ЛАЎРЫ МАЎЗОЛА

Калі Аляксандр Македонскі (з прыжыцьцёвым дыягназам “эпілепсія і хвароба душы”) адчуў набліжэньне сьмерці, ён сеў пісаць спадчынную. Адным з галоўных запаветаў валадара быў загад пахаваць ягоныя парэшткі ў 100 месцах усіх правінцыяў яго неабсяжнай імпэрыі. Запавет выканаць не пасьпелі, таму што адразу пасьля згону тырана пачалася барацьба паміж военачальнікамі-дыядохамі. Як сабакі, яны рвалі на кавалкі тэрыторыі і народы, забыўшыся пра труп свайго гаспадара...

Славацкі дасьледчык Войцэх Замароўскі згадвае фараона-рэкардсмэна, які пабудаваў не адну, а ажно 13 пірамідаў у стражытнастаханаўскім імпэце самазамілаваньня. Гісторыя дае нам нізку прыкладаў мэгалітычнага шаленства, якое час ад часу ўспыхвае на прасторах зямлі. Можна нават прасачыць пэрыяды будаўнічага збачэнства, калі мільёны людзей, часам цэлыя этнасы працавалі, задавальняючы вычварныя прыхамаці нездаровых асобаў. Вялікі кітайскі мур (яго будавалі на працягу тысячы гадоў), як вядома, не выканаў сваёй функцыянальнай задачы, намады ня раз прарываліся і грамілі кітайскую цывілізацыю. Вінтападобны мінарэт каірскай мячэці Ібн Тулуна быў пабудаваны дойлідамі, якія пасьля візыту да хворага на трасцу каліфа паслухмяна ўвасобілі ягоныя дрыготкія “рэкамэндацыі” у сваім праекце.

Расейска-бальшавіцкая імпэрыя вядомая ўпартым “наватарствам” у розных галінах дзейнасьці. Савецкая імпэрыя зьнішчыла найбольшую ў гісторыі колькасьць людзей, культур і народаў, захапіла найбольшыя абшары зямлі і мора, стварыла “новую супольнасьць людзей” і “новага чалавека” (які, праўда, узяў ды сьпіўся). Асобная глава — гэта артэфакт пад назвай “шматнацыянальнае савецкае мастацтва”. Там быў і сацыялістычны рэалізм, і чырвоная дорыка сталінізму, якая рэзка перайшла ў хрушчобны стыль (дасьціпная багема назвала гэтую зьяву “пераходам ад позьняга рэпрэсансу да раньняга рэабілітансу”). Калі (функцыянальна бессэнсоўныя) піраміды, муры і мінарэты ўсё ж пакінулі сьлед у гісторыі мастацтва як праявы самарэалізацыі творцаў і народаў, калі ад македонскіх заваёваў засталіся Александрыя і арыгінальная плынь элінізму ў культуры, то саўдэпія доўга яшчэ будзе ўражваць сваім дзікім экзатызмам і антыгуманнай духоўнасьцю, сваёй антыкультурай і дапатопным сатанізмам.

