ПРЭС-РЭЛІЗ ТРАВЕНЬ 2006 Г.

Чырвоная рэстаўрацыя крочыць “семимильными шагами” па расейскай імпэрыі. “Красный первомай” у чарговы раз разгарнуўся ад Камчаткі да Калініграду фашыстоўскімі шэсьцямі бальшавіцкіх маразматыкаў і маладзейшых настальгікаў. Без акуляраў бачна, што арганізаваныя, агрэсіўныя натоўпы імпэрцаў пад чырвонымі сьцягамі — гэта ёсьць найбольш поўны аўтапартрэт гэбізма-пуцінізма. Аднаўленьне імпэрыі ў савецкіх межах ёсьць толькі першым этапам гэтай формы дзяржаўнай шызафрэніі. Беларусы заўважылі зьяўленьне ў будынках і на іканастасах РПЦ стылізаваны пад візантыйскую манеру партрэт апошняга расейскага цара Мікалая ІІ (Міколкі Крывавага, як называў яго народ у тагачаснай расейскай імпэрыі). Лубянцы даўно ўзялі на ідэялягічнае ўзбраеньне вобраз “святого царя-мученіка” (які забіў і закатаваў мноства людзей, а таксама любіў тэарэтызаваць на гэтую тэму). Эклектычная фарматворчасьць у стылі царызму-ленінізму-сталінізму дае ідэялягічную базу дзеля аднаўленьня расейскай імпэрыі ў раманаўскіх межах. Народы павінны быць гатовы даць адлуп расейскім агрэсарам.

У першыя травеньскія дні прэзыдэнт Юшчанка заявіў аб курсе Украіны на ўступленьне ў НАТО і эўраструктуры і неабходнасьці выходзіць з бессэнсоўнага СНД. Пра тое ж зрабіў афіцыйныя заявы прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі. Масква адразу мабілізавала сваю агентуру ў гэтых краінах. Адна за адной усходнія вобласьці пачалі ў сваіх губэрнатарствах галасаваць “за русскій язык — регіональный язык області” (такога статуса мовы няма ў Канстытуцыі Украіны). А ў акупаванай маскоўцамі грузінскай правінцыі Абхазіі вылез на трыбуну мясцовы прамаскоўскі псэўдапрэзыдэнт Багапш. Марыянэтка, якую за нітачкі тузаюць з Крамля-Лубянкі, пачала варушыць ручкамі і загаварыла: “Абхазія будзе ўваходзіць у СНД. Гэта дазволіць нам яшчэ больш наблізіцца да Расеі”. Куды яшчэ больш?! Павінны былі б падумаць абхазкія патрыёты аб тым, што такая “блізость” давядзе да абвяшчэньня “русского языка регіональным языком абхазов”, а потым да поўнай ліквідацыі нацыянальнай мовы, культуры і растварэньня нацыі ў імпэрскім катле.

4 траўня камісар Эўразьвязу па энэргетыцы Андрыс Піебалтс гасьцяваў у сталіцы Казахстану Астане. Там ён выступіў у падтрымку праекту Транскаспійскага газаправоду на Заходнюю Эўропу ў абыход Расеі. Мяркуецца пабудаваць газаправод, па якому казахскі і туркмэнскі газ ішоў бы (без маскоўскай істэрыкі і шантажу) праз Каспійскае мора, а потым праз Азэрбайджан, Грузію і Турцыю на Захад. Народы дастаткова наглядзеліся на выбрыкі і наслухаліся пагрозаў Крамля “перакрыць кісларод”. Яны пачалі дзейнічаць адэкватна. Зімовая “газавая вайна” супраць Украіны і ўсёй Эўропы шмат чаму навучыла нават эўракамісараў. Не хвалююцца толькі немцы, як заўсёды ўпэўненыя ў сваёй рацыянальнасьці і здольнасьці выкарыстаць усіх, нават маскоўцаў. Сапраўды, нічаму іх не навучыла гісторыя, ані найноўшая, ані даўнейшая. На новы лад загучаў хіт сталінскай эпохі: “Сталин и Мао слушают нас... Дружба навеки!” Пад тую ж бравурную мэлёдыю аб'яднаны хор лубянскай і бундэстагаўскай мастацкай самадзейнасьці выводзіць: “Путин и Меркель слушают нас”. Бэрлінскія канцэртмайстары не ўспамінаюць, чым абярнулася гэтая “дружба” таму ж Кітаю.

5 траўня ў расейскім войску адбыўся чарговы крос-забег. Гэтым разам быў пабіты рэкорд калі ня хуткасьці, то колькасьці ўдзельнікаў. З тэрыторыі будаўнічага батальёну аднаго з палкоў ва Ульянаўску разьбегліся ў розныя бакі ажно 50 малодшых чыноў. На наступны дзень 30 зь іх злавілі, за астатнімі пакуль ганяюцца. Начальства клянецца журналістам, што там былі толькі “стараслужачыя”, якія нешта не падзялілі з афіцэрамі. І дадае, што ўсе ўцекачы маюць судзімасьці. Вось дажылі, “дзяды” пачалі разьбягацца з гэтага войска. Беларусам старэйшых пакаленьняў памятныя гэтыя “стройбаты” маскоўскага войска: крымінальшчына, бруд, хамства, зьнішчэньне асобы, праца насуперак усім нормам бясьпекі. Трэба прыкласьці ўсе нацыянальныя сілы, каб наша моладзь не апынулася зноў у гэтым расейскім кашмары.

