РАСЬЦЕ АГРЭСІЎНАСЬЦЬ ІМПЭРЫІ

26 лістапада 2008 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” публікуе артыкул пад тытулам “Крызіс аслабляе расейскую імпэрыю”. Цытуем: “Расейскія рэзэрвы, назапашаныя ў пэрыяд узбагачэньня, хутка змяншаюцца. Стаяць фабрыкі, гуты выключаюць печы, звольнены тысячы людзей. Больш за 300 тысячаў расейцаў на працягу месяцаў чакаюць выплаты заробку”. Аналітыкі выказваюцца, што яшчэ адзін год такога крызісу і нізкіх цэнаў на нафту і Расея вымушана будзе адкласьці пляны пабудовы энэргетычнай і ваеннай імпэрыі. Аднак назіральнікі пагаджаюцца таксама, што з правалам расьце таксама агрэсіўнасьць імпэрыі.

Наш камэнтар: У Эўропе 16-17 стагоддзяў людзі казалі: “Калі ў Асманскай імпэрыі няўраджай — чакай увосень нападу на Угоршчыну”. Цывілізаваныя краіны павінны пільна сачыць за працэсамі ў правальнай імпэрыі і не саступаць крамлёўскаму варварству, якое будзе ратавацца міжнародным бандытызмам.

Юрка Марозаў