Калі па замове Крамля архітэктар Шчуко крэсьліў мадэль надмагільля для муміі Леніна, то шукаў натхненьня не ў класічнай Грэцыі або рэвалюцыйнай Францыі. Усходне-дэспатычныя штучкі былі значна больш роднаснымі бальшавіцкаму густу і сэнтымэнту. У агульных рысах ленінскі маўзалей проста паўтарае грабніцу галікарнаскага сатрапа Маўзола (ІV ст. да н.э.). Наогул, ленінцы “узялі лепшае” ад шэрагу тыранічных эпохаў. За егіпецкай муміфікацыяй настала чарга рымскага тыражаваньня. Археолагі са зьдзіўленьнем знаходзілі ў Іспаніі, Брытаніі і Сірыі скульптурныя выявы рымскіх імпэратараў, якія кіравалі лічаныя месяцы перш чым іх скідвалі легіёны. Аказваецца, па ўсёй імпэрыі працавалі дзесяткі скульптурных майстроўняў, якія прадукавалі па канвэеры галовы паноўнікаў. Вельмі апэратыўна гэтыя галовы прыстаўлялі да атлетычных торсаў, якія ўзвышаліся ва ўсіх правінцыях, не падлягалі замене і служылі шэрагу антычных “каліфаў на гадзіну”. Ленініяна (таксама як і сталініяна) заслугоўвае на адмысловае псіхіятрычнае дасьледваньне — такіх маштабаў ня ведалі егіпцяне з рымлянамі. Фігура і галава лысага чалавека з мангольскімі вочкамі апанталі жыцьцё савецкіх грамадзянаў ад калыскі да апошняга ўздыху, навязьліва распаўсюдзіліся па ўсім сьвеце, касманаўты завезьлі гэтыя выявы ў сусьветную прастору. У канцы 30-х гадоў на конкурсе ў Маскве перамог праект гіганцкага палацу саветаў. Крэмль падлягаў амаль поўнаму зьнішчэньню. На яго месцы павінны былі пабудаваць пралетарскі палац на 300 тысячаў гледачоў, па яго сцэне падчас спэктакляў маглі езьдзіць танкі. На даху палаца была запраектавана статуя Леніна ў 400 мэтраў вышыні. Унутры яе прадугледжваліся ліфты, а ва ўказальным пальцы па-правадырску ўзьнятай рукі меркавалася разьмясьціць музей “крамлёўскі кабінэт Леніна”. Ага, такое й Хеопсу ня сьнілася! Аж нехта з генэральнага штабу падказаў Сталіну, што скульптура можа быць харошым арыенцірам пры магчымым артабстрэле сталіцы. Жудасны праект ня быў рэалізаваны. Але роднасныя яму праекцікі, як аскелкі вядзьмарскага люстра, рассыпаліся па ўсёй саўдэпіі, паўсталі тысячы тысячаў бальшавіцкіх ідалаў. Цывілізаваныя народы імгненна пазбавіліся ад іх пасьля набыцьця незалежнасьці і развалу савецкай імпэрыі ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў. А ў Расеі, на Украіне і ў Беларусі дагэтуль стаяць сатанінскія знакі, пад якімі немагчымае шчасьце і дабрабыт для хрысьціянскага народу. Часта можна пачуць ад задураных ахвяраў прамаскоўскай прапаганды: “Но ведь это же наша история..!”

Вычварныя будыніны, разбуральныя для прыроды плаціны, каналы на касьцях мільёнаў вязьняў — гэта, здаецца, мінуўшчына маскоўскай імпэрыі. НКВД перакваліфікоўваецца (мяркуем, перш за ўсё таму, што бракуе грошай на супэрпраекты). Палкоўніка Пуціна нядаўна прымалі ў Рыме. Гэты мастацтвазнаўца ў цывільным прывёз туды “Мадону Літа” пэндзля Леанарда да Вінчы. Усе вохкалі: які эстэт, а яшчэ й каратэ ведае... Забыліся, праўда, згадаць, што палатно ў свой час маскоўцы вывезьлі з палацу Паськевіча ў Гомлі. Адной з відавых рысаў ельцынізму-пуцінізму зьяўляецца таксама кэгэбоўскае “праваслаўе” (як са шпаргалкі, садранае з царскай мадэлі “самодержавие, православие, народность”). Афіцэры ў сутанах і без сутанаў прафэсійна жагнаюцца, сьпяваюць многае лета, кланяюцца — цяжка глядзець на маштабную прафанацыю усходняй традыцыі Хрысьціянства.