6 траўня ў маскоўскім раёне Хімкі знайшлі павешанага дыплямата. Гэта — Ларан Далае, аташэ амбасады Францыі ў Маскве. СМІ і сьледства адразу заявілі, што гэта “самагубства на глебе пачуцьццяў”. Маўляў, перад самагубствам расейская пасія дыплямата атрымала “эсэмэску”, дзе ён абвясьціў ёй пра свой суіцыдальны плян. Нябожчык доўга падтрымліваў сувязь з маскоўскай паненкай, і вось як усё скончылася. Французы будуць, безумоўна, разьбірацца, што здарылася ў Маскве. Але вельмі падазрона, што француз адмыслова заехаў на ўскраіну Масквы і адшукаў там дручкі, на якіх насельніцтва выбівае пыл з дываноў, каб павесіцца на адным з дручкоў. Чаму ён не паразмаўляў з паненкай, а абмежаваўся некалькімі радкамі, пасланымі праз мабільнік? Ужо цяпер бачна, што разыграна чарговая няўклюдная акцыя ў стылі Лубянкі. Нават для дыпляматаў Масква і ў цэлым Расея даўно зьяўляецца зонай павышанай небясьпекі.

Радыё Свабода пазнаёміла нас 6 траўня з чарговай “сэнсацыяй”. На здымку пад чорным махноўскім сьцягам з белым сілуэтам “зубра” сядзяць некалькі насупоненых кіраўнікоў арганізацыі, якая нарабіла столькі пустога шуму за апошнія пяць гадоў. Яны зрабілі заяву, што сёньня “самаліквідуюцца і больш ня будуць дзейнічаць пад сваім брэндам”. Так у прынцыпе і бывае з групоўкамі, якія выступаюць пад “брэндамі”, а не пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым сьцягам. Сьмешна толькі, што ўжо раз “зубры” абвяшчалі аб “самаліквідацыі”. А было гэта адразу пасьля заканчэньня наладжаных дыктатурай прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. (праваленых псэўдаапазыцыяй з яе Домашам і Ганчарыкам). Менавіта для заблытваньня моладзі перад тымі выбарамі спэцслужбы і зьляпілі “Зубра”. Памятаем, як пачалі лапатаць па-расейску (па той жа радыё Свабодзе) нейкія ўшчэнт “істінно русскіе ребята” з камсамольскімі “задорнымі” галасамі, як яны панесьлі партрэты Домаша-Ганчарыка проста ў народ. У 2001 г. спэцслужбы перадумалі “самаліквідаваць” публіку з-пад чонага сьцяга, ўвялі ў яе кіраўніцтва правераных у “маладым фронце” Дранчука і Афнагеля і працягнулі “змаганьне”. Цяпер гэтыя “лідэры” заявілі, што будуць “улівацца ў агульны дэмакратычны рух”. Праўда, ведаем, што ёсьць такі. Днямі пра стварэньне такога “руху” пад назвай, здаецца, “За дэмакратыю” абвясьцілі дзьве адыёзныя асобы. Першая адыёзная па сваёй партпрыналежнасьці, гэта — намесьнік Калякіна з КПБ (у статуце якой напісана пра “возрожденіе СССР”). Другая — такі С. Альфэр, намесьнік Лебедько па АГП, даўно вядомы, запісны тыпаж Ахоўкі, а таксама адзін з карупцыянэраў у псэўдаапазыцыі. Менавіта Альфэр быў услаўлены нават “незалежнай” прэсай як прадавец (па 500 даляраў за штуку) даведак з пячаткамі і тэкстам пра “ахвяру рэпрэсіяў”. З такой даведкай многа ўжо жулікаватых людзей камфортна атабарылася ў якасьці “палітэмігрантаў” у заходніх краінах. Гандаль працягваецца. І настолькі пасьпяхова, што фірму будуць пашыраць, запрашаючы туды зуброўскую моладзь.

