ЗАЯВА: БЕЛАРУСКАГА ДОБРААХВОТНАГА ТАВАРЫСТВА АХОВЫ ПОМНІКАЎ ГІСТОРЫІ І КУЛЬТУРЫ

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры — адзіная спецыялізаваная арганізацыя ў Беларусі, якая паслядоўна і прынцыпова адстойвае права нацыянальных помнікаў гісторыі і культуры на існаванне, выяўляе гвалт з боку дзяржаўных органаў у дачыненні заканадаўства па ахове нацыянальнай спадчыны, выкрывае непасрэдна вінаватых у знішчэнні нашага багацця.

Незалежная грамадская ініцыятыва і аўтарытарная форма кіравання на ўсіх узроўнях беларускай дзяржавы — рэчы несумяшчальныя. І, як вынік, спробы на працягу гадоў саслабіць і так кволую грамадзянскую супольнасць, звесці ў нішто патэнцыял уплывовых грамадзкіх аб'яднанняў праз прававы, эканамічны, інфармацыйны і іншы ўціск.

Так, у 2004 г., у Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры незаконна нацыяналізавалі на карысць дзяржавы будынак, які быў адроджаны ў Траецкім прадмесці за сродкі арганізацыі, як практычна і ўсе будынкі гэтага гістарычнага кварталу. І ў дзяржавы хапіла сумлення зрабіць былога інвестара арандатарам, а зараз, у выкананні чарговага прэзідэнтскага ўказу па эканамічнаму знішчэнні грамадзянскай супольнасці, з Таварыствам не працягнута дамова арэнды, і арганізацыі прапанавана 15.05.2008 г. да 15:00 пакінуць свае памяшканні.

Чым выклікана такая паспешлівасць? Толькі тым, што Менгарвыканкам, сучасны ўладальнік будынку, ды і іншыя органы ўлады наўпрост вінаватыя ў знішчэнні гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбываецца ў нашым горадзе, дзяржаве, ва ўгоду прыватным фінансавым інтарэсам, а беларускія органы правапарадку спаганяюць выкананне закону з каго заўгодна, толькі не са сваіх, не з “уладароў” гэтага жыцця.

Купка карупцыянераў як мага хутчэй хоча пазбавіцца ад рэштак грамадзкага кантролю, ад адкрытай інфармацыі пра сваю ганебную дзейнасць. Так не дадзім іх жаданням спраўдзіцца, будзем супрацьстаяць іх гвалту, хлусні, падспуднасці цвёрдасцю духа, перакананняў, мужнасцю і непахіснасню. Таварыства не збіраецца ні заўтра, ні паслязаўтра капітуляваць, мы будзем змагацца.

Прашу супрацоўнікаў усіх мас-медыя і ўвогуле неабыякавых да абароны гісторыка-культурнай спадчыны прыйсці 15.05.2008 г. у 15:00 да Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры па вул. Старажоўскай, дом 5, каб сваім удзелам у брыфінгу выказаць нам сваю падтрымку.

Старшыня Рэспубліканскай рады

Антон Астаповіч

Старшыня Менскай гарадской рады

Зміцер Каспяровіч