябедзькі там няма і не магло быць, бо ён якраз быў супраць незалежніцкай ідэі БНФ, уваходзіў у групу прамаскоўскай змовы Лукашэнкі, агітаваў за гэтую змову і за Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, ведаючы, што Лукашэнка ёсьць ненавісьнік Беларушчыны, што ён за аднаўленьне СССР. А. Лябэдзька ўдзельнічаў потым у лукашысцкіх структурах улады, агітаваў за далучэньне Беларусі да Расеі, пакуль яго ні накіравалі працаваць у “апазыцыю” (у агентуры КГБ “Раймон” з 1989 года). Ён ня мае ніякага фактычнага, палітычнага і маральнага права называць сябе Дэпутатам Незалежнасьці. Тут фікцыя і хлусьня.

(Аб Дэпутатах Незалежнасьці напісана адмысловая кніга. Гл. Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык. “Дэпутаты Незалежнасьці”. Нью-Ёрк — Варшава — 2010 г., с. 217–269.)

Заканчваючы пра канфэрэнцыю, скажу, што супраца Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларусь” з палком імя Кастуся Каліноўскага будзе працягвацца. Мяркую, што кола прыхільнікаў палка і працаўнікоў на ніве вызваленьня Беларусі будзе пашырацца.

Трэба ўлічыць, што беларускія дабраахвотнікі змагаюцца ня толькі ў палку Каліноўскага, але і ў іншых частках Узброеных Сілаў Украіны. Пэрспэктыва стварэньня Беларускага Вызвольнага Войска ёсьць. Цяпер жа, акрамя клопату самаарганізацыі і кансалідацыі, беларусам трэба ўсімі сіламі дапамагаць таксама ўкраінскай арміі ў барацьбе з расейскім акупантам. Мы павінны быць разам з Украінай змагацца за яе перамогу, разумеючы, што ад гэтага залежыць і нашая Беларуская Воля.

Жыве Беларусь!

Слава Украіне!

1 сьнежань 2023 г.
Зянон ПАЗЬНЯК

https://bns-volnayabelarus.org/post/pazniak-kanferencyja