Ужо 10 траўня расейскія СМІ шумнулі ў грамадзтва “сэнсацыйнае паведамленьне” пад тытулам “Белорусская оппозиция обещает Лукашенко тотальный флэш-моб”. Трымці, дыктатура, цяпер цябе зусім затуркаюць-зашугаюць карнаваламі, хэпэнінгамі, сьвістулькамі, джынсовымі шматамі і іншымі забаўкамі. За справу бярэцца фірма “За свабоду”, нядаўна ўзбагачаная кадрамі з самазьліквідаванага “Зубра”. Кіраўнічкі псэўдаапазыцыйнай фірмы заявілі, што пераходзяць да моб-шмобаў, каб “акцыі былі ў рамках існуючых законаў РБ” і каб “пазьбегнуць прыцягненьня да судовай адказнасьці ўдзельнікаў акцыяў”. Дык тады, дарагія, трэба вам было б выйсьці да помніка Леніну пад сьцягам БССР-РБ ды крычаць да пасіненьня “Слава колхозному строю!” Усё ў рамках “закону” і мэдалі замест рэпрэсіяў. Але гэта ня ёсьць шлях правераных “байцоў рэвалюцыі” кшталту С. Альфэра з АГП, які самаабраўся на кіраўніцтва гэтага “За свабоду”. Ён і ягоныя калегі кажуць, што цяпер будуць рыхтаваць масавыя моб-флэшы з таямнічых цэнтраў, каб ніхто ня ведаў арганізатараў і пляну. Гэта, маўляў, дасьць магчымасьць пазьбегнуць рэпрэсіяў. Шаноўная моладзь, сьцеражыцеся гэтай публікі. Цяпер стукач Альфэр будзе непасрэдна распрацоўваць “таямнічыя” псэўдаакцыі, пад камандай лубянскай канторы вадзіць карагоды на тэму “сопротівленія діктатуре”. Ня верце агентуры, адвярніцеся ад гэтых пацешных і падстаўных блытальнікаў. Шлях барацьбы за вольную Беларусь не такі, нельга ісьці па ім пад кіраўніцтвам гэбоўскіх “массовіков-затейніков”. Высока ўздымайма наш Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Беларускай Салідарнасьці. Няма веры падстаўным!

Моб-флэш у Крамлі. 10 траўня адбыўся чарговы пуцінскі бэнэфіс пад назовам “ежегоднее обрашченіе презідента”. Усе чакалі чарговых палкоўніцкіх “мух і катлет”, “мочіть в сортіре” і г.д. Памыліліся аматары моцнага слоўца. Лубянец бадзёра выбег на трыбуну і роўна гадзіну выступаў перад публікай (больш за тысячу асобаў). Журналісты падлічылі дзесяткі разоў, калі аўдыторыя воплескамі перапыняла спіч начальніка. Адчуваецца, што ў Маскве паціху вяртаюцца фармальныя прыкметы чарговага “культу асобы” (як любяць маскоўскія ідэёлягі фармуляваць тыранічныя крамлёўскія рэжымы, сьпіхваючы на чарговага генсека злачынствы ўсёй сістэмы). У зале маладыя жанчыны пакуль яшчэ не гукалі “Слава верному ленинцу, руководителю ФСБ тов. Патрушеву!”, а публіка не раўла “Смерть врагам народа!” Але ўся рэжысура халуйскага ўхваленьня абяцаных “велікіх достіженій” (нават тов. Зюганаў з КПРФ ухваляў тое, чаго яшчэ няма) моцна нагадвае капэ-эсэсаўскія зьезды савецкай эпохі. Што ж так упадабалі дапушчаныя да “обрашченія” баяры? Пуцін паабяцаў, што сёлета рубель “стане канвэртуемым”. Міністар фінансаў пацьвердзіў, што так яно й будзе. Абсалютная большасьць расейскіх грамадзянаў ня мае, аднак, што засоўваць у абяцаныя “канвэрты”, жыве дзень да вечара. Потым Пуцін гарэзьліва сказаў: “Поговорім о любві...” Мелася на ўвазе дэмаграфічная праблема ў РФ (дакладней праблема выміраньня расейцаў — па 700 тысячаў штогод, як публічна прызнаў Пуцін). Прапануецца нараджаць больш дзяцей і паабяцана рэзка павялічыць выплаты за другое дзіця і г.д. А ці не прасьей было б злавіць мільёны беспрытульных дзяцей па ўсёй РФ і забясьпечыць ім нармальнае дзяцінства? Не, прапануецца, як у тым цыганскім анэкдоце: “Зачем, лучше наделаем новых...” Прысутную эліту радвалі прыгожыя лічбы ў дакладзе. А простыя грамадзяне ўжо ведаюць, што абяцанкі так і застануцца прыгожымі лічбамі. Для эфэктнага фіналу Пуцін падрыхтаваў любімую тэму. “Нікто не отменял гонкі вооруженій...” — даў ён адлуп пацыфістам. Потым паведаміў, што будуюцца новыя атамныя падлодкі, новыя ракеты, а армія пераходзіць на рэжым шырокамаштабных вучэньняў. Вось у гэтую частку дакладу мы настойліва раім паверыць і не сумнявацца. Пасьля пуцінскага выступу журналісты пабеглі браць інтэрвію у слухачоў. Акадэмікі, міністры і губэрнатары энтузіястычна нахвальвалі выступоўцу за “возврашченіе велічія Россіі”. Страшны знак. Гісторыя чалавецтва дэманструе, што калі жабрацкая, ачмурэлая ад пьянства, кіруемая злачынным кланам імпэрыя пачынае вяртаць сабе “велічіе”, то будзе бяда, калі яе не спыніць.

