ЗАМЕЖНЫ ДРУК (19–20.01.2012)

Халтурная “інфармацыя”

19 студзеня 2012 г. славацкая газэта “Pravda” апублікавала артыкул пад тытулам “Лукашэнка абяцае палітычныя рэформы”. Пасьля выбараў у парлямант ён зьбіраецца правесьці рэформы, бо “сочыць за сучаснымі трэндамі ў сучасным сьвеце”...

Наш камэнтар: І гэтую лухту на поўным сур'ёзе перадрукавалі зь менскага афіцыёза многія СМІ сьвету. Мабыць, няма больш пра што ім паведамляць зь Беларусі. Беларускія людзі ўжо даўно ня вераць гэтай псіхапатычнай “інфармацыі”.

Алесь Хадасевіч


Уляпаліся ў Эўразьвяз — уводзяць мову акупантаў

19 студзеня 2012 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала інтэрв'ю з міністрам замежных справаў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам. У яго спыталі, ці ён будзе ўдзельнічаць у рэфэрэндуме на прадмет увядзеньня расейскай мовы ў статус дзяржаўнай у Латвіі. Міністар адказаў, што будзе ўдзельнічаць і будзе галасаваць супраць расейшчыны.

Наш камэнтар: Вось якія сумныя вынікі непасьлядоўнай палітыкі латышскіх элітаў у 1991 годзе, калі краіна вярнула сабе незалежнасьць. Рыга засталася “русскім городом”, не былі выдалены з краіны многія адкрытыя ненавісьнікі ўсяго латышскага. Яны перачакалі, падсілкаваліся з рук Масквы і цяпер спрабуюць перакуліць мову карэннага народу (а потым мяркуюць перакуліць і ўсё астатняе, як акупанты зрабілі гэта ў Беларусі). Калі народ аднаўляе незалежнасьць, палітыка павінна быць пасьлядоўнай.

***

19 студзеня 2012 г. латвійская газэта “Neatkariga Rita Avize” паведаміла пра заяву Цэнтра Латышскай Мовы ў Рызе. У распаўсюджанай заяве гаворыцца: “Латышская мова таксама як і дзяржаўны сьцяг, гімн і гэрб ёсьць дзяржаўным сымвалам, і ў гэтым значэньні дзяржаўная мова выконвае адну з дзьвюх важнейшых функцый — сымвалічную моўную функцыю. Другой грунтоўнай функцыяй мовы ёсьць інструмэнтальная функцыя — што азначае: мова выкарыстоўваецца на ўсёй дзяржаўнай тэрыторыі ва ўсіх сацыёлінгвістычных ролях, гэта значыць, у дзяржаўных інстытуцыях і мясцовым самакіраваньні, узброеных сілах і паліцыі, адукацыі і культуры, сістэме сацыяльнай абслугі і іншых ролях”. На здымку ў газэце — патрыёт удымае над грамадой нацянальны сьцяг.

Наш камэнтар: На ўсю краіну прагучала грунтоўная і адэкватная заява абаронцаў роднае мовы. Настаў час латышскаму народу бараніць сваю сьвятыню ад расперазаных маскоўскіх асаднікаў. Родную мову трэба берагчы і бараніць увесь час.

Алесь Хадасевіч


Падмачылі “дэмакратаў” на грошы ласых

20 студзеня 2012 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала: “Сапраўдная спрэчка паміж Угоршчынай і міжнароднымі левымі сіламі была выклікана глыбокай і хуткай зьменай палітычнай і гаспадарчай сістэмы краіны, што моцна закранула эканамічныя і ідэалагічныя інтарэсы пэўных колаў. І гэтыя колы цяпер змагаюцца ў Брусэлі за свае грошы, — сказаў у інтэрв'ю польскаму грамадзкаму тэлебачаньню ўгорскі прэм'ер Віктар Орбан”.

Наш камэнтар: У Брусэлі эўрапубліка галёкае пра “пагрозу дэмакратыі”, пра “дыктатуру Орбана” і г. д. На самай справе йдзецца пра грошы эўралевакоў, якія яны круцілі разам з рэжымам прамаскоўскага камсамольца Дзюрчаня, рэжым якога быў скінуты ўгорскімі патрыётамі начале з В. Орбанам.

Алесь Хадасевіч


Змагаюцца за нармальнасьць

20 студзеня 2012 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла, што Ватыкан выступіў з пратэстам супраць публічнай дэманстрацыі спэктакля рэжысёра Р. Бэрталучы пад назовам “Канцэпцыя аблічча сына Божага”. Падчас спэктакля акцёры кідаюць прадметы і плююць у вялікую рэпрадукцыю твора рэнэсансавага мастака Антанэла да Мэсіна з выявай Хрыста. У Францыі каталіцкае грамадзтва ўжо пратэставала супраць блюзьнерскага спэктаклю. Цяпер яго хочуць ставіць у Мілане.

Наш камэнтар: Лібэралізм зь ягоным блюзьнерствам і нянавісьцяй да Хрыста і ўсяго сьвятога — вось вобраз сёньняшніх эўрапейскіх элітаў, якія “пры грашах” і якім “усё можна”. Толькі хрысьціянскія вернікі здольныя супрацьстаяць гэтай цёмнай навале сытых і разбэшчаных левакоў. Людзі змагаюцца з гэтай цемрай за нармальнасьць.

Алесь Хадасевіч