НАРВЭЖСКАЯ ГАЗЭТА “AFTONBLADET”.

4 сьнежня 2007 г. Нарвэжская газэта “Aftonbladet” піша пра стварэньне новага тэлефільма на гістарычную тэму. Нямецкія кінематаграфісты здымаюць сэрыял, прысьвечаны найвялікшай у гісторыі катастрофе на моры. 30 студзеня 1945 года савецкая падлодка тарпэдавала і патапіла вялікі нямецкі карабель “Вільгельм Густлаў” у Балтыйскім моры. Загінула больш за 9 тысячаў чалавек, у асноўным мірныя ўцекачы. Карабель выйшаў з порта Гданьск курсам на Нямеччыну. Карабель быў пабудаваны ў 1938 г. і названы імем гітлерскага нацыста, якога забіў у Швайцарыі малады габрэй у 1936 г. Перад вайной “Вільгельм Густлаў” служыў забаўляльна-прагулачным сродкам для нацыстоўскай арганізацыі “Kraft durch Freude” (“Сіла праз радасьць”). На караблі забаўляліся і адпачывалі пасьля напружанай фашыстоўскай дзейнасьці дзеячы гітлерскага рэжыму. Падчас вайны карабель выкарыстоўваўся як санітарнае судна.

Наш камэнтар: На пачатку 1945 г. нямецкае насельніцтва ратавалася на караблях з Усходняй Прусіі і паўночнай Польшчы ў фатэрлянд, баючыся помсты мільёнаў людзей, якія ішлі са зброяй у руках з Усходу. Скончылася фашыстоўская “сіла і радасьць”, валіўся “тысячагадовы райх”. Карабель з немцамі выйшаў з таго самага Гданьска, дзе ў 1939 г. напярэдадні вайны нямецкія насельнікі аплёўвалі польскіх жыхароў і вывешвалі над крамамі і рэстаранамі шыльды “Сабакам і палякам уваход забаронены”. Зло, якое тварылі ў Эўропе мільёны немцаў, брутальна вярнулася і абрынулася на нямецкі народ. Думаеш пра гэта, калі апошнімі днямі перад вачыма стракаціць адрэжысіраваная крамлёўская эйфарыя с іхным фюрэрам, парадамі, транспарантамі на фоне раўнадушнасьці насельніцтва (якое не заўважае фашызацыі сваёй жа краіны).

Валеры Буйвал