Працягваецца істэрычны лямант у кулуарах Крамля і ў імпэрскіх СМІ. На фашыстоўскія пагрозы “задушыць, арганізаваць эканамічную блякаду, перакрыць кісларод” грузіны адказваюць адэкватна і тэмпэрамэнтна. 9 траўня старшыня камісіі па абароне і бясьпецы парляманту Грузіі Гіві Таргамадзэ заявіў: “Расея стала сусьветным сьметнікам для міжнародных крымінальнікаў. У тым ліку для “злодзеяў у законе”, якія зьбеглі з Грузіі”. Народы ніколі не забудуцца, дзе хаваюцца здраднікі нацыянальных інтарэсаў і міжнародныя злачынцы кшталту Абашыдзэ, Слюнькова і шэрагу іншых.

Прэм'ер Брытаніі Блэр прызначыў 10 траўня новага міністра роўнасьці (ёсьць такая пасада ў Лёндане). Міністрам стала Рут Кэлі. Але супраць гэтай асобы ўзьнялася хваля пратэстаў. У прыватнасьці шумна пратэстуюць арганізацыі сэксзбачэнцаў. Ведаеце, якая іхная аргумэнтацыя? А вось якая: Рут Кэлі вядомая сваёй хрысьціянскай набожнасьцю і прыхільнасьцю да традыцыяў. Маўляў, яна будзе шкодзіць гэям. Прамінула 1700 гадоў з часоў апошніх рымскіх ганеньняў на хрысьціянаў. І вось на пачатку 21-га стагоддзя, на фоне заходняй уседазволенасьці “правоў чалавека” ў грамадзтва вяртаецца ў якасьці нормы садомскі грэх, які публічна пратэстуе супраць Хрысьціянства. Такое ня сьнілася імпэратару Канстанціну. Ён менавіта ў Брытаніі даведаўся аб абраньні на імпэратарскі трон і паехаў у Італію, дзе падпісаў у 313 г. Міланскі эдыкт, паводле якога Хрысьціянства станавілася легальным веравызнаньнем. Праз стагоддзі варварства зноў пагражае цывілізацыі.

12 траўня расейскія СМІ радасна паведамілі пра 4-ты сабор так званай “зарубежной РПЦ”, які завяршыўся ў Сан-Францыска. Біскупы з нямецкім і амэрыканскім акцэнтам выказвалі “удовлетвореніе” з нагоды “блізкого воссоедіненіе в одну церковь”. Падобна, што завяршаецца маштабная, шматхадовая апэрацыя Лубянкі-Крамля па вяртаньні белагвардзейскай РПЦ у структуры чырвонаармейскай РПЦ. Хаця няма чаму зьдзіўляцца: абедзьве структуры служаць адной і той жа вялікаімпэрскай ідэі “трэцяга Рыма, а чацьвертаму не бываць...” Бацюшкі з акцэнтам ў хуткім часе ўстануць побач з бацюшкамі ў партупэях і засьпяваюць разам “многае лета” крамлёўскаму молаху. Беларусам сапраўды трэба трымацца ад іх падалей.

Пасьля леташняй “рэвалюцыі” супраць прэзыдэнта Акаева ў Кыргызтане нічога не зьмянілася, акрамя самога Акаева, якога Масква замяніла на новага свайго стаўленіка. 12 траўня ў Кыргызтан прыляцеў генэрал Міхайлаў, глаўком ваенна-паветраных войскаў РФ. Ён завітаў на расейскую базу ў Канце і паведаміў, што ў бліжэйшым часе расейскі кантынгент у гэтай краіне будзе павялічаны ўдвая. Вось вам і “рэвалюцыя”...

Наступным па чарзе быў прамаскоўскі прэзыдэнт Іслам Карымаў. 12 траўня ён прыехаў у “століцу нашей родіны” і паказаўся на тэлеэкранах разам з Пуціным. Той паводзіў сабе, як хан Залатой Арды з князьком, што зьявіўся да яго па ярлык на княжаньне. Пуцін сядзеў, вальяжна ўсьміхаючыся і раскінуўшы ногі, нешта “вешчал”. Але галоўнай асобай тэлемізансцэны быў чорны сабака Пуціна, які пачуваўся ўпэўнена, усіх абнюхваў (добра, што не памеціў). Хаця Карымаў недэмакратычны лідэр, але яго было шкада. Ён сядзеў з каменным тварам. Зразумела было, наколькі цяжкая роля маскоўскага сатрапа. Вядома, што сабака лічыцца нячыстай жывёлінай у мусульманскіх народаў. Калі прававерны перад намазам дакрануўся да сабакі, то рытуал і малітву трэба пачынаць нанова і г.д. Што, ня ведаў пра гэта тов. Пуцін? Ніхто з татарскіх генэралаў не падказаў яму, што нельга выпускаць сабаку перад прэзыдэнтам па імені Іслам? Усё ведаў крамлёўскі гном. Ён забаўляўся, удаваў хана, не баючыся абразіць узбэцкі народ. Ён лічыць, што згаданы народ у яго ў кішэні разам з ягоным залежным прэзыдэнтам. Высновы ў гэтым выпадку трэба рабіць узбэцкаму народу, так сама як і астатнім народам, якім Крэмль-Лубянка накідвае на шыю пятлю залежнасьці.

