ПАРЛЯМАНЦКАЯ СІСТЭМА — АЛЬТЭРНАТЫВА ПРЭЗІДЭНЦКАЙ ДЫКТАТУРЫ

Кастрычніцкі Сойм 2015 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

18 кастрычніка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту, – “Аб сытуацыі ў Айчыне”. З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў Старшыні Партыі і Фронту. Псэўдавыбары прайшлі прыкладна аднолькава па ўсёй краіне. Масавы загон, падтасоўкі, “каруселі”, хлусьня і яшчэ раз хлусьня. Паглядзім, ці прызнае Захад гэты фарс за нешта легітымнае. Цяпер вакол антыбеларускага рэжыму адбываюцца дзіўныя рэчы. Можна ўжо з дакладнасьцю сказаць, што ў Менску на бальшыні ўчасткаў не зьявілася неабходная палова выбаршчыкаў. Камісіі ратавалі правал актыўнымі і нахабнымі падтасоўкамі. Але грамадзтва не ўспрымала гэты чарговы фарс як нешта сур’ёзнае, як сродак для вырашэньня праблем. Бальшыня беларусаў ужо засвоіла, што гэта пустое і рытуальна-бессэнсоўнае.

Вельмі важна прадэманстраваць нашаму народу рэальную альтэрнатыву існуючай цемры і безвыходнасьці. Мы павінны заклікаць наша грамадзтва да змаганьня за парляманцкую сістэму, пры якой у Беларусі адбываліся прагрэсіўныя працэсы. Масква навязала нам ня толькі Лукашэнку, але і “прэзыдэнцтва” – сістэму, пры якой аказалася значна лягчэй праводзіць антыбеларускія маніпуляцыі любога маштабу.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра пустыя “выбарчыя ўчасткі”, якія назіраліся паўсюль. Людзей ужо не зьдзівілі вынікі “выбараў”. Зло і падман становяцца звычайнай зьявай. Гэта разумеюць беларусы, але яны не прымаюць такі парадак як закон жыцьця.

Падаюць заробкі (у некаторых катэгорый працоўных у чатыры разы!), сем’і ня могуць дазволіць сябе самыя неабходныя рэчы. З вырабленым цынізмам дзейнічае адміністрацыя і міліцыя. У Баранавічах міліцыя напала і жорстка зьбіла невялікую групу моладзі з шалікамі, на якіх была выява Пагоні. Кіроўцаў прыватных аўтамабіляў пазбаўляюць правоў за тое, што яны абагналі машыну ДАІ на дарозе. Калі яны зьвяртаюцца ў суд, суддзя рагоча і становіцца на бок даішнікаў.

Заўважаныя новыя прыёмы вулічнай “інфармацыі” ад спэцслужбаў рэжыму. Запісныя і даўно вядомыя балбатуны раней гукалі сярод людзей: “Президент не виноват! Это его подставляют!” Цяпер яны гукаюць: “Не один Лукашенко, мы все вместе с ним виноваты!” Карэкцыя сьведчыць аб тым, што рэжыму ўсё цяжэй утрымацца ў прывычных рамках “класічнага лукашызма”. Усё прагніло, людзі адварочваюцца ад рэжымнай сістэмы.

Нацыянальнае асьветніцтва ёсьць цяпер важнай задачай нашай дзейнасьці. Асаблівую ўвагу трэба зьвяртаць на маладое пакаленьне беларусаў. Не дапусьціць, каб яно было аслаблена і дэзарыентавана дзікай русіфікацыяй. Трэба гуртавацца вакол роднай мовы і культуры. Трэба нарошчваць нашыя народныя сілы дзеля волі і перамогі. Тады выратуем дзяржаву і будучыню.

Сойм абмеркаваў арганізацыйныя пытаньні партыйнай працы.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

18 кастрычніка 2015 г.