Менскі сатрап са сваёй шклоўскай камарыльяй імкнецца не спазьніцца паўтараць усе кічавыя выбрыкі сваіх крамлёўскіх гаспадароў. Але вядома, што правінцыйная копія заўсёды нясе ў сябе непаўторны характар аўтара-капііста. Яны пачалі са “сьветламузыкі”. Фасады ў цэнтры Менску заблішчэлі ад моцных ліхтароў. У суседнія, счарнелыя ад цемры вуліцы цяпер страшна зайсьці без пісталета. Потым узяліся за разбурэньне асфальту (зноў жа ў цэнтры сталіцы і некалькіх абласных гарадах). Узьніклі гранітна-мармуровыя комплексы з ліхтарамі, плітачнымі маставымі, парапэтамі, прафілямі, шарамі. Чырвоная дорыка з калгасным прысмакам трыюмфуе, пад сурдзінку марнуюцца і раскрадаюцца мільёны дзяржаўных грошай. У той жа час замежныя госьці шчыра кажуць: “У вас дзьве краіны — Менск і ўсё астатнее”. За сталічным фасадам рэжым хавае жудасны краявід нашай краіны: руіны помнікаў мінуўшчыны, разьбітыя дарогі, абшарпаныя будынкі, шпіталі, у якіх можна вывучаць гісторыю сярэднявечнай мэдыцыны. Мільёны людзей пакутуюць у атручаных Чарнобылем раёнах. А сатрап загадвае будаваць лядовыя палацы, у якіх толькі асьвятленьне каштуе астранамічныя лічбы, і якімі могуць пакарыстацца ўсяго некалькі тысячаў чалавек. Летась падкінулі новы фараонскі лёзунг — “прэзыдэнт любіць чытаць!” Разьвесілі паўсюль рэклямкі з чарцёжыкам нейкага НЛА (вядома, што распрацаванага праекта не было яшчэ на пачатку 2003 г.) і заклікам усенародна будаваць “национальную библиотеку”. Беларусам адразу стала ясна, што шматпавярховую будыніну (калі яе наагул скончаць) зьбіраюцца запоўніць расейскай макулатурай. Гэта ясна на фоне разгрому беларускіх часопісаў, тэатраў, школаў і ліцэяў. Па ўсёй краіне бібліятэкары працуюць за жменю медзякоў, бібліятэчныя будынкі і кніжныя фонды знаходзяцца ў катастрафічным стане. Але на ўскраіне сталіцы, каля маскоўскай шашы расьце бессэнсоўны помнік антыадукацыі, на каторы спосабам дзяржаўнага рэкету адабралі грошы ў кожнага (!) грамадзяніна краіны.

Улетку сёлета антыбеларускі рэжым выдаў яшчэ адзін агульнадзяржаўны загад — будуем сваю касьмічную ракету, мы ім пакажам маць Кузьмы! Не пасьпелі, аднак, выбраць, на якой плянэце будуць уздымаць лукашысцкі сьцяг, як нядаўна ў кастрычніку абнародвалі вавілонскі пражэкт. Тэлевежа мясцовага тэлебачаньня (якое брыдка глядзець) павінна ўзьняцца на 420-430 мэтраў. Галоўны прараб краіны не забыўся строга падкрэсьліць, каб тэлегігант быў вышэй за ўсіх, але хаця б на 10 мэтраў ніжэй за астанкінскую тэлевежу ў Маскве...

Шызафрэнічнае спаборніцтва распасьціраецца ў прасторы і часе. Адносна нядаўна правадыр усіх румынаў Чаўшэску граміў сярэднявечныя кляштары, старыя кварталы, зьнішчаў цэлыя вёскі, каб на вачах жабрацкага насельніцтва рэалізаваць свае дракулаўскія архітэктурныя фантазіі. Як памятаем, бухарэсцкі прараб кепска скончыў. Давялося ўцякаць з краіны Хонэкэру, бальшавіцкаму барду бэрлінскага мура. Партрэты Мао на плошчы Цяняньмэнь прыйшлося ратаваць ад абуджанай моладзі з дапамогай кулямётаў і танкаў.

Шклоўскі ідал па законах жанру кінажахаў навязьліва лезе ў жыцьцё кожнага паасобку і ўсёй краіны. Ён хацеў бы пакінуць пасьля сябе помнікі сваёй пачварнай эпохі. Ён хацеў бы, каб уся Беларусь стала ягоным маўзалеем, а ягоная ўсюдыпрысутнасьць працягнулася б пасьля яго фізычнага фіналу. Аднак, гісторыя вучыць, што экспэрымэнты над народам працягваюцца роўна столькі, колькі народ церпіць экспэрымэнты над сабой. Цярпеньне рана ці позна канчаецца.

Nil inultum remanebit

Нішто не застанецца беспакараным