15 траўня Крэмль абвясьціў вайну злачыннасьці. На экранах зьявіўся блакітны мундзір генпракурора РФ Усцінава і выдаў, што “ва ўсіх рэгіёнах Расеі дзейнічаюць арганізаваныя крымінальныя банды, карупцыя і крымінальшчына апанавала ўсе ўзроўні палітычнага і гаспадарчага жыцьця краіны”, нават што “ёсьць нацыянальная пагроза ад злачыннасьці”, а раней “барацьба вялася на паперы”. Цікава, на працягу толькі постсавецкага пэрыяду (з 1991 г.) згаданыя Усцінавым правілы расейскага жыцьця дзейнічаюць, як адладжаны мэханізм. Увесь сьвет ужо ацаніў “прелесті” расейскай мафіі, якая зраслася з дзяржмафіяй. І вось раптам пра гэта пачаў рабіць заявы генпракурор. У той жа дзень начальнік ФСБ Патрушаў заявіў пра стварэньне рэгіянальных антытэрарыстычных штабоў па ўсёй імпэрыі. Гісторыя паказвае, што калі злачынная сістэма пачынае арганізоўваць змаганьне супраць злачыннасьці, то трэба чакаць бяды. Так ужо было ў злачынных рэйхах Сталіна і Гітлера. Рэйху зноў патрэбныя масавыя чысткі, пад выглядам барацьбы са злачыннасьцю дзяржмафія будзе душыць усё жывое, усе парэшткі дэмакратычнага фасаду РФ. Рэйх ня можа існаваць без зьнішчэньня ворагаў — унутраных і зьнешніх.

17 траўня ў Маскве 20-гадовы “нігде неработаюшчій” падышоў да алкагольнага шапіка і запатрабаваў бясплатнай выпіўкі. Калі прадавец адмовіў яму, то “простой русскій парень” абліў чалавека і ягоны шапік бэнзінам і падпаліў. Пацярпелы знаходзіцца ў шпіталі. А тым часам Расея (ачмурэлая ад пьянства) працягвае змаганьне супраць малдаўскаіх і грузінскіх вінаў. Малдова, аднак, нагадвае пьянай імпэрыі, што ўсё ж ёсьць цывілізаваныя спосабы прымусовага выцьверазьвеньня ад імпэрскага дурману. Афіцыйны Кішынёў заявіў, што калі РФ ня спыніць антымалдаўскай віннай кампаніі, то Малдова вымушана будзе заблякаваць уступленьне Расеі ў Міжнародную гандлёвую арганізацыю. Так што трэба ў Крамлі зьбіраць параскіданыя ў гістэрыцы вінныя пляшкі і лячыцца ад посталкагольнага сіндрому, каб дапусьцілі ў прыстойную кампанію.

Як вядома, пасьля прэзыдэнта-патрыёта Аўшава ўладу ў Інгушэціі захапіў лубянскі клан генэрала гэбэ Зязікава. Лубянец парасстаўляў па ўсіх структурах сваякоў і цяпер кум-брат-сват-кантора хватка падпарадкоўвае інгушскі народ волі Крамля. Аднак, народ увесь час супраціўляецца. І сам Зязікаў, і ягоныя сваякі-начальнікі перасоўваюцца па (нібыта роднай) зямлі ў браневіках, сьпяць у бронекамізэльках, трымаюць семьі на спэцдачах у Падмаскоўі. У іх рэгулярна лятуць гранаты і кулямётныя чэргі, толькі пасьпявай прыгінацца і ўцякаць — нялёгкае юдава існаваньне. 17 траўня магутны фугас раскурочыў браніраваны аўтамабіль нам. начальніка мясцовага МУС Кастоева разам з пасажырам. А толькі заўчора тов. Патрушаў рапартаваў у Маскве, што “на Кавказе всё под контролем, мы все тайнікі раскрылі...”

