АТАМНЫ ЦЫНІК БЛІКС

2 чэрвеня 2006 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” піша пра амбасадара-атамшчыка Ганса Блікса, які зачытаў у Нью Ёрку даклад пра стан з кантролем над атамнай зброяй у сьвеце. Ён рэзка крытыкаваў ЗША за няўступлівасьць, працяг ядзерных выпрабаваньняў і г.д.

Наш камэнтар: Беларусы добра памятаюць гэтага атамнага швэда. Ён зьявіўся ў нас і на Украіне ўжо ў першыя дні пасьля Чарнобыльскай катастрофы ў 1986 г. Выглядаў вельмі вясёлым і аптымістычным. Дзяліўся сваім аптымізмам з савецкімі грамадзянамі, выступаючы ў савецкіх СМІ. А ў заходніх газэтках (беларускія патрыёты зрабілі тады пераклады некалькіх выступаў Блікса і ягоных калегаў з МАГАТЭ) Блікс тлумачыў заходнім грамадзтвам, што “атамная аварыя дае вельмі цікавыя вынікі для навукі, карысным для навукі зьяўляецца таксама пражываньне вялікіх папуляцыяў на атамных тэрыторыях у Беларусі і Украіне...” Цяпер гэты амаральны злачынец і саўдзельнік савецкага дзяржаўнага злачынства супраць нашых народаў працягвае сваю “дыпляматычную” кар'еру, атрымлівае за свае “навуковыя” паслугі шалёныя мільёны з касы міжнародных арганізацыяў і крытыкуе Штаты “за няўступлівасьць” у адносінах да таталітарных рэжымаў. У вызваленай Беларусі яшчэ разьбяруцца з гэтым Бліксам і ягонымі тытулаванымі калегамі. Пра іхныя злачынствы даведаецца ўвесь сьвет.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