Арміі балтыйскіх рэспублікаў адразу пасьля абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці ў 1991 г. апрануліся ва ўніформы паводле эўрапейскага ўзору, выкінуўшы на сьметнік расейска-савецкую кірзу і парцянкі. Зразумела, што ўсе статуты, каманды і наагул моўнае жыцьцё ва ўзброеных сілах прыбалтаў адбываецца выключна на летувіскай, латышскай і эстонскай мовах (пры тым, што ёсьць вялікае запатрабаваньне на замежныя мовы ў сувязі з удзелам у НАТО). На Беларусі мы назіраем крыўднае капіраваньне ўсіх дурных расейскіх формаў і звычак. Тыя ж картузы-патэльні ў нашых афіцэраў, кірза, парцянкі і сярмяжная шынэлка ў жаўнераў. Усё робіцца дзеля таго, каб сваімі зьнешнімі формамі беларуская армія была часткай маскоўскай арміі. Беларушчына ад самага пачатку груба выцесьнена з нашай нацыянальнай арміі. З кожным годам расейскія чужакі-гастралёры ўсё больш бяруць пад сваю каманду нашы ўзброеныя сілы. Перад беларускімі афіцэрамі стаіць выбар: або падпарадкавацца гэтаму правілу выжываньня (растаптаць у сабе беларуса), або ісьці з войска прэч. Пэўны час нашы вайскоўцы карысталіся, аднак, беларускамоўнымі знакамі-нашыўкамі. І вось антыбеларускі рэжым па камандзе сваіх крамлёўскіх паханоў пачаў зьнішчаць і гэтыя парэшткавыя прыкметы нацыянальнай прыналежнасьці ўзброеных сілаў. Пачалі, як заўсёды, з карніцкіх аддзелаў. Ужо гадоў пяць як нашыўкі з абрэвіятурай “АМАП” заменены на маскоўскае — “ОМОН”. А сёлета па нашых гарадах пачалі шпацыраваць афіцэры і курсанты з нашыўкамі “Внутренние войска”. Больш ніякой згадкі пра служэньне Беларусі альбо РБ у гэтых “внутренніх” няма. Хаця цяпер усё гэта выглядае значна больш адэкватна: жандармы-грамілы, якія зьяўляюцца апірышчам антынароднага рэжыму і служаць справе маскоўскай імпэрыі, атрымалі ўрэшце адпаведную назву. Усё яно так. Толькі чаму няма ў гэтых “внутренніх” хваляваньня наконт свайго ўласнага лёсу? Вось ім замянілі шэўроны і бляшкі, а трошкі пазьней запросяць “падзарабіць” на Каўказе. Можа ім і будзе прыемна, калі іх будуць класьці ў магілы пад гімн СССР-РФ

Расейскія тэлеканалы па некалькі разоў на дзень дэманструюць сцэны, дастойныя часоў вялікай дэпрэсіі ў ЗША, якімі нас у савецкія часы столькі палохала крамлёўская прапаганда і агітацыя. Пад Масквой на бяскрайнім сьметніку скінуты кучай пляшкі з грузінскім віном. Па пляшках езьдзіць бульдэзэр і зьнішчае прадукт, створаны сонцам і рукамі грузінскіх сялянаў. Начальства сьметніка (па фізіяноміях і лексіцы — дакладная копія крамлёўскага начальства) рагоча і карцінна кідае-бье грузінскія пляшкі. Мы, як постсавецкія людзі, разумеем, аднак, што абсалютную большасьць віннай прадукцыі расейскае начальства скрала, зьнішчыўшы яе на паперы. Начальства будзе цяпер піць “віно ворага” бясплатна, не баючыся атруціцца. З упартай Украінай, якая ідзе курсам у НАТО, маскоўцы вырашылі змагацца пакуль мэтадамі “гістарычнай навукі”. 17 траўня ў расейскіх СМІ пачуліся выцьцё і ўлюлюканьне. “Гісторыкам у цывільным” не спадабалася падрыхтоўка ва ўсёй Украіне ўрачыстасьцяў, прысьвечаных памяці вялікага патрыёта і змагара супраць расейскай акупацыі Сэмэна Пэтлюры. Кіраваць хорам маскоўскіх шакалаў і гіенаў узяўся такі Фралоў, загадчык аддзела Украіны інстытута краінаў СНД у Маскве (ёсьць, аказваецца, такі). Цытуем яго: “Аранжавая” рэвалюцыя становіцца ўсё больш “карычнявай”. Калі ўкраінцы будуць так услаўляць сваіх антысаветчыкаў, то нам трэба адказаць на гэта ўстаноўкай помнікаў белым афіцэрам...” Ды пастаўце сабе хоць чорта лысага. А вызваленыя народы будуць шанаваць памяць сваіх герояў.

19 траўня ранішні рэпартаж “с просторов родіны” расейскі тэлеканал НТВ пачаў з барабаннага бою і згадкай пра дзень савецкай піянэрыі. “Дзень” гэты жывы дагэтуль. Рэпарцёры паказалі расейскую правінцыю, дзе мясцовыя бальшавікі-чэкісты сабралі малечаў, павязалі ім на шыю чырвоныя гальштукі і вадзілі па вуліцы пад чырвоным сьцягам. Выглядала ўсё гэта кур'ёзна і сьмешна. Але шкада гэтых дзяцей, якіх зноў атручваюць бальшавіцкім гашышам. У цывілізаваным сьвеце з такіх выбрыкаў, аднак, ніхто не сьмяяўся б. Калі б у якой-небудзь альпійскай вёсцы мясцовы вэтэран гестапа пачаў бы раптам зьбіраць дзяцей пад сьцягам гітлер-югенда, то насельніцтва патэлефанавала б у паліцыю і псіхіятрычную службу. “Ініцыятыву трудяшчегося” хуценька б спынілі. А вось у Расеі такая “настальгія” зьяўляецца дзяржаўнай палітыкай (акупанты ўвесь час навязваюць яе і беларусам). У вольнай Беларусі маскоўска-фашыстоўская рэстаўрацыя будзе забаронена законам, як ва ўсёй Эўропе.

Расейскія тэлеканалы пазнаёмілі нас 19 красавіка яшчэ з адным тыповым актам зьверства ў расейскай арміі. Яшчэ ў 2004 г. у вайсковай частцы ў г. Хабараўску сяржант-“дзед” Нагайцаў катаваў шэрагоўца Каблова. Малады ледзь уцёк ад ката, схаваўся ў сутарэньнях дома і прасядзеў там тры тыдні. У выніку абмаражэньняў яму потым ампутавалі ступні абедзьвюх ног. Зразумела, што малады жаўнер не спадзяваўся на паратунак у “красных командіров” (ім прызначаны вымовы і паніжэньне ў званьні). Расейская мясарэзка працягвае сваю працу.

19 траўня паводле алфавітнага парадку Расея стала старшынём камісіі рады міністраў Эўропы, фактычна кіраўніком Рады Эўропы ў Стразбурзе. Павесялеўшы міністар замежных сувязяў РФ Лаўроў залапатаў пра “рэформы гэтай міжнароднай арганізацыі, неабходнасьць дэпалітызаваць Стразбузкі суд па правах чалавека”. Няхай заходнікі будуць упэўненыя: лубянцы рэформамі ў Стразбурзе зоймуцца ўшчыльную. Але ж абсурд! Гэбоўская імпэрыя, якая кіруе міжнародным тэрарызмам па ўсім сьвеце, якая ў адкрытую заціскае нафтава-газавай удаўкай Эўропу, будзе цяпер старшыняваць у агульнаэўрапейскай структуры. Нагадаем, што нават у 1930-я гады (славутыя згодніцтвам з фашызмам і камунізмам) Ліга Нацыяў прымушала выйсьці з яе складу краіны-агрэсары (СССР, Нямеччыну, Японію). А цяпер проста з канцлягеру Чарнакозава (што ў акупаванай Чачэніі) прыедзе ў Стразбург які-небудзь прафэсійны растрэльшчык і будзе “дэпалітызаваць” суд па правах чалавека.

У той жа дзень расейская тэлевізія паказала “стваральны сюжэт” з Грознага. Чалавекі тры ў новенькіх, незапэцканых сініх камбінэзонах і адзін экскаватар ставілі тэатральную мізансцэну пасярод руінаў разбуранага расейскімі акупантамі гораду. Начальства казала ў тэлекамэру: “Мы украшаем город. Будем тут строіть дома. А пока убіраем строітельный мусор...” Разбомблены, ушчэнт спалены, растраляны, зьнішчаны, ператвораны ў руіны горад-пакутнік яны паводле маскоўскага сцэнару называюць “строітельным мусором”. Мы памятаем, што пад будаўнічым сьмеццем зазвычай не ляжаць трупы, ім не засыпана разьбітае жыцьцё тысячаў семьяў. Няхай бы ў Маскве займаліся такім “строітельным мусором”.

28 траўня адбыўся чарговы “день погранічніка”. У Маскве і па ўсёй Расеі рознага ўзросту мужчыны выходзілі на вуліцы ў зялёных картузах. Яны даволі хутка напіваліся, пачыналі біцца паміж сабой і з “непагранічнікамі”. Такое вось “боевое братство зашчітніков рубежей”. На жаль, навязаная мадэль савецкіх “праздніков” дзейнічае дагэтуль і ў Беларусі. Наша краіна і армія ня маюць ніякага дачыненьня да ленінскіх-сталінскіх дэкрэтаў пра памежнай варты, танкаў і г.д. Але антыбеларускі рэжым штучна прыплёў нашу моладзь, нашых вайскоўцаў да сваіх прыдуманых датаў і дэкрэтаў. Мэта адна — не дапусьціць магчымасьці працаваць, ствараць і сьвяткаваць самастойна, у адпаведнасьці з нацыянальнай беларускай традыцыяй. Маскоўскае пьянства, гарлапанства і мілітарызм застаюцца стылёвай прыкметай постсавецкага жыцьця.

Грузінскі народ ужо даўно зразумеў гэта і актыўна бароніцца ад маскоўскай навязьлівасьці. 28 траўня міністэрства абароны Грузіі заявіла, што ў выпадку парушэньня паветранай прасторы краіны грузінская армія будзе зьбіваць расейскія ваенныя самалёты. Даўно пара.

Наступ вядзе таксама й пятая калёна, якая актывізавалася на ўкраінскім фронце антыімпэрскага супраціву народаў. 29 траўня ў Феадосію ўвайшоў амэрыканскі карабель з грузам для Украіны — партнёра па НАТО. На пірсе сабралася некалькі сотняў мясцовых расейскіх асаднікаў-чужакоў. Яны трымалі плякат “НАТО — враг. Россия — друг”. Усем было весела, многія таньчылі пад гармонік (падобна, што былі добра разагрэтыя гарэлкай). Інцыдэнт, канешне, брыдкі. Але з другога боку, няўжо “вялікая Расея” зьбіраецца спыніць НАТО групай арганізаванай асадніцкай публікі?

У Чачэніі маскоўскія акупанты праводзяць конкурс “Міс Чачэніі”, дэманструюць пабудову шматпавярховых дамоў, “міру мір” і г.д. Сёлета ўвесну Масква заявіла нават, што вывела з Чачэніі тры тысячы вайскоўцаў. Падобна, што з “міру мір” нічога не атрымалася. Штодня партызаны забіваюць па некальку (часам па некальку дзесяткаў) аукпантаў і іхных мясцовых паслугачоў. Так што 29 траўня Масква заявіла, што плянуецца ў бліжэйшы час увесьці ў Чачэнію дадаткова пяць тысячаў штыкоў унутраных войскаў РФ. Імпэрыя працягвае злачынную вайну.

У Маскве складваецца ўжо трывалая традыцыя — забойства армянаў на транспарце. Пасьля вялікоднага забойства ў мэтро 25 траўня ў вагоне электрычкі забілі нажамі 19-гадовага Артура Сардарана. “Русскіе ребята” з голенымі галовамі і акрываўленымі нажамі крычалі: “Слава Россіі!”

У Данецку “русскіе ребята і девчата” рознага ўзросту 30 траўня крычалі прэзыдэнту Украіны Юшчанку: “Чемодан-вокзал-Амеріка!” На прэс-канфэрэнцыі ў данецкай адміністрацыі прэзыдэнт, успамінаючы гэтыя крыкі, пашкадаваў крыкуноў. Ён нагадаў таксама, што пэўным сілам выгадна штучнае выкарыстаньне расейскай мовы дзеля дэстабілізацыі Украіны. Паводле словаў прэзыдэнта, зьмяніць статус дзяржаўнай мовы ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй можна толькі ўказам прэзыдэнта альбо 2/3 парляманта. “Ня трэба так зацыклівацца на расейскай мове. Нашы дзеці павінны ўмець размаўляць на многіх мовах: ангельскай, нямецкай, французкай і г.д. Гэта сьведчыць аб культуры народу і аблягчае жыцьцё...” — заявіў Юшчанка.

30 і 31 траўня тэлеканал “Эўраньюс” штогадзіну круціў інтэрвію з тав. Мілінкевічам. “Адзіны” заехаў у сядзібу тэлеканалу, які знаходзіцца ў Ліёне (Францыя) і чамусьці наведаў менавіта расейскую рэдакцыю гэтага рупару брусэльскага лібэралізму. Слухаючы ягоныя выказваньні, мы зразумелі, чаму ён пайшоў да расейцаў. Самае цікавае прагучала ў канцы інтэрвію, у якім расейцы вельмі адмыслова сфармулявалі пытаньні. Мілінкевіч раптам паведаміў, што на сфальшаваных рэжымам выбарах “паводле ягоных (Мілінкевіча) зьвестак, адна траціна выбарцаў усёроўна прагаласавала за яго. Атрымліваецца, што дзьве траціны электарату прагаласавалі за Лукашэнку і рэжым. Адкуль гэта такая статыстыка ў нашага гаваруна?

Далей яны ўзяліся за Расею. Тлусты расеец з “Эўраньюс” спытаўся: “Вядома, што Расея запатрабавала ад Беларусі плаціць у тры разы больш за газ. Што вы на гэта?” Мілінкевіч доўга ня думаў: “Расея наш партнёр. Я ўпэўнены, што яна ня будзе так рабіць. Будзе павышаць кошты на газ у некалькі этапаў. Наагул, галоўнае для нас — сяброўскія адносіны з Расеяй. Я адмыслова пасьля свайго абраньня на агульнадэмакратычнага лідэра паехаў з першым візітам менавіта ў Маскву”.

Суседняя імпэрыя выстаўляе нашай Беларусі агрэсіўны ўльтыматум, заяўляе пра намер у бліжэйшыя месяцы завершыць інкарпарацыю-акупацыю Беларусі, а для яго “Расея — партнёр”.

Яшчэ адно самараспранальнае прызнаньне Мілінкевіча (на што мы ўвесь час зьвярталі ўвагу) прагучала ў гэтай лісьлівай “размове з русскім другом”. “Наша кааліцыя імкнулася стрымаць вулічныя пратэсты пасьля выбараў, — сказаў Мілінкевіч. — Для нас ня гэта ёсьць галоўным, а галоўнае — гэта справядлівыя выбары...” Вось ён і сам прызнаўся, галубок. Тое, што ва ўмовах дыктатуры справядлівыя выбары немагчымыя — гэта для яго ня важна. Не зьдзіўляемся, што нават радыё Свабода ніякім чынам не камэнтавала гэтае інтэрвію свайго любімчыка. Такі вось “агульнадэмакратычны” гастралёр наведаў Заходнюю Эўропу.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